Грамадства11

Польшча ўнесла беларускага дальнабойшчыка ў спіс непажаданых замежнікаў. Ён нават пісаў прэзідэнту краіны

Здавалася б дробязь, парушэнне каранціну ў 2021 годзе.

Фота: Flickr.com

Каля года Сяргей ездзіў у рэйсы і не падазраваў, што знаходзіцца ў спісе непажаданых замежнікаў. Ён даведаўся пра гэта толькі тады, калі вырашыў змяніць працу. Яму пагражала дэпартацыя з Польшчы ў Беларусь, але вярнуцца на радзіму ён не мог з-за палітычнага пераследу. Сяргей расказаў Most, чым скончылася гэтая гісторыя.

У пачатку 2021 года Сяргей прыляцеў у Польшчу працаваць кіроўцам-міжнароднікам. Тады з-за пандэміі ў краіне дзейнічалі каранцінныя правілы.

Падчас кантролю ў аэрапорце Сяргею задалі пытанне пра каранцін, але калега сказаў, што для дальнабойшчыкаў ён не патрэбны. Сяргей мяркуе, што супрацоўнік адзначыў у сістэме, што ў яго ёсць месца для адбывання каранціну.

Прыехаўшы ў кампанію, дзе збіраўся працаваць, Сяргей аформіў дакументы. Да першага рэйса яшчэ быў запас часу, і ён адправіўся ў Беларусь. Але калі выязджаў з Польшчы, на мяжы яму паведамілі, што ён парушыў каранцін.

Сяргей адразу заплаціў штраф — каля 50 даляраў — і лічыў пытанне закрытым. А вярнуўшыся ў Польшчу, прыступіў да працы.

Праблемы ўзніклі праз год, калі ён вырашыў змяніць працу. Тады высветлілася, што з-за парушэння каранціну беларуса ўнеслі ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх у Польшчы непажаданае, і ў Шэнгенскую інфармацыйную сістэму (SIS). А польскія ўлады пачалі працэдуру анулявання дазволу на жыхарства.

Тады Сяргей звярнуўся да юрыстаў, і тыя падалі ў суд заяву, каб абскардзіць рашэнне пра ўнясенне ў SIS. Юрысты патлумачылі мужчыну, што пакуль справа разглядаецца, ён можа легальна знаходзіцца ў Польшчы.

— Але выязджаць за яе межы я не мог. Таму мне давялося сысці з фірмы, дзе я працаваў дальнабойшчыкам, і ўладкавацца ў мясцовую аўтамайстэрню,— кажа ён.

У лісце прэзідэнту напісаў: пра каранцін не ведаў, штраф за яго парушэнне заплаціў

Пакуль справа разглядалася ў судзе, Сяргей напісаў ліст тагачаснаму прэзідэнту Польшчы Анджэю Дуду і папрасіў умяшацца ў сітуацыю. У лісце ён падрабязна патлумачыў, чаму лічыць дзеянні чыноўнікаў неправамернымі.

— Я апісаў усё як ёсць: пра каранцін не ведаў, штраф за яго парушэнне заплаціў,— расказвае ён.

Неўзабаве з Сяргеем звязаліся з канцылярыі прэзідэнта. Там патлумачылі, што зварот перададуць у паліцыю па месцы жыхарства, і яна будзе разбірацца.

Адначасова Сяргей звярнуўся ў офіс Святланы Ціханоўскай — папрасіў разабрацца ў сітуацыі і патлумачыў, што ў выпадку дэпартацыі ў Беларусь яму пагражае палітычны пераслед: разам з жонкай ён удзельнічаў у пратэстах, да іх дадому прыходзілі міліцыянеры і папярэджвалі пра адказнасць за экстрэмізм.

«Я не ведаю, што адыграла сваю ролю»

Тады ж паліцыя Беластока пачала праверку ў дачыненні да Сяргея. Апыталі яго жонку.

— Я сам звязаўся з імі і прапанаваў прыехаць у аддзяленне, каб яны асабіста пераканаліся, што я нармальны чалавек: працую і нічога не парушаю. Але мне сказалі, што ў гэтым няма патрэбы, што гэта проста гутарка з паліцыяй, — успамінае мужчына.

У судовых пасяджэннях ён асабіста не ўдзельнічаў: яго прадстаўляў юрыст па даверанасці.

Пакуль ішлі працэдуры па справе, у красавіку 2024 года скончыўся тэрмін забароны на ўезд у Шэнгенскую зону. Каб пераканацца, што запісу больш няма ў SIS, Сяргей адправіў запыт у кампетэнтны орган Галоўнага праўлення паліцыі ў Варшаве. І атрымаў адказ: забарона знятая.

Паралельна ён падаў дакументы на новы часовы від на жыхарства на падставе працы ў аўтамайстэрні. А калі скончыўся тэрмін забароны, зноў знайшоў працу ў транспартнай кампаніі і прыклаў адпаведны дакумент да сваёй заявы на ДНЖ. У лістападзе 2024 года мужчына атрымаў новую карту побыту.

— Я не ведаю, што адыграла сваю ролю: праца юрыста, ліст прэзідэнту ці тое, што тэрмін забароны проста скончыўся. Але ў выніку я змог вярнуцца да працы дальнабойшчыкам і атрымаць на падставе працы новы дазвол на жыхарства,— кажа Сяргей.

Каментары1

  • Где службы?...
    09.10.2026
    вернуться на родину он не мог из-за политического преследования...

    До первого рейса еще был запас времени, и он отправился в Беларусь.

    Фейковый персонаж!

Цяпер чытаюць

Мама Бажэны Ярэміч, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, купіла элітны катэдж коштам $837 тысяч26

Мама Бажэны Ярэміч, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, купіла элітны катэдж коштам $837 тысяч

Усе навіны →
Усе навіны

Улады анансавалі змены ў падатковых стаўках на наступны год. Што памяняецца?2

У ЗША жанчына вырасціла гіганцкі кабачок вагой з дарослага чалавека1

Менш чым за суткі беларуска зрабіла 170 тысяч крокаў — хадзіла па стадыёне каля дома9

Кіраўнік Мінска: Гандлёвых цэнтраў у сталіцы ўжо даволі3

Белстат апублікаваў статыстычныя партрэты беларускіх бацькі і маці

У сэрвісе для зваротаў у дзяржаўныя органы адбыўся выцек даных. Папаліліся і вядомыя прапагандысткі1

Каля мінскага парку Дружбы народаў зносяць савецкую дыспетчарскую станцыю ФОТЫ1

«XXI стагоддзе, дзірка ў падлозе». Беларуску абурыў стан прыбіральні на аўтавакзале аднаго з райцэнтраў21

Заснавальніка «Рыбаря» выдвараць з Чарнагорыі. А заехаў ён туды праз Германію, нягледзячы на санкцыі ЕС8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мама Бажэны Ярэміч, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, купіла элітны катэдж коштам $837 тысяч26

Мама Бажэны Ярэміч, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, купіла элітны катэдж коштам $837 тысяч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць