ЗША папярэдзілі Еўропу, што праз вайну з Іранам пастаўкі ўзбраення могуць адкласці гадоў на пяць
Злучаныя Штаты папярэдзілі еўрапейскіх саюзнікаў, што пастаўкі некаторых важных відаў узбраенняў могуць затрымацца на тэрмін да пяці гадоў. Прычынай называецца скарачэнне амерыканскіх запасаў боепрыпасаў у выніку вайны з Іранам. Пра гэта агенцтву Bloomberg паведамілі некалькі амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў.

Германія папрасіла Вашынгтон паскорыць пастаўкі дальнабойных крылатых ракет Tomahawk і наземных пускавых установак Typhon. Аднак вытворца ракет — кампанія Raytheon, якая ўваходзіць у RTX Corp., — наўрад ці зможа выканаць нямецкі заказ найбліжэйшыя пяць гадоў праз недахоп ракет.
Паводле двух чыноўнікаў, з затрымкамі паставак неўзабаве пасля пачатку вайны ЗША і Ізраіля супраць Ірана сутыкнуліся таксама некаторыя ўсходнееўрапейскія краіны, якія выкарыстоўваюць амерыканскія сістэмы ўзбраення.
Недахоп амерыканскіх запасаў ускладняе і спробы Украіны атрымаць дадатковыя ракеты-перахопнікі для сістэм Patriot напярэдадні чаканай цяжкай зімы. Пытанне паставак Украіне сродкаў супрацьпаветранай абароны павінна стаць адной з асноўных тэм сустрэч у ААН у Нью-Ёрку на наступным тыдні.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што абмяркоўвае з Кіевам магчымасць перадачы «значна менш дасканалай версіі» Patriot альбо выдачы еўрапейскім краінам ліцэнзій на вытворчасць гэтых сістэм.
Паводле звестак Bloomberg, падчас вайны з Іранам ЗША выкарысталі больш за палову найбольш сучасных ракет Patriot, каля траціны запасаў Tomahawk і амаль палову высокадакладных ракет і перахопнікаў THAAD. Бюджэтнае ўпраўленне Кангрэса ЗША лічыць, што з чэрвеня 2025 года амерыканскія вайскоўцы маглі выдаткаваць да дзвюх трацін запасаў ракет-перахопнікаў.
У Пентагоне прызналі, што вялікая колькасць боепрыпасаў, выкарыстаных супраць Ірана ў першыя месяцы вайны, прывяла да дэфіцыту стратэгічных запасаў і выявіла слабыя месцы амерыканскай абароннай прамысловасці, якія перашкаджаюць хуткаму папаўненню арсеналаў.
Згодна са справаздачай, апублікаванай на гэтым тыдні, Вашынгтон цяпер стварае запасы крытычна важных кампанентаў і асобных відаў боепрыпасаў, а таксама спрабуе скараціць тэрміны іх вытворчасці.
Абаронныя кампаніі павялічваюць выпуск узбраенняў. Напрыклад, Lockheed Martin працуе над павелічэннем гадавой вытворчасці найбольш сучасных ракет PAC-3 MSE для Patriot прыкладна з 600 да 2000 адзінак.
Праблемы з пастаўкамі закранулі не толькі еўрапейскія краіны. У красавіку ЗША папярэдзілі Японію, што пастаўкі ракет Tomahawk могуць затрымацца на тэрмін да двух гадоў. Саудаўская Аравія таксама заклікала саюзнікаў, у тым ліку ЗША, аказаць ваенную дапамогу для процідзеяння нападам хусітаў у Емене. Аднак Вашынгтон пакуль не паведаміў, ці будзе даваць дадатковую падтрымку.
Пры гэтым, паводле крыніц Bloomberg, ЗША працягваюць перадаваць Украіне ўзбраенне, якое еўрапейскія саюзнікі закупілі ў рамках ініцыятыў НАТА і Еўрасаюза.
На наступным тыдні еўрапейскія лідары плануюць зноў папрасіць Трампа перадаць Кіеву больш ракет Patriot. Прадстаўнікі ЕС таксама разлічваюць атрымаць ад Вашынгтона дазвол на вытворчасць гэтых ракет у еўрапейскіх краінах з магчымасцю іх наступнай перадачы Украіне.
Вайна з Іранам прывяла да дэфіцыту боепрыпасаў у ЗША
Ва Украіне амаль скончыліся ракеты для F-16, якімі збіваюць рэактыўныя дроны
ЗША і Еўропа не спадзяюцца дамовіцца з Пуціным і рыхтуюцца да працяглай вайны
Расія пачала серыю дыверсій на зброевых заводах у Еўропе
Кіраўнікі еўрапейскіх абарончых кампаній узмацняюць сваю бяспеку праз пагрозы з боку расійскіх спецслужб
Каментары
Бо заўтра мода ня быць ні амерыканскіх ракет, ні кітайскіх самавараў.