Грамадства22

«Зняволеныя кажуць яму: Схадзі пачытай на Tut.by». Як адбывае тэрмін следчы, які закрыў партал Tut.by

У канцы 2022 года быў затрыманы Дзмітрый Даліннік — на той момант начальнік упраўлення па расследаванні злачынстваў у фінансава-крэдытнай сферы цэнтральнага апарату Следчага камітэта. Менавіта гэты сілавік узначальваў следчую групу па «справе Tut.by». 

Высокапастаўленага супрацоўніка асудзілі за хабар і адправілі ў папраўчую калонію № 3 «Віцьба». «Люстэрка» даведалася падрабязнасці жыцця экс-следчага за кратамі: іншыя зняволеныя далі яму красамоўную мянушку, а сам ён разлічвае ў хуткім часе перавесціся на «хімію».

Следчыя-карупцыянеры стараліся абыходзіць бокам»

Гэтую гісторыю «Люстэрку» расказаў Андрэй (імя змененае), знаёмы з сітуацыяй. Паводле звестак Андрэя, былому сілавіку прызначылі пакаранне дзевяць гадоў пазбаўлення волі. Хоць раней крыніцы «Люстэрка» паведамлялі пра прысуд 14 гадоў пазбаўлення волі.

Далінніка ў калоніі сустрэлі непрыязна.

— Каля паловы ўсіх зняволеных у «Віцьбе» — былыя супрацоўнікі сілавых структур, — расказвае Андрэй. — Па прыездзе Даліннік адразу трапіў у атрад 5/6, дзе яго тут жа сустрэлі даволі насцярожана, ведаючы яшчэ з «прагонаў» (інфармацыйны ліст або пасланне ад аўтарытэтных зняволеных (злодзеяў у законе), якое перадаецца па турмах і змяшчае важныя рашэнні або правілы) навіны з СІЗА пра тое, што ён пастаянна хлусіць пра сябе і сваё мінулае. Пры гэтым усе разумелі, хто менавіта прымаў рашэнні па «справе Tut.by».

У асноўным да яго надзіва паставіліся негатыўна ўсе катэгорыі адразу: і звычайныя крымінальнікі, бо ведалі, што ён па бязмежаку саджаў людзей (такіх не любяць), і «актывісты» (зняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй), бо Даліннік адразу ж пачаў спрабаваць стаць для іх сваім. Палітычныя зняволеныя прадэманстравалі да яго абыякавасць і грэблівасць. Калі нехта заўважаў, што іншыя размаўляюць з ім, то агульнапрынятым было падысці да гэтага чалавека і альбо зрабіць заўвагу, альбо папярэдзіць і каротка расказаць біяграфію Далінніка.

Мужчына дадае, што вестка пра прыбыццё такога вядомага чалавека вельмі хутка разляцелася па «Віцьбе».

— Па зоне знайшлося шмат інфармацыі пра іншыя палітычныя і не толькі справы, якія вёў Даліннік, дзе рэальнай нагодай было проста жаданне розных чыноўнікаў забраць у прадпрымальнікаў грошы на ўласныя мэты або проста адабраць бізнес, — адзначае суразмоўца. — Інфармацыі настолькі шмат, і яна пацвярджалася адусюль, што нават следчыя-карупцыянеры стараліся абыходзіць Далінніка бокам. Пры гэтым у зоне адначасова знаходзіліся чацвёра яго былых падначаленых-следчых, асуджаных па «палітычных» артыкулах, якія таксама не размаўлялі з ім увогуле.

«Схадзі і пашукай адказ на Tut.by»

Андрэй кажа, што практычна адразу Дзмітрый Даліннік атрымаў мянушку, якую яму далі іншыя зняволеныя.

— У атрадзе 5/6 было шмат былых супрацоўнікаў, якія добра ведалі яго біяграфію і рэпутацыю, — прыгадвае Андрэй. — Яны былі ўпэўненыя, што з Даліннікам лепш увогуле не мець справы.

А палітычныя проста адкрыта кпілі з яго і адразу між сабой далі яму мянушку Tut.by. Пры гэтым пастаянна жартавалі пры ім пра тое, які гэта добры партал быў. Калі Даліннік пра нешта пытаў, яму маглі сказаць схадзіць і пашукаць адказ на Tut.by.

Але да лютасці яго ніхто не даводзіў: «Віцьба» — даволі інтэлігентная зона, канфлікты нікому не былі патрэбныя, за іх каралі, таму ўсё абыходзілася злоснымі падколкамі і з’едлівым сцёбам.

Экс-кіраўнік следчай групы па «справе Tut.by» Дзмітрый Даліннік на семінары для натарыусаў. Мінск, Беларусь, 6 верасня 2018 года. Фота: belnotary.by 

Паводле Андрэя, Даліннік нават спрабаваў супрацьстаяць сваёй новай рэпутацыі сярод зняволеных.

— Інфармацыю пра датычнасць да закрыцця Tut.by ён называў чуткамі, казаў, што гэта хлусня і ў той справе ён усе рашэнні прымаў па законе, хоць у асяроддзі, дзе шмат былых супрацоўнікаў, у гэта ніхто не верыў, бо людзі ведаюць спецыфіку справаў. Першы час Даліннік увогуле казаў некаторым зняволеным, што быў у прынцыпе супраць улады, — расказвае Андрэй.

Намаганні Далінніка не прынеслі выніку. Стаўленне да яго засталося ранейшым.

— Яго рэпутацыя заставалася максімальна негатыўнай, — сцвярджае Андрэй. — Даліннік заслужыў непавагу з боку літаральна ўсіх: карупцыянераў, крымінальнікаў, «актывістаў», блатных, якія жывуць па турэмных паняццях, і, вядома, палітычных. Прычым ён працаваў днявальным у каранціне — гэта месца, дзе ён сам жа ціснуў іншых зняволеных, якія прыбываюць у зону.

Чуткі пра хабар, атрыманы двойчы

Акрамя ролі ў знішчэнні Tut.by у калоніі актыўна абмяркоўвалі і саму крымінальную справу, праз якую Даліннік апынуўся за кратамі.

— Хадзілі чуткі, што такі маленькі тэрмін (для следчых дзевяць гадоў — гэта мала, улічваючы, што ён займаў самую верхнюю прыступку ў СК) Даліннік атрымаў таму, што даў паказанні на іншых удзельнікаў сваёй справы, а таксама па іншых крымінальных справах, — дзеліцца Андрэй. — Былі і чуткі пра суму хабару, за які яго пасадзілі, — нібыта 300 тысяч даляраў. Прычым узяць яго хацелі двойчы з аднаго чалавека. Раней той ужо даў яго, а праз нейкі час Даліннік з падзельнікамі прыйшлі яшчэ раз, і пацярпелы звярнуўся ў КДБ.

«Разлічвае выйсці з калоніі праз паўтара года»

Відаць, зразумеўшы, што знайсці агульную мову з іншымі вязнямі не атрымаецца, былы начальнік упраўлення Следчага камітэта пачаў выбудоўваць адносіны з кіраўніцтвам выпраўленчай установы.

— Да адміністрацыі ён дэманстратыўна «ўлізваўся» ў давер, актыўна паказваў сваю гатоўнасць узяцца за любую працу, заняць любую пасаду, выканаць любую каманду. Прычым самі супрацоўнікі адміністрацыі казалі, што ён крыху перайграе ў сваім жаданні дагадзіць, — адзначае Андрэй.

Паводле суразмоўцы, Даліннік імкнецца зарэкамендаваць сябе ўзорным зняволеным у вачах начальства для таго, каб неўзабаве пакаранне яму змякчылі.

— Ён вучыўся ў ПТВ (гэта вялікая прэферэнцыя ў зоне, палітычных туды ўвогуле не пускаюць), то-бок год замест працы хадзіў нібыта на вучобу, дзе было цёпла, і па сутнасці нічога там не рабіў. А пасля гэтага разлічваў заняць пасаду «актывіста» (днявальнага ці нейкую падобную) і перавесціся ў калонію-пасяленне або на «хімію». Фактычна ён разлічвае выйсці з калоніі праз паўтара года, — мяркуе Андрэй.

Адзначым, што злачынства, за якое быў асуджаны Дзмітрый Даліннік (атрыманне хабару, ч. 3 арт. 430 КК РБ), адносіцца да катэгорыі асабліва цяжкіх. Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам, перавод такой асобы ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу магчымы толькі пасля адбыцця дзвюх трацін прызначанага судом тэрміну. 

Каментары2

  • bosed
    08.10.2026
    Гэты йолупень трапiу у "прадбаннiк" свайго асабiстага ПЕКЛА,
    сапрауднае ПЕКЛА з чэрцямi наперадзе !
  • Вот
    08.10.2026
    Чувак думает только о себе и стремится обустроить свою жизнь, не взирая на условности и мнения других. Вот такое он ...

Цяпер чытаюць

Трамп: Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта13

Трамп: Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта

Усе навіны →
Усе навіны

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру Наві Пілай, даведаўшыся пра ўзнагароду, пажартавала з Трампа2

Трамп заявіў, што паспяхова дамовіўся з Пуціным пра пастаўкі паліва41

З італьянскай вінаробні ўвадначас скралі элітнага віна на 5 мільёнаў даляраў. Гэта беспрэцэдэнтны маштаб5

Улады анансавалі змены ў падатковых стаўках на наступны год. Што памяняецца?2

У ЗША жанчына вырасціла гіганцкі кабачок вагой з дарослага чалавека1

Менш чым за суткі беларуска зрабіла 170 тысяч крокаў — хадзіла па стадыёне каля дома9

Кіраўнік Мінска: Гандлёвых цэнтраў у сталіцы ўжо даволі3

Белстат апублікаваў статыстычныя партрэты беларускіх бацькі і маці

У сэрвісе для зваротаў у дзяржаўныя органы адбыўся выцек даных. Папаліліся і вядомыя прапагандысткі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта13

Трамп: Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць