Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане беларускі мецэнат падарыў 15 карцін Цвіркі, Жданава і Клінава
Беларускі калекцыянер з ЗША Іосіф Левітан перадаў бібліятэцы 13 твораў класіка нацыянальнага пейзажа Віталя Цвіркі і па адной працы прадстаўнікоў беларускага мастацкага андэграўнду Аляксея Жданава і Артура Клінава.

Новая калекцыя ахоплівае некалькі важных плыняў беларускага жывапісу канца ХХ стагоддзя — ад класічнага пейзажа да поставангарду 1980-х.
Аснову збору складаюць 12 пейзажаў Віталя Цвіркі, напісаных у 1970‑я — пачатку 1980‑х гадоў, і адзін яго нацюрморт. Мастак вядомы асаблівым поглядам на беларускі краявід.

Цвірка быў народным мастаком Беларусі, рэктарам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута і старшынёй Саюза мастакоў Беларусі. Большасць яго работ захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Яшчэ два палотны прадстаўляюць новую беларускую плынь канца 1980-х.
Карціна Аляксея Жданава «Мутанты. Сям’я IV» была створаная ў 1989 годзе. Жданаў належаў да беларускага неафіцыйнага мастацтва, удзельнічаў у групах «Плюраліс», «Форма» і «Корвус Цэкус». Сваю серыю пра мутантаў ён тлумачыў як адлюстраванне грамадскай мутацыі, якая пачалася пасля рэвалюцыі 1917 года.

Артур Клінаў прадстаўлены ранняй працай «Пейзаж з трубамі», таксама напісанай у 1989 годзе. Гэта рэдкі прыклад экспрэсіянісцкага перыяду мастака, які пазней перайшоў да інсталяцый, сац-арту, фатаграфіі, літаратуры і кіно.
Абедзве карціны — Жданава і Клінава — экспанаваліся ў 1989 годзе на Першай рэспубліканскай выставе нетрадыцыйнага мастацтва «Панарама» ў закінутым доме на мінскай вуліцы Гандлёвай. Пасля іх паказвалі на выставах новага ўсходнееўрапейскага мастацтва ў Амстэрдаме.
Іншыя творы са сваёй калекцыі Іосіф Левітан перадаў музеям ЗША і арганізацыі беларускай дыяспары ў Амерыцы.
Усе 15 карцін цяпер можна ўбачыць у Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане.
Цяпер чытаюць
«Стрэльба калі і стрэліць, то наўрад ці кулямётнай чаргой». Максім Знак ацаніў рэальнасць пагроз беларускай прапаганды пазбавіць грамадзянства палітэмігрантаў
Каментары