Штодзённая кава стымулюе кішэчнік і зніжае рызыку Паркінсона. Каб даказаць гэта, правялі незвычайны эксперымент
Звычка пачынаць дзень з кубка кавы не проста ідзе на карысць страваванню, але і служыць прафілактыкай цяжкіх узроставых захворванняў. Дзякуючы новаму даследаванню высветлілася, як менавіта напой мадулюе мікрафлору і да чаго тут перыстальтыка ўнутраных органаў.

Як звярнуў увагу тэлеграм-канал «cybulinka» на даследаванне ў часопісе Gut Microbiology, у эксперыменце навукоўцаў з Капенгагенскага ўніверсітэта ўзяў удзел 61 здаровы чалавек.
Добраахвотнікаў падзялілі на дзве групы на аснове васьмідзённых дзённікаў харчавання: тых, хто спажывае каву часта (больш за тры дні з васьмі), і тых, хто п'е яе рэдка. Сярэдняе спажыванне ў першай групе склала 343 мілілітры на дзень, тады як у другой — каля 18 мілілітраў. Даследчыкі штодня аналізавалі ўзоры іх мікрабіёты, а таксама шукалі ў мачы кафеін і яго метабаліты.
Каб даведацца, што менавіта адбываецца са страўнікам пасля выпітай кавы, 50 удзельнікаў праглынулі бесправадную капсулу SmartPill. Гэтая прылада памерам 26,8 на 13 міліметраў — нестрававальны датчык. Праходзячы праз страўнікава-кішачны тракт, капсула ў рэальным часе збірае даныя пра тэмпературу, узровень pH і ціск, які адлюстроўвае скарачэнні цягліц.
Інфармацыя перадаецца праз радыёхвалі на знешні прыёмнік, замацаваны на жываце пацыента. Тэхналогія дазволіла даследчыкам дакладна фіксаваць час знаходжання капсулы ў розных аддзелах кішэчніка і фізіялагічныя змены на розных этапах стрававання.
Вынікі паказалі, што частае спажыванне кавы наўпрост звязана з большай разнастайнасцю мікраарганізмаў.
У аматараў напою навукоўцы зафіксавалі павышаную колькасць бактэрый роду Lawsonibacter і Slackia, якія здольныя перапрацоўваць карысныя рэчывы — паліфенолы.
Адначасова звесткі з капсул пацвердзілі сувязь паміж метабалітамі кафеіну і падвышаным ціскам у тоўстым кішэчніку.
Актыўныя скарачэнні мускулатуры дапамагаюць змешваць змесціва і падтрымліваць страваванне, што тлумачыць вядомы эфект кавы, які прымушае людзей ісці ў прыбіральню неўзабаве пасля кубка напою. Навукоўцы адзначаюць, што такая стымуляцыя можа служыць прафілактыкай запораў і нават зніжаць рызыку развіцця хваробы Паркінсона, для якой праблемы з перыстальтыкай з'яўляюцца адным з ранніх сімптомаў.
Пры гэтым даследчыкі ўдакладняюць, што больш актыўнае змешванне не абавязкова прыводзіць да паскарэння агульнага часу праходжання ежы праз арганізм.
Побач з чаканымі вынікамі датчыкі зафіксавалі з'яву, якая патрабуе дадатковага вывучэння. У групе людзей, якія рэгулярна пілі каву, узровень pH у тонкім кішэчніку быў значна ніжэйшым у параўнанні з тымі, хто ўжываў яе рэдка.
Навукоўцы пакуль не высветлілі дакладны механізм гэтай з'явы: невядома, ці кава наўпрост змяняе фізіялагічныя параметры і ўплывае на кіслотнасць, ці гэта вынік змяненняў у мікробным метабалізме ў адказ на рэгулярнае паступленне кафеіну.
Даследаванне даказвае, што штодзённая кава выконвае ролю не толькі стымулятара нервовай сістэмы, але і актыўнага мадулятара кішачнай мікрабіёты.
Фізіялагічныя даныя, сабраныя з дапамогай электронных капсул, пацвярджаюць здольнасць напою ўплываць на перыстальтыку, аднак поўны спектр наступстваў ад зніжэння ўзроўню pH у тонкім кішэчніку застаецца прадметам для будучых навуковых прац.
Цяпер чытаюць
Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал
Каментары