Новыя магістралі і мост цераз Дразды. Якой будзе дарожная сетка на поўначы Мінска
Дастаткова беглага погляду на карту Мінска, каб заўважыць пэўны дысбаланс у шчыльнасці дарожнай сеткі ў межах МКАД. Поўнач сталіцы паміж двума вадасховішчамі — Цнянскім і Драздамі — відавочна пустуе. Але сітуацыя ўжо мяняецца: забудоўваюцца кварталы «Паўночнага берага», будуюцца новыя вуліцы і рэканструююцца ўжо існуючыя. Актуальнымі планамі з Onlíner падзяліліся ў праектным інстытуце «Мінскінжпраект», а таксама ў кампаніі «Рыверсайд Дэвелапмент Лімітэд», якая выступае забудоўшчыкам «Паўночнага берага».

Арлоўская — Карастаянавай — Лангбарда — МКАД
Пачнём ад заходняга берага Цнянскага вадасховішча і кварталаў «Паўночнага берага», якія там будуюцца, і пойдзем на захад, у напрамку Драздоў, то-бок супраць гадзіннікавай стрэлкі.
У «Мінскінжпраекце» займаюцца распрацоўкай будаўнічых праектаў для інжынернай і транспартнай інфраструктуры, і цяпер можна гаварыць пра завяршальны этап планавання кварталаў аж да восьмага. Зразумела, што там, дзе вырастаюць жылыя дамы, фарміруецца сістэма новых дарожных магістраляў і транспартных сувязяў.
Сталіца развіваецца ў межах радыяльна-кальцавой схемы, якая рэалізуецца і на поўначы. І адзін з новых «прамянёў» ужо неўзабаве працягнецца ад Другога кальца да МКАД. Маршрут пройдзе па вуліцах Ліліі Карастаянавай і Іосіфа Лангбарда.
На вуліцы Ліліі Карастаянавай цяпер актыўна вядуцца будаўнічыя работы, праезную частку пашыраюць на ўчастку ад вуліцы Някрасава да вуліцы Арлоўскай з далейшым развіццём у бок вуліцы Кульман. Стаіць задача ўжо сёлета забяспечыць тут прамы праезд, як кажуць спецыялісты. У раёне скрыжавання з вуліцай Арлоўскай работы ўвязваюць з праектаваннем чацвёртай лініі метро, таму раён чакаюць вялікія змены.
Таксама вядуцца работы па пераносе дыспетчарскай станцыі «Карастаянавай» на ДС «Кульман».

У будучыні вуліцу Ліліі Карастаянавай злучаць з вуліцай Іосіфа Лангбарда, рух па асобным участку якой адкрылі яшчэ летась. Цяпер вуліца Іосіфа Лангбарда адкрытая на ўчастку ад унутранага кальца МКАД да вуліцы Паўла Масленікава. Адтуль да вуліцы Ліліі Карастаянавай — менш за два кіламетры, злучэнне павінна з'явіцца ў раёне вуліцы Някрасава.
У выніку ад Другога кальца да «Паўночнага берага» і МКАД з'явіцца новы прамы маршрут.

Дарэчы, у межах праекта ўздоўж гэтага маршруту прадугледжаная тэрыторыя для развіцця хуткаснага грамадскага транспарту. Ці будуць на лініі працаваць электробусы або, магчыма, хуткасны трамвай — пабачым. Кантактная сетка для трамвая на гэтым этапе не прадугледжвалася, але пакуль ніякія варыянты адкідаць не будзем.
Таксама ў праекце — выезд з вуліцы Іосіфа Лангбарда на знешняе кальцо МКАД. Усе, хто ехаў па кальцавой у гэтым раёне, бачылі, што дарога ўжо падведзеная, насып ёсць — засталося пабудаваць пуцеправод на знешні бок.

Арлоўская — Смаргоўскі тракт — Паліны Мядзёлкі — МКАД
Яшчэ адзін «прамень», які паводле планаў злучыць Другое транспартнае кальцо і МКАД і які можна заўважыць на праектных схемах, пройдзе праз Смаргоўскі тракт і вуліцу Паліны Мядзёлкі. Гэта будзе не такі шырокі маршрут у параўнанні з Карастаянавай — Лангбарда, але як альтэрнатыва, як дублёр ён будзе адыгрываць сваю ролю ў размеркаванні транспартных патокаў.
Зрэшты, пра перспектывы яго стварэння гаварыць пакуль рана: гэта відавочна не першачарговая задача будаўнікоў.
Вырашэнне праблемы Даўгінаўскага тракту
А вось роля Даўгінаўскага тракту ў асваенні паўночнай часткі горада, можна сказаць, вызначальная. Цяпер там працягваецца чарговы этап будаўнічых работ. Можна лічыць, што да завулка Чарвякова тракт гатовы, а вось далей, у напрамку вуліцы Арлоўскай, то-бок Другога транспартнага кальца, працы яшчэ шмат.

План сфармуляваны дакладна: Даўгінаўскі тракт — гэта шэсць палос руху на ўсёй яго працягласці. Але перашкаджае прыватная забудова. У «Мінскінжпраекце» расказалі, што ў планах — знос пасля ўрэгулявання пытання з маёмаснымі правамі грамадзян. Пры гэтым за завулкам Чарвякова асноўны маршрут зменіць напрамак, павярнуўшы фактычна на Старавіленскі тракт.


Пасля таго як прастору расчысцяць, тракт пашыраць, а старая праблема «бутэлечнага рыльца» перад выездам на Арлоўскую будзе вырашаная.

Па Нававіленскай да МКАД
Нарэшце, яшчэ адзін «прамень», які звяжа Другое кальцо і МКАД у паўночнай частцы горада, паміж Цнянскім вадасховішчам і Драздамі, — вуліца Нававіленская пасля запланаванай рэканструкцыі. Там прадугледжана будаўніцтва шасціпалоснай магістралі і транспартнай развязкі з кальцавой дарогай. Паводле наяўнай інфармацыі, праектаванне гэтага маршруту працягваецца, а пачатак будаўніцтва развязкі на МКАД запланаваны на 2027 год.

Трэцяе кальцо
З так званымі «прамянямі» разабраліся, пераходзім да кольцаў.
Працягам вуліцы Шырокай, якая вядзе ад Лагойскага тракта, павінна стаць новая Праектаваная вуліца.
— Праект ёсць, будаўніцтва будзе весціся ў дзве чаргі. Неабходна перавесці ў кабель высакавольтную лінію 110 кВ, якая цяпер пракладзеная па паветры. Паралельна будзе будавацца вуліца, — расказваюць у «Мінскінжпраекце».

Перавод у кабель — гэта, кажучы спрошчана, перамяшчэнне высакавольтнай лініі пад зямлю. Там шмат спецыфікі і сваіх абмежаванняў, але нам дастаткова разумець, што правады, якія цяпер нацягнутыя паміж апорамі ў паветры, будуць перанесеныя ў падземныя кабельныя сеткі.
Гэтая новая вуліца звяжа ўсе апісаныя вышэй маршруты, а на скрыжаваннях у трох выпадках з чатырох з'явяцца кальцавыя развязкі. Па сутнасці, гэта развіццё Трэцяга транспартнага кальца: дуга, якая вядзе фактычна ад Серабранкі, нарэшце атрымае працяг і ў перспектыве замкнецца.

— Што да Трэцяга транспартнага кальца: цяпер у працы пуцеправод на вуліцы Калеснікава, таксама прапрацоўваецца праект злучэння вуліц Чурлёніса і Ландэра, а на перадпраектнай стадыі — злучэнне Сярова са Шпілеўскага і Манюшкі з Малінава, — кажуць у інстытуце.
Дарэчы, яшчэ адзін праект — пуцеправод, які злучыць вуліцу Свіслацкую з вуліцай Сяліцкага. Гэта маршрут-дублёр Партызанскага праспекта.
Мост праз Дразды?
Вернемся на поўнач горада. Па меры таго як будуць забудоўвацца жылыя кварталы, будзе расці попыт на новыя шляхі зносін. Ужо відавочная падрыхтоўка сувязяў з МКАД і Другім кальцом, а працяг вуліцы Шырокай звяжа гэтыя раёны з паўночна-заходняй часткай горада, дасць выхад да Лагойскага тракту і вуліцы Каліноўскага.

Застаецца адно пытанне: ці будзе прамы шлях на захад, да праспекта Пераможцаў?
Ёсць план, паводле якога працяг вуліцы Шырокай — Праектаваная вуліца — працягнецца да парку Дразды і, зрабіўшы дугу, выйдзе да праспекта Пераможцаў насупраць вуліцы Вясёлкавай, якая да яго прымыкае.

Нарэшце, самы амбіцыйны праект — мост праз вадасховішча Дразды. Спецыялісты прызнаюць, што такі маршрут апраўданы, але як менавіта і калі ён можа быць рэалізаваны — пакуль загадваць не варта.

Карта мясцовасці
Падвядзём вынікі. Гэта схема класіфікацыі вулічна-дарожнай сеткі ў паўночнай частцы горада паміж Цнянскім вадасховішчам і Драздамі. Неабжытыя тэрыторыі ў перспектыве кардынальна зменяцца. І праца вядзецца ўжо цяпер.
— Асаблівых праблем няма, — адзначаюць у «Мінскінжпраекце». — Што нам, напрыклад, балота? Мы ведаем, што з ім рабіць. Ёсць спецыфіка, звязаная са зносам жылля, перакладкай велізарных водаправодаў, высакавольтных ліній, а рэльеф і грунты цяжкасцяў не выклікаюць.

— Дзе прасцей працаваць: у чыстым полі будаваць з нуля ці перарабляць тое, што было створана калісьці?
— Вядома, з нуля будаваць лягчэй. Нават калі паглядзець на план існуючых сетак на гэтым участку: на адным квадратным метры іх могуць быць дзясяткі. І ўсё гэта трэба перакладваць, у адной кабельнай трубе можа быць 10—15 кабеляў, а такіх каналаў можа быць і 24, і 48. І кожны кабель трэба ўзгадніць з эксплуатацыйнай арганізацыяй, з уладальнікам, усё перападключыць нанова.
— Зіма на носе. Гэта паўплывае на ход работ?
— Земляныя работы зімой праводзяцца, трубы і сеткі ўкладваюцца. Толькі асфальт зімой не кладуць. Зразумела, азеляненнем не займаюцца. Але апоры можна ставіць, бетанаваць таксама можна — тэхналогіі ёсць, усё адпрацавана. Увогуле, працуем, — падсумавалі спецыялісты.
Цяпер чытаюць
«Стрэльба калі і стрэліць, то наўрад ці кулямётнай чаргой». Максім Знак ацаніў рэальнасць пагроз беларускай прапаганды пазбавіць грамадзянства палітэмігрантаў
Каментары