«Не можаш ваяваць — дапамагай. Не можаш дапамагаць — не трындзі»: маладая беларуска далучылася да УСУ ў 2026 і ваюе дроншчыцай
У звычайным жыцці беларуска Ліо працавала грумеркай. Цяпер яна аператар дронаў у Беларускім добраахвотніцкім корпусе. Да таго, як пайсці на фронт, дзяўчына жыла ў Польшчы. Пра тое, што ўяўляе сабой вайна цяпер, Ліо расказала ў новым выпуску праекта «ЧеснОК-Live».

У паслужным спісе — бліндажы, склады і жмуры
На пытанне Івуліна, што ў яе «ў паслужным спісе» за пакуль яшчэ кароткі час службы, Ліо пералічвае бліндажы, склады і асабовы склад ворага. Пра іншыя задачы, кажа, расказваць нельга.
Затое пра адно месца яна гаворыць падрабязна. Яго называлі «жмуратняй» — ад слэнгавага «жмур», то-бок нябожчык. Расіяне, па яе словах, ішлі туды кожны дзень па некалькі разоў.
«Яны ішлі проста па трупах. Там проста гара трупаў. Там усё засеяна іхнімі целамі. І вось прыходзіць новая група, бачыць вакол столькі трупаў і думае: напэўна, гэта бяспечны шлях, пайду», — апісвае яна мясныя штурмы.
Дакладнай колькасці загінулых Ліо не ведае. Але кожны вылет дрона на «жмуратню», кажа яна, звычайна азначаў: будзе на аднаго «жмура» больш. Спачування да тых, хто там загінуў, у яе няма.
«Хоць у цябе быў выбар застацца дома, зрабіць там нешта лепш, пабудаваць дом, вырасціць сям'ю, зрабіць нешта карыснае. А ты абраў проста вось пайсці і ў гары гэтых трупаў стаць яшчэ плюс адзін».

Камандаваць дронамі могуць і дзяўчаты
«Калі дзяўчаты ідуць у войска, у мяне толькі адно пытанне да беларускіх мужчын: чаго чакаеце вы?»
З гэтымі словамі Ліо звярталася да беларускіх мужчын у сваім публічным відэа. У ім яна казала, што ў войска ідуць нават такія, як яна, дзяўчаты вагой 50 кілаграмаў. Цяпер яна важыць ужо 59, але сваёй думкі не змяніла.
«Проста адседжвацца, пакуль за вас нехта нешта зробіць? Мы павінны браць адказнасць самі за сябе. І кожны павінен рабіць больш у меру сваіх магчымасцей. Так, я разумею, што ваяваць павінны не ўсе. Але кожны, хто не ваюе, павінен тады неяк больш дапамагаць».
Ва Украіне, згадвае дзяўчына, яна аднойчы ўбачыла на машыне вельмі трапную, па яе словах, налепку: «Можаш ваяваць — ідзі ваюй. Не можаш ваяваць — дапамагай. Не можаш дапамагаць — не трындзі». Тым больш што армія цяпер, дадае Ліо, — гэта вельмі шырокі спектр задач.
Рашэнне ехаць на фронт, кажа Ліо, саспела не за адзін дзень.
«І што я тут раблю, калі ў мяне няма дзяцей, пра якіх трэба клапаціцца? А ў хлопцаў там у некаторых ёсць і сем'і, і блізкія. Мне вельмі хочацца, каб яны ўсе вярнуліся жывыя і здаровыя дадому, да сваіх сем'яў».

Пра Макса Каржа: а ўчынкі дзе?
Пра беларускага рэпера Макса Каржа, які спявае па-руску і на кожным канцэрце паўтарае «Спыні вайну», Ліо выказваецца рэзка. Яна лічыць, што ён «не робіць нічога добрага, карыснага, а наадварот больш дэструктыўны».
«Ён у 2020 годзе казаў: вось, відосікаў на месяцы наперад назнімалі, давайце разыходзіцца. Ну і там [гэта] «спыніце вайну». Дзе рэальная дапамога? Казаць можна шмат чаго, а глядзець трэба на тое, што чалавек робіць. Нейкіх учынкаў ад яго я не бачыла».
Заклікі да міру дзяўчына называе проста піярам: «Мы за ўсё добрае супраць усяго дрэннага, бла-бла-бла». На заўвагу Івуліна, што ніхто з беларускіх спевакоў, апрача Каржа, не збірае ў Еўропе стадыёны на 70—80 тысяч чалавек, Ліо адказвае: ну сабраліся, паскакалі — і што? Змяніць яе стаўленне, кажа яна, мог бы пераход спявака на беларускую мову і данаты, прычым не дзеля піяру, а шчырыя.
Івулін заўважае, што шмат беларусаў жывуць гэтак жа: размаўляюць па-руску, робяць выгляд, што вайны няма, і проста хочуць, каб усё хутчэй скончылася. Ліо адказвае, што не збіраецца думаць за кожнага, яна ведае, чаго хоча сама:
«Я хачу, каб так званая Расійская Федэрацыя развалілася, каб яны адчапіліся ад іншых і каб Беларусь і Украіна маглі займацца адбудовай сваіх краін, адраджэннем нацыі. І жылі добра сабе».
Сабака не выбіраў, а расіянін выбраў
Слязам, кажа Ліо, на вайне месца ёсць: яна можа плакаць і ўсё адно рабіць сваю працу. Адзін такі выпадак дзяўчына памятае дасюль. Дрон ужо ляцеў да акупанта, а да таго ў гэты момант бег сабака.
«Мне стала так сумна. Я падумала, што праз тое, што гэты сабака бег не ў іншы бок, а да ваеннай цэлі, ён, ні ў чым не вінны, таксама можа пацярпець».
Пасля, кажа Ліо, ніякіх слядоў сабакі каля акупанта не знайшлі. Калі Івулін заўважае, што ёй было шкада сабаку, а не чалавека, дзяўчына тлумачыць: сабака не выбіраў, дзе апынуцца, а расіянін свядома прыйшоў на акупаваную тэрыторыю Украіны, і выбар у яго быў, мабыць, не адзін раз.

На сваім месцы
На пытанне, ці адчувае яна сябе цяпер шчаслівай, Ліо адказвае сцвярджальна. Нядаўна, як даводзіць дзяўчына, яна ездзіла да блізкіх сяброў, і ўсе адзначылі, што яна выглядае шчаслівейшай.
«Калі я жыла ў Польшчы, у мяне ўвесь час была ўнутранае адчуванне, што я не на сваім месцы. Я не магла гэта лагічна патлумачыць. Проста цяпер у мяне такі перыяд, квэсты, якія я павінна закрыць і пайсці, каб перайсці на наступны ўзровень».
На пытанне, ці не баіцца яна, што вайна стане для яе ладам жыцця і яна назаўсёды застанецца ваяром, Ліо адказвае, што планы на вайне снаваць — «такое сабе». Але адчування, што яна будзе ваяваць усё жыццё, у яе няма.
«Я ўсё ж такі спадзяюся, што ў нейкай будучыні я стану маці, і ў мяне будзе сям'я. Але хто ведае, дзе я буду».
Надзею, кажа дзяўчына, ёй даюць людзі, а дакладней іх лепшыя бакі. Вайна, па яе словах, не прымушае расчароўвацца ў людзях: адны паказваюць на ёй свае лепшыя рысы, іншыя — горшыя.
«І тут тая самая гісторыя, як з пчоламі і мухамі. Ты абіраеш, куды табе глядзець, на што табе раўнацца і ў які бок табе рухацца. Таму што ты можаш далучыцца да людзей, якія робяць не вельмі сумленны выбар, а можаш глядзець на лепшых, браць іх сабе ў прыклад і цягнуцца за імі».
Каментары