Грамадства11

Каля мінскага парку Дружбы народаў зносяць савецкую дыспетчарскую станцыю ФОТЫ

На скрыжаванні вуліц Кульман і Лілі Карастаянавай пачаўся дэмантаж савецкай аўтастанцыі, аднак будаўнікі знеслі толькі палову будынка. Ветэрынарную клініку экскаватары разбурылі літаральна за некалькі дзён, а суседняе крыло з кавярняй пакуль не кранулі. Установа працягвае працаваць проста пад шум цяжкай тэхнікі, піша Domovita.by.

Цяпер гэта месца перажывае маштабную мадэрнізацыю ў сувязі з працягам дарогі ў бок жылога комплексу «Паўночны бераг», якому патрэбная новая транспартная магістраль.

Ветклініку знеслі да падмуркаў, а кавярню не кранулі

На пляцоўцы каля скрыжавання вуліц Кульман і Лілі Карастаянавай чуваць шум будаўнічай тэхнікі. Ад крыла, дзе працавала ветэрынарная клініка, засталася толькі куча бітых цаглін і абломкаў. На пляцоўцы працуе экскаватар, які павольна разбірае завалы каўшом.

Пры гэтым суседняя частка будынка выглядае цалкам некранутай. У кавярні Coffee Everyday па-ранейшаму прымаюць наведнікаў, праўда, пасля апоўдня ўвялі тэхнічны перапынак. Дарэчы, для сталіцы гэта рэдкі выпадак: падчас грамадскіх абмеркаванняў жыхары раёна настолькі актыўна выступалі за захаванне ўстановы, што праект перагледзелі і не сталі зносіць увесь будынак.

Адразу за сцяной кавярні працягваюцца работы на адкрытым паветры. Будаўнікі ўшчыльняюць жвіровую аснову пад новы асфальт. Тут зробяць новае разваротнае кола для гарадскіх аўтобусаў і тралейбусаў.

Дарога да «Паўночнага берага» і новая дыспетчарская плошчай 370 квадратных метраў

Усе гэтыя змены звязаныя з развіццём інфраструктуры на поўначы сталіцы. Вуліцу Лілі Карастаянавай працягваюць непасрэдна да МКАД, каб злучыць новы жылы комплекс «Паўночны бераг» з цэнтрам горада. Старая дыспетчарская станцыя «Карастаянавай» апынулася проста на трасе будучай магістралі, таму яе давялося ліквідаваць.

Замест яе хутка знайшлі іншае месца. Новы транспартны вузел вырашылі вярнуць на вуліцу Кульман — менавіта тут у савецкія часы ўжо працавала дыспетчарская станцыя, пакуль тэрыторыю не занялі аўтастаянка, ветэрынарная клініка і ўстановы грамадскага харчавання. Цяпер усё вяртаецца да ранейшага стану: стаянку закрылі, стары будынак часткова разабралі, а на вызваленай пляцоўцы будуюць новую дыспетчарскую станцыю «Кульман» для «Мінсктранса».

Новы аднапавярховы будынак будзе мець плошчу каля 370 квадратных метраў. Унутры размесцяць залу чакання на 30 месцаў, касы, аўтаматычныя камеры захоўвання і медпункт. Для пасажыраў і работнікаў адкрыюць буфет на 20 месцаў, а для кіроўцаў абсталююць асобны пакой адпачынку.

Што будзе з паркоўкай і як зменяцца маршруты транспарту

Пытанне з закрытай аўтастаянкай таксама вырашылі. Для мясцовых аўтамабілістаў побач арганізуюць альтэрнатыўную паркоўку. Пляцоўка вызваліцца пасля таго, як энергетычныя службы завершаць мадэрнізацыю падстанцыі «Старажоўская».

Так будынак выглядаў гэтым летам
Фота: адміністрацыя Савецкага раёна

З адкрыццём новай станцыі зменіцца і рух грамадскага транспарту. Тралейбусы № 22, 40 і 40А будуць ездзіць да дыспетчарскай «Кульман» праз вуліцы Крапоткіна, Веры Харужай, бульвар Шаўчэнкі і Кахоўскую. Такім чынам, рух адновяць у абодвух напрамках.

Аўтобусы № 44 і 136 накіруюць да новага транспартнага вузла па вуліцах Някрасава і Лілі Карастаянавай. Для маршрутаў №19, 68, 105, 105Д і 131 канцавы прыпынак для высадкі пасажыраў перанясуць ад парку Дружбы народаў непасрэдна да новай станцыі.

Каментары1

  • Нашто
    09.10.2026
    Нашто руйнаваць кашмарны будынак дзеля яшчэ горшага? А, ну так…

Цяпер чытаюць

Трамп абвясціў энергетычнае перамір'е паміж Расіяй і Украінай33

Трамп абвясціў энергетычнае перамір'е паміж Расіяй і Украінай

Усе навіны →
Усе навіны

Ва Украіне адрэагавалі на «заявы з-за мяжы» аб неабходнасці замены Зяленскага24

New York Times: Вашынгтон спакушаў Расію ў тым ліку вывадам беларускага калію з-пад санкцый11

У Антарктыдзе рэзка скарацілася калісьці найбуйнейшая калонія пінгвінаў. Іх меней аж на паўмільёна2

У Польшчы адбыўся яшчэ адзін напад з нажом у школе, ёсць параненыя7

Расія скароціць выплаты Беларусі на 1,4 мільярда рублёў. Што хаваецца за «бязвыплатнымі» грашыма бюджэту?4

Кая Калас: Цяпер не час аслабляць ціск на Маскву, у панядзелак будзе новы пакет санкцый6

Першы танкер з расійскім дызелем ужо падыходзіць да берагоў ЗША10

Трамп: Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта103

Аэрастаты вяртаюцца на поле бою: як іх выкарыстоўвае Украіна і ці могуць яны абараніць масты Кіева

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп абвясціў энергетычнае перамір'е паміж Расіяй і Украінай33

Трамп абвясціў энергетычнае перамір'е паміж Расіяй і Украінай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць