«Альбо гарэлая, альбо сухая». Беларусы крытыкуюць бульбу фры ў «Мак.бай»
Бульба ў «Мак.бай», пасля таго як адмовіліся ад імпартнай, завозіцца з Талачына. Наведвальнікі рэстарана хуткага харчавання наракаюць: ці то сорт не той, ці то работнікі яе смажыць не ўмеюць.

«Мы неяк будзем абмяркоўваць бульбу фры з Mak.by? Гэта ж кашмар», — напісала адна з карыстальніц Threads.
У каментарах высветлілася, што да бульбы фры ў беларускай сетцы хуткага харчавання ў наведвальнікаў нямала прэтэнзій.
«Самому купіць замарожаную і закінуць у аэрагрыль атрымліваецца лепш»
Частка каментатараў пагадзілася, што якасць бульбы пакідае жадаць лепшага.
«Абсалютны кашмар. З дзесяці разоў дай божа, каб два былі смачныя. Астатнія — альбо гарэлыя, альбо сухія, альбо адзін тлушч. Задзяўбалі, буду цяпер заўсёды правяраць на касе і рабіць вяртанне», — абураецца адна з наведвальніц.
«Самому купіць замарожаную і закінуць у аэрагрыль атрымліваецца лепш. Але я б не сказаў, што проста кашмар», — лічыць іншы ўдзельнік дыскусіі.
Некаторыя скардзяцца не толькі на смак, але і на тэмпературу стравы.
«За апошнія разоў дваццаць, можа, адзін раз была рэальна гарачая, салёная і смачная. Выкінутыя грошы», — напісаў яшчэ адзін карыстальнік.
Зрэшты, ёсць і тыя, хто лічыць, што праблема не столькі ў самой бульбе, колькі ў тым, як яе гатуюць і падаюць.
«Бульба фры смачная. Але нешта зламана ў працэсах — рэгулярна даюць размякчэлую і астылую. Прашу перарабіць, і заўсёды без праблем робяць свежую», — падзяліўся досведам наведвальнік.
«З арыгінальным «Макдональдсам» розніца каласальная»
Асобная дыскусія разгарнулася вакол параўнання беларускага «Мак.бай» з «Макдональдсам».
«Я таксама думала, што «больш-менш» і прызвычаілася да нашай, але нядаўна была ў арыгінальным «Макдональдсе». Розніца каласальная, наша бульба нібы вараная», — напісала аўтарка допісу.
Яе падтрымала іншая жанчына, якая нядаўна наведала «Макдональдс» у Вільні.
«Наша бульба вельмі дрэнная. І гэта ў Беларусі не могуць зрабіць бульбу», — здзіўляецца яна.
Яшчэ адзін каментатар згадаў часы, калі ў Беларусі працаваў «Макдональдс».
«Калі ў нас быў «Макдональдс», бульба была ледзь не найлепшая. Пасля пераходу на «Мак.бай» — абсалютна дрэнная. Адзіны плюс быў, што пасля пераходу там соусы сталі таксама нашай вытворчасці і былі ў два разы таннейшыя. Аднак за гады патроху і яны выраўняліся [у цане], вытворца застаўся той жа».
Зрэшты, не ўсе ўдзельнікі дыскусіі пагадзіліся з крытыкай. А бульбу па-вясковаму наогул хваляць.
Бульба ў «Мак.бай» цяпер пастаўляецца з Талачынскага кансервавага завода. Для бульбы фры выкарыстоўваецца сорт «Інаватар», а для рэцэпта па-вясковаму — «Юлія» і «Мастак».
Каментары
там с 20-го года не осталось качества от слова совсем !!!