Грамадства3636

Многія беларусы страцяць магчымасць ехаць на працу ў Літву. Вось што зменіцца з лістапада

Нават нягледзячы на сур'ёзныя скарачэнні ў выдачы новых дазволаў на жыхарства, Літва ўсё адно заставалася даволі папулярным кірункам для працы сярод беларусаў — перш за ўсё дальнабойшчыкаў. Але ўжо хутка плынь працоўных мігрантаў у гэтую краіну можа амаль цалкам спыніцца.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Як працуе цяпер?

Да 1 лістапада беларусы могуць па-ранейшаму падаваць дакументы на атрыманне літоўскага працоўнага ДНЖ наўпрост у аддзяленнях Дэпартамента міграцыі Літвы. Галоўнае патрабаванне — легальнае знаходжанне на тэрыторыі Літвы на момант падачы.

І паколькі за некаторымі рэдкімі выключэннямі Літва ўжо шмат гадоў не выдае візы грамадзянам Беларусі, то ў асноўным беларусы падаваліся на атрыманне літоўскага ДНЖ, маючы ў пашпарце дзейную нацыянальную або шэнгенскую візу іншай краіны.

Што зменіцца?

Фармальна ніякай забароны ці новых абмежаванняў на працаўладкаванне беларусаў у Літве і, адпаведна, атрыманне працоўных ДНЖ не з'явіцца, але дэ-факта рабіць гэта з 1 лістапада стане амаль немагчыма.

Усё праз тое, што па новых правілах, якія прынялі яшчэ ў маі, падаць хадайніцтва ў Дэпартамент міграцыі на атрыманне часовага ДНЖ на падставе працы або вучобы можна толькі пры наяўнасці:

  • дзейнага ДНЖ або выдадзенай Літвой нацыянальнай візы;
  • дзейнага ДНЖ іншай краіны ЕС або краіны Шэнгенскай зоны;
  • або законных падстаў для бязвізавага знаходжання.

Гэта азначае, што замежнікі, якія прыедуць у Літву з шэнгенскай візай або нацыянальнай візай іншай дзяржавы пасля 1 лістапада 2026 года, не змогуць падаць хадайніцтва аб выдачы дазволу на пражыванне ў Літве на падставе працы або навучання праз Дэпартамент міграцыі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ці ёсць альтэрнатыва?

У такіх выпадках грамадзяне замежных дзяржаў павінны будуць звярнуцца наконт выдачы дазволаў на пражыванне ў Літве ў цэнтры знешняга абслугоўвання VFS Global.

Але ў Беларусі атрымаць літоўскі ДНЖ праз VFS Global немагчыма. З 1 снежня 2024 года падаваць дакументы на атрыманне літоўскага ДНЖ за выключэннем высокакваліфікаваных спецыялістаў (Blue Card) і некаторых іншых выпадкаў, маюць права толькі грамадзяне той краіны, дзе знаходзіцца такі цэнтр.

То-бок умоўны айцішнік ці іншы высокакваліфікаваны спецыяліст з Беларусі, які адпавядае патрабаванням для атрымання літоўскага ДНЖ тыпу Blue Card, можа без візы прыляцець у Грузію ці Казахстан і там падаць дакументы на атрыманне ДНЖ (Blue Card), а звычайны дальнабойшчык ці будаўнік — не.

З улікам усіх гэтых абставін вынікае, што шэраговая працоўная міграцыя з Беларусі ў Літву неўзабаве стане фактычна немагчымай, таму можна меркаваць, што колькасць беларусаў з дзейнымі літоўскімі ДНЖ пачне скарачацца яшчэ хутчэй.

Па стане на 1 верасня 2026 года грамадзяне Беларусі мелі 47 872 дзейныя ДНЖ усіх тыпаў. З іх 33 203, ці амаль 70%, прыпадалі менавіта на працоўныя ДНЖ, выдадзеныя на падставе звычайнай працы.

Гэта ставіць грамадзян Беларусі на першае месца ў Літве па колькасці працоўных ДНЖ. Таксама беларусы працягваюць займаць першае месца ў спісе высокакваліфікаваных спецыялістаў. На 1 верасня такіх налічвалася 2 677 чалавек.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Калі браць агулам, то на першым месцы па колькасці дзейных ДНЖ у Літве ідуць украінцы — 80 312 чалавек, беларусы з 47 872 займаюць другое месца, а на трэцім ідуць расіяне з 13 272 ДНЖ у Літве.

На піку літоўскі ДНЖ (любых тыпаў) мелі 62 844 грамадзяніны Беларусі. Так, паводле афіцыйных даных ад літоўскага Дэпартамента міграцыі, было па стане на 1 красавіка 2024 года. Аднак ужо больш за два гады гэтая лічба стабільна скарачаецца. 

Каментары36

  • %
    10.09.2026
    Гэта будзе працаваць толькі ў бок беларусаў ды й маскалей. Іншыя - азіяты, украінцы і г.д. і г.д. нічога такога не адчуюць.
    Тут галоўнае усімі праўдамі ці не зачыніць магчымасьці для беларусаў і адпаведна маскалей
  • Белы шпак
    10.09.2026
    Кожны беларускі эмігрант павінен зразумець што зніжэньне колькасьці "туды-сюды" да нуля гэта гарантыя іх асабістай бясьпекі. Чым менш хатаскрайнікаў цягаецца ў краіну-канцлягер тым лепш. Будзе менш дыверсій, бо гэтая шваль цудоўна вербуецца. Мельнікава не дасьць збрахаць. А гэта цэлая "спікерка парлямэнта"! Што там казаць пра ўнтэрмэншэй якія адпрацаваўшы мусарамі паўжыцьця цяпер спакойна прыязжаюць у Польшчу/Літву па працоўным візам/ВНЖ.

    Уся лявацкая лухта пра "права на свабоднае перамяшчэньне праз межы" мусіць быць выкінута на сьметнік. Гібрыдная вайна ўжо ідзе. Людзі гінуць ад рук дыверсантаў.
  • Шпакоўня
    10.09.2026
    Белы шпак, падзяліцеся, калі ласка, статыстыкай, колькі людзей загінула ў Еўрасаюзе ад дзеяння дыверсантаў з беларускім пашпартам?

Цяпер чытаюць

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 14

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 

Усе навіны →
Усе навіны

Германія запатрабавала скараціць праект бюджэту ЕС на сотні мільярдаў еўра. З бюджэту ЕС фінансуецца і беларуская культура19

Віктар Пракапеня зарэгістраваў у Польшчы яшчэ адну кампанію6

Незвычайнае кафэ адчынілася ў Мінску. У ім трэба самому запарваць сабе «ролтан»3

У Мінску пабудуюць тры флагманскія медыцынскія цэнтры

Не толькі Geely. Якія яшчэ кітайскія аўто сталі папулярныя ў Беларусі6

Сезон у НХЛ пачнуць пяцёра беларускіх хакеістаў

Нямецкага футбаліста атруціў яго аднаклубнік. Магчыма, праз рэўнасць

Зяленскі: Расія фактычна пачала дадатковую мабілізацыю2

Амерыканскія войскі цалкам пакінулі Ірак1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 14

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць