У Малдове адмянілі канцэрт беларускага музыкі ДзіДзюЛі пасля зваротаў украінскіх дыпламатаў
Беларускі гітарыст меўся сыграць у Кішынёве 26 лістапада. Канцэрт Валерыя Дзідзюлі быў запланаваны ў Нацыянальным палацы імя Нікалае Сулака. Цяпер жа на сайтах продажу білетаў з’явілася паведамленне пра адмену, але без тлумачэння прычыны, піша малдаўскае выданне ZIUA.md.

У МЗС Украіны звязалі рашэнне з працай свайго пасольства ў Малдове. У паведамленні на сваёй старонцы Міністэрства замежных спраў Украіны павітала рашэнне партнёраў з Рэспублікі Малдова і заўважыла, што «Расія выкарыстоўвае культуру для прасоўвання свайго ўплыву і стварэння бачнасці вяртання да «нармальнасці».
«Расія не павінна атрымліваць міжнародныя сцэны для адбельвання сваёй рэпутацыі, пакуль яе армія забівае ўкраінцаў, разбурае гарады і знішчае культурную спадчыну Украіны», — гаворыцца ў заяве.
Украінскія дыпламаты падзякавалі малдаўскім партнёрам і назвалі адмену праявай салідарнасці з украінскім народам.
ДзіДзюЛя падтрымаў агрэсію Расіі ва Украіну і неаднаразова выступаў у акупаваным Крыме.
У студзені 2023 года Украіна ўвяла супраць яго персанальныя санкцыі на дзесяць гадоў.
У студзені 2025 года ДзіДзюЛя выступіў у Гродне на праўладным «Марафоне адзінства». Тады ён назваў Беларусь «астраўком нармальнасці, стабільнасці і мірнасці, дабра і дабрабыту».
Цяпер чытаюць
Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал
Каментары