Струменіць вада карычневага, а то і чорнага колеру.

Некалькі апошніх дзён жыхары некаторых мікрараёнаў Дзяржынска скардзяцца на пагаршэнне якасці вады.
Высветлілася, што нязручнасці звязаныя з маштабнымі тэхналагічнымі работамі, якія праводзіліся ў Дзяржынску 1 кастрычніка. У гэты дзень спецыялісты водаканала перападключылі спажыўцоў са старой цэнтральнай сеткі водаправода на новую. Работы вяліся адначасова ў пяці кропках горада.
— Пры наступным запуску абноўленай сістэмы спатрэбілася адначасова падаць больш за 2000 кубічных метраў вады. Такі значны аб'ём справакаваў узнікненне гідраўдараў — рэзкіх перападаў ціску ў трубаправодах, — патлумачыў Dzh.by галоўны інжынер Анатоль Чайкоўскі. — Гэта, у сваю чаргу, прывяло да натуральнага ўзмучвання донных адкладаў і вымывання шматгадовага асадку з памежных участкаў дзеючых сетак. Менавіта гэтыя працэсы сталі прычынай змены колеру і празрыстасці вады ў часткі абанентаў.
Па яго словах, зараз спецыялісты водаканала ўжо праводзяць тэхналагічную прамыўку закранутых участкаў водаправода. Гэтыя работы будуць праводзіцца да поўнага аднаўлення нарматыўных паказчыкаў якасці вады.
Да завяршэння прамыўкі на прадпрыемстве настойліва рэкамендуюць жыхарам выкарыстоўваць ваду для піцця толькі пасля адстойвання і кіпячэння.
Каментары