Што такое лёгачная чума?
Лёгачная чума — гэта надзвычай сур'ёзная інфекцыя лёгкіх, якую часта называюць найбольш агрэсіўнай формай чумы.
Існуюць яшчэ два тыпы чумы: бубонная, якая паражае лімфатычныя вузлы, і сэптычная, якая паражае кроў.
Лёгачная чума можа развіцца пасля першапачатковага заражэння адным з гэтых двух тыпаў.
Сярод сімптомаў — задышка, боль у грудзях і часта адкашліванне крыві.
Яна лічыцца больш сур'ёзнай, але менш распаўсюджанай формай у параўнанні з бубоннай чумой.
Агульная колькасць выпадкаў захворвання на ўсе тры тыпы чумы штогод вагаецца, але, імаверна, складае ад 1000 да 3000 выпадкаў.
Большасць з іх прыпадае на бубонную чуму. Значная частка выпадкаў фіксуецца ў Цэнтральнай Афрыцы, аднак хвароба сустракаецца і ў іншых рэгіёнах, у тым ліку ў Расіі, Індыі, Кітаі і ЗША.
П'ера Альяра, прафесар кафедры інфекцыйных хвароб, звязаных з беднасцю, Оксфардскага ўніверсітэта, патлумачыў, што «сама чума нікуды не знікла: бактэрыя, якая яе выклікае, — Yersinia pestis — захоўваецца ў прыродных асяродках сярод жывёл у многіх кутках свету.
Гэтую бактэрыю могуць пераносіць каля 200 відаў грызуноў, а прыродныя асяродкі распаўсюджаныя ў Амерыцы, Еўразіі і Афрыцы.
Таму па-ранейшаму здараюцца адзінкавыя выпадкі захворвання сярод людзей, аднак наладжаная сістэма эпідэміялагічнага нагляду, меры па кантролі інфекцый і эфектыўнае лячэнне антыбіётыкамі з'яўляюцца важнымі інструментамі для абмежавання наступстваў гэтай хваробы».
Як яна распаўсюджваецца?
Чума — гэта інфекцыйнае захворванне, выкліканае бактэрыямі, якія звычайна сустракаюцца ў арганізме дробных сысуноў і іх блох.
Заразіцца можна праз укус інфікаванай блыхі або падчас кантакту з хворай жывёлінай.
Аднак магчымая і перадача лёгачнай чумы ад чалавека да чалавека: інфікаваныя кроплі трапляюць у паветра падчас кашлю, а затым у арганізм іншага чалавека праз дыхальныя шляхі, хоць для гэтага звычайна патрэбны даволі цесны кантакт.
Захворванне таксама можа развіцца, калі сэптычная форма чумы прагрэсуе і інфекцыя распаўсюджваецца на лёгкія.
Лічыцца, што менавіта лёгачная чума была асноўнай формай хваробы падчас так званай «Чорнай смерці» — маштабнай эпідэміі, якая забрала жыцці мільёнаў людзей у Еўропе ў XIV стагоддзі.
Доктарка Занія Стаматакі, дацэнтка кафедры віруснай імуналогіі Бірмінгемскага ўніверсітэта, адзначае, што даследчыкам важна мець магчымасць вывучаць такія хваробы, як чума.
«Я разумею, чаму думка пра наяўнасць чумы ў лабараторыі выклікае ў людзей занепакоенасць, таму варта патлумачыць, навошта праводзіцца такая праца, — сказала яна. — Чума — гэта не хвароба мінулага. Яна застаецца эндэмічнай сярод папуляцый грызуноў у Афрыцы, Азіі і Амерыцы, а выпадкі захворвання людзей здараюцца штогод, у тым ліку і ўспышкі лёгачнай формы.
Дыягностыка, распрацоўка вакцын і маніторынг устойлівасці да антыбіётыкаў — усё гэта патрабуе лабараторый, дзе захоўваюць і вывучаюць жывы ўзбуджальнік. Гэтая праца жыццёва важная для падрыхтоўкі да магчымых успышак».
Ці можна вылечыцца?
Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, лёгачная форма чумы мае вельмі кароткі інкубацыйны перыяд — часам усяго 24 гадзіны.
Эксперты папярэджваюць: калі хваробу своечасова не дыягнаставаць і не пачаць лячэнне, яна амаль заўсёды прыводзіць да смерці.
Аднак ёсць і добрая навіна: чума добра паддаецца лячэнню антыбіётыкамі, калі тэрапію пачаць на ранняй стадыі.
Доктар Малік Гібані, клінічны дацэнт у галіне бактэрыяльнай вакцыналогіі Імперскага каледжа Лондана, адзначае, што гэтая інфекцыя прызнаная сур'ёзнай пагрозай для здароўя насельніцтва.
«Лёгачная чума — гэта надзвычай цяжкая форма чумы. У некаторых падручніках адзначаецца, што без лячэння смяротнасць дасягае 100%, хоць у сучасных умовах цяжка атрымаць дакладныя статыстычныя звесткі. Хвароба паддаецца лячэнню антыбіётыкамі, асабліва калі пачаць яго своечасова.
Менавіта таму людзям, якія маглі падвергнуцца ўздзеянню з высокай рызыкай заражэння, могуць прапанаваць посткантактную прафілактыку антыбіётыкамі і/або каранцін», — таксама патлумачыў доктар.
Што да выпадку ў Расіі, дагэтуль незразумела, ці была памерлая дзяўчына інфікаваная лёгачнай формай чумы.
Расійскія ўлады апублікавалі заяву, у якой гаворыцца, што аналізы не выявілі «ніякіх мікраарганізмаў, звязаных з прафесійнай дзейнасцю пацыенткі», таму на гэтым этапе па-ранейшаму не зусім зразумела, што менавіта адбылося.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон «вельмі пільна» сочыць за гэтай сітуацыяй.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра

Каментары
[Зрэдагавана]