Дальнабоя з Баранавічаў, цёзку па прозвішчы нямецкай канцлеркі, асудзілі за «падрыхтоўку да арганізацыі масавых беспарадкаў»
33‑гадовы Арцём Меркель ездзіў на фурах у Кітай і Манголію, але рэйсы абарваліся крымінальнай справай.

Арцём Меркель нарадзіўся ў 1993 годзе. Ён з Баранавічаў.
Хлопец пачынаў у будаўнічай сферы: атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю, працаваў мантажнікам вентыляваных фасадаў і займаўся апрацоўкай мармуру ды граніту. Аднак з часам беларус звязаў сваё жыццё з аўтамабільнымі грузаперавозкамі.
Пасля Меркель уладкаваўся кіроўцам-міжнароднікам у Расіі. Арцём выконваў працяглыя рэйсы па складаных усходніх маршрутах: ён рэгулярна вазіў тавары праз расійскія пункты пропуску ў Казахстан, Манголію і Кітай.
Затрымалі хлопца ў гэтым годзе. Суд Маскоўскага раёна Брэста асудзіў Арцёма Меркеля паводле часткі 1 артыкула 13 і часткі 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса — падрыхтоўка да арганізацыі масавых беспарадкаў.
Яму пагражала ад пяці да пятнаццаці гадоў калоніі. Як і пра большасць палітычных спраў, аб судзе над кіроўцам Меркелем і дакладным прысудзе нічога не вядома.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары