Канкурэнт Starlink страціў 40 спадарожнікаў: ракета не даляцела да арбіты
Ракета Vulcan пацярпела аварыю: збой адбыўся праз дзесяць хвілін пасля старту. Аварыя можа затрымаць не толькі запуск спадарожнікавага інтэрнэту Amazon, але і амерыканскія вайсковыя місіі. Пентагон чакаў вынікаў гэтага палёту, каб дазволіць ракеце выводзіць у космас спадарожнікі для нацыянальнай бяспекі.

Ракета Vulcan пацярпела аварыю прыкладна праз дзесяць хвілін пасля старту. Усе 40 спадарожнікаў Amazon на яе борце страчаныя. Для кампаніі United Launch Alliance гэта першая няўдалая місія за 20 гадоў працы, піша Reuters.
Ракета стартавала 15 лістапада з мыса Канаверал у Фларыдзе. Яна мусіла вывесці на арбіту спадарожнікі Amazon Leo — сеткі, якая павінна забяспечваць хуткі інтэрнэт і канкураваць са Starlink Ілана Маска.
Прычына аварыі пакуль невядомая. Распрацоўшчык ракеты United Launch Alliance (ULA) — сумесная кампанія Boeing і Lockheed Martin — пачаў расследаванне.
«Кожны палёт дае даныя, і кожны палёт нечаму нас вучыць. Паколькі збой толькі што адбыўся, у нас пакуль няма канкрэтных звестак, каб зразумець, што здарылася», — заявілі ў кампаніі.
Расследаванне можа зацягнуцца і прыпыніць запускі Vulcan на некалькі месяцаў. Гэта быў пяты палёт ракеты з моманту яе дэбюту ў 2024 годзе і першы пасля дзевяцімесячнага перапынку. Папярэднія запускі таксама суправаджаліся тэхнічнымі праблемамі, але тады грузы ўдалося даставіць на арбіту.
Для Amazon гэта чарговая затрымка ў спробе дагнаць Маска. Кампанія ўжо вывела ў космас 398 спадарожнікаў Leo, а для глабальнага пакрыцця ёй патрэбныя каля 3200. У Starlink тым часам больш за 11 тысяч спадарожнікаў і мільёны кліентаў.
Маск мае істотную перавагу: SpaceX запускае свае спадарожнікі ўласнымі ракетамі. Amazon даводзіцца купляць запускі ў іншых кампаній і залежаць ад іх графікаў і няўдач. У маі ракета New Glenn кампаніі Blue Origin выбухнула на выпрабаваннях за некалькі дзён да запланаванага запуску спадарожнікаў Leo.
Цяперашняя аварыя можа закрануць і вайсковыя планы ЗША. Пентагон чакаў вынікаў палёту з грузам Amazon, перш чым дазволіць Vulcan зноў запускаць спадарожнікі для нацыянальнай бяспекі.
Цяпер чытаюць
Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал
Каментары