Вітаўтас Ландсбергіс, або Хто не баіцца стаць лідарам у пераломны час
Гісторыя часта выбірае сваіх герояў насуперак відавочнай логіцы. Вітаўтас Ландсбергіс і не быў апазіцыянерам-падпольшчыкам, і не належаў да партыйнай наменклатуры. Прафесар-музыказнаўца, даследчык Чурлёніса і аматар шахмат — у тэорыі народныя лідары выглядаюць далёка не такімі. Аднак менавіта яму наканавана было стаць архітэктарам аднаўлення літоўскай дзяржаўнасці. Нашчадак выбітнай інтэлектуальнай дынастыі, ён нёс у сабе «ген» даваеннай Літвы, які не змагла знішчыць паўвекавая саветызацыя.

Вітаўтас Ландсбергіс нарадзіўся 18 кастрычніка 1932 года ў Коўне. Яго паходжанне адыграла вызначальную ролю ў фарміраванні асобы: ён прадстаўнік дзвюх значных для Літвы інтэлектуальных дынастый.
Па матчынай лініі яго дзедам быў Ёнас Яблонскіс — вялікі лінгвіст, які ўнармаваў граматыку і лічыцца «бацькам» сучаснай літоўскай літаратурнай мовы. Сам Вітаўтас пісаў, што дзякуючы дзеду вырас у атмасферы, дзе літоўская мова была не проста сродкам зносін, а святыняй.
Маці, Она Яблонскіце-Ландсбергене (1894—1957), абрала медыцыну, яна была доктарка-афтальмолаг. У гады нацысцкай акупацыі яна праявіла выключную мужнасць: хавала ў доме яўрэйскую дзяўчынку-падлетка з гета — Бэлу Гурві. У 1995 годзе мемарыял Яд ва-Шэм пасмяротна надаў ёй званне Праведніка народаў свету.
Па бацькоўскай лініі дзед, Габрыэлюс Ландсбергіс-Жямкальніс, быў вядомым драматургам і дзеячам літоўскага нацыянальнага адраджэння XIX стагоддзя.

Бацька, Вітаўтас Ландсбергіс-Жямкальніс (1893—1993), дабраахвотнікам уступіў у літоўскую армію, удзельнічаў у баях за незалежнасць Літвы ў 1918—1920 гадах. Пазней атрымаў адукацыю архітэктара ў Рыме, выкладаў і рэалізоўваў значныя архітэктурныя праекты ў Літве.
Раннія гады Вітаўтаса прайшлі ў каўнаскім раёне Жалякальніс, у атмасферы «часовай сталіцы», прасякнутай духам мадэрнізму і патрыятызму. Здавалася, што незалежнасць, заваяваная пакаленнем бацькі, — гэта назаўжды.
Аднак гэты мірны ўклад зруйнаваўся, калі Літва апынулася паміж жорнамі двух таталітарных рэжымаў. Лёс Літвы быў прадвызначаны ў 1939 годзе падпісаннем пакта Молатава — Рыбентропа паміж Германіяй і СССР. Сакрэтны пратакол да дамовы падзяліў Усходнюю Еўропу, аднёсшы Літву (як і Латвію з Эстоніяй) да сферы ўплыву Савецкага Саюза.
Рэалізацыя гэтага плана пачалася восенню 1939-га. Літве, чыя армія налічвала ўсяго 28 тысяч чалавек, навязалі Пакты аб узаемадапамозе і размяшчэнне савецкіх вайсковых баз. Супраціўленне гіганцкай машыне СССР пасля гэтага стала немагчымым. Развязка наступіла ў чэрвені 1940 года: Масква выставіла ўльтыматум, запатрабавала фарміравання прасавецкага ўрада і ўвяла Чырвоную армію. Краіна была акупаваная.
Каб легітымізаваць захоп у вачах Захаду, акупацыйныя ўлады правялі спецаперацыю па «добраахвотным далучэнні да СССР». Пасля фіктыўных выбараў у ліпені 1940 года новы парламент абвясціў савецкую рэспубліку, якая ў жніўні была ўключана ў склад СССР. ЗША і шэраг заходніх краін гэтага акта не прызналі, справядліва лічачы яго анексіяй.
Так для хлопчыка Вітаўтаса скончылася мірнае жыццё. Замест школы і гульняў ён стаў сведкам змены рэжымаў: першай савецкай акупацыі (1940), нацысцкай акупацыі (1941—1944) і вяртання савецкіх войскаў у 1944 годзе, якое замацавала страту незалежнасці на паўстагоддзя.

У перыяд з 1939 па 1943 год бацька Вітаўтаса займаў высокую пасаду галоўнага інжынера і архітэктара Вільні. У 1944 годзе ён выехаў у Германію, а ў 1949 годзе — у Аўстралію. З ім там пасяліўся і старэйшы сын Габрыэлюс, якога ў 1944 годзе быў арыштаваны гестапа і да 1945 года знаходзіўся ў зняволенні ў Германіі. Дванаццацігадовы Вітаўтас застаўся ў Літве з маці. З гэтага моманту сям'я была падзеленая «жалезнай заслонай».
Юнацтва Вітаўтаса Ландсбергіса
Пасляваенныя гады Вітаўтас правёў у Савецкай Літве з небяспечным кляймом сына палітэмігранта. Гэта магло паставіць крыж на яго будучыні, аднак аўтарытэт нябожчыка дзеда Яблонскіса і бездакорная рэпутацыя маці-доктаркі дапамаглі сям'і выжыць і пазбегнуць арышту.
Насуперак стэрэатыпу пра рафінаванага музыканта, малады Ландсбергіс не быў тыповым кабінетным вучоным. Ён рос чалавекам азартным. Атрымаўшы пачатковую адукацыю ў школах Каўнаса, у 1950 годзе ён паступіў у Літоўскую дзяржаўную кансерваторыю ў Вільнюсе па класе фартэпіяна. У студэнцкія гады ён актыўна гуляў у баскетбол, але пазней пакінуў пляцоўку з-за рызыкі траўмаваць пальцы.
Тлумачачы свой шлях ад музыканта да палітыка, Ландсбергіс у аўтабіяграфіі піша, што выбар музыказнаўства быў для яго формай эскапізму. Паводле яго слоў, у Савецкім Саюзе гуманітарныя навукі, такія як гісторыя ці права, былі цалкам падпарадкаваны ідэалогіі, і займацца імі сумленна было немагчыма.
Музыка ж, і асабліва вывучэнне творчасці М.К. Чурлёніса, давала магчымасць заставацца ў баку ад савецкай хлусні. Ландсбергіс успамінае, што паглыбленне ў культурную спадчыну стала для яго спосабам захоўваць нацыянальную ідэнтычнасць, не ўступаючы ў адкрыты канфлікт з сістэмай.
Галоўным захапленнем, апроч музыкі, сталі шахматы. Ландсбергіс гуляў на высокім узроўні, двойчы ўдзельнічаў у фіналах чэмпіянатаў Літвы і атрымаў кваліфікацыю кандыдата ў майстры спорту. Спецыялісты адзначалі яго пазіцыйны стыль гульні. Уменне пралічваць хады і трымаць «гросмайстарскія паўзы» пасля стане асновай яго палітычнага почырку.

У 1955 годзе ён скончыў кансерваторыю. Да гэтага ж перыяду адносіцца яго першы шлюб з піяністкай Рытай Кучынскайце-Сакалене. У пары нарадзілася дачка Юрата (1955), якая стане пасля музыказнаўцам. Тое сямейнае жыццё не склалася, і сужэнцы неўзабаве рассталіся.
Канец 1950‑х гадоў стаў часам кардынальных перамен у лёсе Ландсбергіса. У 1957 годзе памерла яго маці Она Ландсбергене, так і не пабачыўшы мужа перад смерцю. Вітаўтас застаўся ў Вільні адзін і засяродзіўся на выкладанні.
У 1959 годзе адбылася сенсацыйная для таго часу падзея: бацька, Вітаўтас Ландсбергіс-Жямкальніс, вярнуўся з Аўстраліі ў Савецкую Літву. Улады санкцыянавалі гэта вяртанне, жадаючы такім чынам паказаць, як людзі вяртаюцца, і заадно выкарыстаць вопыт вядомага архітэктара для рэстаўрацыі помнікаў.
У гэты момант Вітаўтасу было ўжо 27 гадоў.
Бацька вярнуўся не адзін, а з другой жонкай, з якой пазнаёміўся ў эміграцыі. Яны пасяліліся асобна, але аднавілі адносіны. Інтэлектуальны дыялог бацькі і сына працягваўся наступныя тры дзесяцігоддзі — архітэктар пражыў да 100 гадоў і заспеў трыумф сына ў 1990 годзе.
Неўзабаве пасля вяртання бацькі Вітаўтас наладзіў і сваё асабістае жыццё. У 1960 годзе ён ажаніўся з Гражынай Ручыце (1930—2020). Гэты саюз стаў лёсавызначальным. Гражына была з сям'і рэпрэсаваных: у 1949 годзе яе дэпартавалі ў Сібір, дзе яна выжывала, іграючы на акардэоне. Вярнулася ў Літву толькі ў 1957 годзе, паступіла ў кансерваторыю, дзе і сустрэла Вітаўтаса.
Жаніцьба з «ссыльнай» для сына эмігранта была рызыкоўным крокам, але затое сям'ю цэментавалі ў тым ліку грамадскія каштоўнасці. У гэтым шчаслівым шлюбе нарадзілася двое дзяцей: дачка Бірута (музыказнаўца) і сын Вітаўтас (рэжысёр і пісьменнік).

Кар'ера Вітаўтаса Ландсбергіса
Аж да 56 гадоў Ландсбергіс заставаўся фігурай, вядомай пераважна ў акадэмічных колах. Яго кар'ерны шлях меў выразную столь: ён прынцыпова не ўступаў у Камуністычную партыю, што закрывала шлях да адміністрацыйных пасад. Але ён тым самым не запляміў сабе рэпутацыі.
Ён выкладаў у музычнай школе імя М. К. Чурлёніса, а з 1978 года стаў прафесарам Літоўскай кансерваторыі. Галоўнай справай яго навуковага жыцця стала вывучэнне спадчыны Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса. У 1969 годзе Ландсбергіс абараніў дысертацыю на гэтую тэму. Прасоўванне творчасці Чурлёніса — сімвала літоўскай містыкі і незалежнасці духу — стала для прафесара спосабам легальна культываваць нацыянальную ідэю ва ўмовах цэнзуры.

Пры гэтым Ландсбергіс не быў кансерватарам, замкнёным у мінулым. У яго біяграфіі ёсць нечаканы факт, які звязвае яго з сусветным авангардам. Сябрам яго дзяцінства быў Джордж (Юргіс) Мачунас — заснавальнік знакамітага руху «Флюксус» (Fluxus). Нягледзячы на эміграцыю сябра, яны перапісваліся. У 1960‑х гадах, знаходзячыся за «жалезнай заслонай», Ландсбергіс спрабаваў укараняць ідэі «Флюксуса» ў Вільнюсе, ладзячы перформансы і хэпенінгі. Для савецкіх цэнзараў гэта выглядала як студэнцкае хуліганства. Між тым гэта паказвала будучага палітыка як чалавека, свабоднага ад дагматызму.
Шлях з кансерваторыі на трыбуну (1988—1990)
Палітычнае ўзыходжанне Вітаўтаса Ландсбергіса пачалося 3 чэрвеня 1988 года, калі ў Вільнюсе была створана Ініцыятыўная група Літоўскага руху за перабудову («Саюдзіс»). 55‑гадовы прафесар кансерваторыі, вядомы толькі як музыказнаўца і даследчык Чурлёніса, увайшоў у яе склад, хоць і не быў самым вядомым сярод 35 заснавальнікаў.
22—23 кастрычніка 1988 года адбыўся ўстаноўчы з'езд «Саюдзіса». На ім былі створаны цэнтральныя каардынацыйныя органы руху — Сойм і Рада Сойма. Цікава, што на гэтым этапе Ландсбергіс яшчэ не выглядаў аднаасобным фаварытам: падчас выбараў у Раду рэкордную колькасць галасоў атрымаў не ён, а філосаф Рамуалдас Озалас.
Аднак калі 25 лістапада 1988 года на пасяджэнні Рады Сойма выбіралі старшыню, то ім стаў Вітаўтас Ландсбергіс.
Чаму выбар паў менавіта на Ландсбергіса, а не на Озаласа? Вырашальную ролю адыграла кампраміснасць фігуры. Озалас быў членам Камуністычнай партыі, што выклікала недавер у радыкальнага крыла руху. Ландсбергіс жа быў беспартыйным прафесарам, здольным аб'яднаць розныя плыні.

У сакавіку 1989 года Ландсбергіс выйшаў на саюзны ўзровень: ён быў абраны народным дэпутатам СССР. Пад яго кіраўніцтвам «Саюдзіс» атрымаў трыумфальную перамогу, узяўшы 36 з 42 месцаў, адведзеных Літве.
Выкарыстоўваючы высокую трыбуну З'ездаў народных дэпутатаў у Маскве, Ландсбергіс і яго балтыйскія калегі пачалі планамерную атаку на юрыдычны падмурак СССР. Яны ініцыявалі дэпутацкі запыт аб прававой ацэнцы Пакта Молатава — Рыбентропа, даказваючы, што Літва, Латвія і Эстонія апынуліся ў складзе Саюза не добраахвотна, а ў выніку злачыннай змовы дыктатараў.
Барацьба за незалежнасць Літвы
У лютым 1990 года ў Літве адбыліся першыя свабодныя выбары ў Вярхоўны Савет, на якіх кандыдаты «Саюдзіса» атрымалі абсалютную большасць.
Кульмінацыяй стаў дзень 11 сакавіка 1990 года. На першым пасяджэнні новага парламента Вітаўтас Ландсбергіс быў абраны старшынёй Вярхоўнага Савета Літоўскай Рэспублікі, стаўшы дэ-факта кіраўніком дзяржавы, якая адраджалася. У той жа дзень пад яго старшынствам быў прыняты Акт аб аднаўленні незалежнасці Літвы.

Ландсбергіс падкрэсліваў юрыдычную тонкасць гэтага моманту: гэта не было стварэнне новай дзяржавы, гэта было аднаўленне таго, што было скрадзена ў 1940-м.
«Мы не лічылі гэта перадачай улады ад адной сістэмы да іншай, а хутчэй вяртаннем да нашай старой сістэмы. (…). Мы не маглі развесціся, бо мы ніколі не бралі шлюб. Нас згвалцілі і зацягнулі ў гэты дом. Таму мы проста ідзём», — тлумачыў ён пазней, маючы на ўвазе пераемнасць з Літоўскай Рэспублікай 1918—1940 гадоў.
Масква абвясціла Акт аб аднаўленні незалежнасці незаконным і перайшла ад пагроз да дзеянняў. Крэмль увёў жорсткую эканамічную блакаду, спрабуючы пакараць наравістую рэспубліку. Літве перакрылі пастаўкі нафты і газу, прадпрыемствы саюзнага падпарадкавання «нечакана» спынілі адгрузку крытычна важных тавараў — аж да медыкаментаў. Аднак разлік на тое, што эканамічныя цяжкасці і дэфіцыт прымусяць літоўцаў зрынуць урад Ландсбергіса, не спраўдзіўся — краіна вытрымала блакаду.
Больш за тое, у снежні 1990 года парламент рэспублікі прыняў дэманстратыўна незалежны бюджэт на наступны год.

«Ён прадугледжваў, што Літва нічога не атрымлівае ад Савецкага Саюза і, адпаведна, нічога яму не плаціць. Паміж дзяржавамі ўзнікалі б гандлёвыя адносіны: тое, што вы раней нам пастаўлялі, цяпер прадайце; тое, што мы вам аддавалі, будзем прадаваць», — тлумачыў логіку гэтага рашэння Вітаўтас Ландсбергіс.
Цэнтр адказаў на палітычную дзёрзкасць сілавой акцыяй. У ноч з 12 на 13 студзеня 1991 года армейскія часці пры падтрымцы танкаў і спецназа КДБ «Альфа» ўвайшлі ў Вільню.
Адна калона бранятэхнікі скіравалася да літоўскага парламента, але штурм не адбыўся. Другая калона дасягнула сваёй мэты — тэлевізійнай вежы і будынка Літоўскага радыё і тэлебачання ў мікрараёне Каралінішкі, вакол якіх жывым колам стаялі тысячы бяззбройных абаронцаў. Савецкія вайскоўцы пачалі штурм. У выніку гэтай бойні загінулі 15 чалавек, больш за 500 былі параненыя.

У гэты час Ландсбергіс знаходзіўся ў будынку парламента, які рыхтаваўся да немінучага штурму.
«Мы раздалі зброю ахове, але я ведаў: калі яны ўвойдуць, мы не зможам адбіцца фізічна. Наша перамога магла быць толькі маральнай. Калі мы памром тут, свет гэтага не даруе», — успамінаў тыя страшныя гадзіны Ландсбергіс.
Паводле яго слоў, ён спрабаваў датэлефанавацца да Гарбачова:
«Я спрабаваў патэлефанаваць Гарбачову, але мне сказалі, што ён спіць. Я датэлефанаваўся да Ельцына, і ён адразу ж патэлефанаваў Гарбачову. І Ельцын сказаў: «Спыніце гэтыя зверствы».
Цяжка сказаць, чаму Гарбачоў у выніку так і не аддаў загаду на поўны захоп улады ў Літве. Магчыма, гэта было часткай яго фірмовага, палавіністага стылю. А можа быць, у СССР ужо не было сілы падпарадкаваць Літву, бо гэта пагражала паскорыць «выбух імперыі знутры».
Памятна, што барацьбу літоўцаў за незалежнасць актыўна патрымалі і беларусы. У Вільню ў самы трывожны момант прыехала дэлегацыя дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі. Сярод дзясяткаў беларусаў, узнагароджаных медалём Памяці 13 Студзеня (Sausio 13‑osios atminimo medalis) за актыўны ўдзел у абароне незалежнасці быў і першы галоўны рэдактар адноўленай «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец.

Чытайце таксама: Літва. Ваяўнічая сіла супраць народу

Канчатковая развязка наступіла праз паўгода. У жніўні 1991‑га ў Маскве правалілася спроба дзяржаўнага перавароту (ГКЧП), што пазбавіла савецкі цэнтр рэшткаў улады. 7 верасня 1991 года Масква афіцыйна прызнала незалежнасць трох балтыйскіх рэспублік. Неўзабаве Ландсбергіс узначаліў дэлегацыю на перамовах з Расіяй, дамогшыся канчатковага вываду акупацыйных войскаў.
Палітычныя арэлі (1992—2000)
Пасля здабыцця свабоды і спаду рэвалюцыйнай эйфарыі Літва сутыкнулася з цяжкай эканамічнай рэальнасцю. Папулярнасць «Саюдзіса» пачала падаць. Ландсбергіс канфліктаваў з левым крылом Вярхоўнага Савета, сцвярджаючы, што яны тармозяць рэформы і сабатуюць выхад з расійскай арбіты.
На парламенцкіх выбарах 1992 года партыя Ландсбергіса пацярпела паражэнне. Перамогу атрымала Дэмакратычная партыя працы Літвы (LDDP) пад кіраўніцтвам былога лідара кампартыі Альгірдаса Бразаўскаса. Ландсбергіс пакінуў пасаду кіраўніка дзяржавы, але не пайшоў з палітыкі.
У 1993 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў новай правай сілы — правацэнтрысцкай партыі «Саюз Айчыны» (Tėvynės Sąjunga) і быў абраны яе старшынёй. Ён заняў нішу жорсткага лідара апазіцыі, крытыкуючы ўладу за «паўзучую саветызацыю» і карупцыю.
Парламенцкі рэванш адбыўся праз чатыры гады. Пасля пераканаўчай перамогі кансерватараў на выбарах 1996 года Ландсбергіс вярнуўся ва ўладу, стаўшы Старшынёй Сейма Літоўскай Рэспублікі. Гэтую пасаду ён займаў поўны тэрмін, з 1996 па 2000 год.
Знаходзячыся на пасадзе спікера, Ландсбергіс зрабіў спробу вярнуцца на вышэйшую дзяржаўную пасаду, вылучыўшы сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах 1997 года. Аднак заняў толькі трэцяе месца, набраўшы 15,92% галасоў, і не прайшоў у другі тур.

Тым не менш, у якасці кіраўніка парламента ён працягнуў фарміраваць ідэалогію дзяржавы, замацаваўшы незваротны курс на Захад. Пад канец свайго тэрміну, 12 верасня 2000 года, па яго ініцыятыве Сейм прыняў закон, які прызнаў дэкларацыю Часовага Урада Літвы ад 23 чэрвеня 1941 года прававым актам Літоўскай Рэспублікі. Гэта рашэнне выклікала вострыя гістарычныя спрэчкі, але падкрэсліла імкненне Ландсбергіса да поўнай юрыдычнай рэвізіі савецкага перыяду. Аднак прэзідэнт Валдас Адамкус гэтага закона не падпісаў.
Ад Вільні да Бруселя (2000—2014)
Нягледзячы на развітанне з пасадай спікера, Ландсбергіс не збіраўся на спачын. На выбарах 2000 года ён быў абраны дэпутатам Сейма ўжо чацвёрты раз. У гэты перыяд (2000—2004) ён актыўна працаваў у складзе дэлегацый Літвы ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) і Балтыйскай асамблеі.
У 2003 годзе Ландсбергіс адышоў ад кіравання партыяй «Саюз Айчыны», заняўшы пазіцыю стратэга — старшыні Палітычнага камітэта і члена прэзідыума. Гэта дазволіла яму засяродзіцца на інтэграцыі Літвы ў заходнія структуры. Яшчэ да афіцыйнага ўступлення краіны ў ЕС, у 2003—2004 гадах, Ландсбергіс ужо працаваў у Бруселі ў статусе назіральніка, дэлегаванага літоўскім Сеймам.
Паўнавартасны выхад на еўрапейскую арэну адбыўся 13 чэрвеня 2004 года, калі Ландсбергіс быў абраны дэпутатам Еўрапейскага парламента. У 2009 годзе ён пераабраўся на другі тэрмін, стаўшы найстарэйшым і адным з самых аўтарытэтных прадстаўнікоў Балтыі ў Бруселі.
Сваёй галоўнай місіяй ён лічыў тлумачэнне заходнім палітыкам сапраўднай сутнасці расійскага рэжыму. У кулуарах Еўрапарламента Ландсбергіса часта называлі «ястрабам» і русафобам, але палітык настойліва паўтараў: Расія не змянілася. Час пакажа, наколькі ён меў рацыю.
У 2005 годзе Ландсбергіс ініцыяваў гучную кампанію па забароне савецкай сімволікі нароўні з нацысцкай. Ландсбергіс заклікаў ЕС абвясціць па-за законам серп і молат, чырвоныя зоркі і гімн СССР. Ініцыятыва прынесла плён на радзіме: у 2008 годзе Літва прыняла закон, які забараняе дэманстрацыю нацысцкіх і савецкіх сімвалаў на масавых мерапрыемствах.
Калі расійская армія ў 2008 годзе ўвайшла ў Грузію, Ландсбергіс рэзка крытыкаваў Еўрасаюз за мяккацеласць і «палітыку замірэння», прароча папярэджваючы: «Наступнай будзе Украіна ці краіны Балтыі».
«Еўропа любіць спаць. Яна прачынаецца толькі тады, калі бомбы пачынаюць падаць на яе гарады. Мы ў Літве не спім, таму што ведаем, хто наш сусед», — казаў ён калегам.
Патрыярх нацыі
У 2014 годзе, у 82 гады, Вітаўтас Ландсбергіс вырашыў больш не балатавацца ў Еўрапарламент, саступіўшы дарогу маладым палітыкам. Аднак гэта не азначала сыходу на спачын. Ён застаўся ганаровым старшынёй партыі «Саюз Айчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты» (TS-LKD), захаваўшы ўплыў. Яго выступленні на партыйных з'ездах па-ранейшаму задаюць ідэалагічны вектар для літоўскіх кансерватараў.

Канец 2010‑х гадоў прынёс новы ўсплёск міжнароднай цікавасці да асобы прафесара.

У 2019 годзе выйшаў дакументальны фільм «Спадар Ландсбергіс» (Mr. Landsbergis) вядомага рэжысёра Сяргея Лазніцы. Карціна атрымала галоўны прыз на фестывалі ў Амстэрдаме, нагадаўшы свету пра ролю «ціхага музыказнаўцы» ў развале савецкай імперыі.
Аднак публічны поспех быў азмрочаны цяжкай стратай. У лютым 2020 года памерла Гражына Ручыце-Ландсбергене. Ёй было 90 гадоў. Вітаўтас і Гражына пражылі разам 60 гадоў.
Нягледзячы на ўласныя праблемы са здароўем і шпіталізацыі, Ландсбергіс захаваў яснасць розуму, працягваючы пісаць кнігі і даваць інтэрв'ю.
У 2022 годзе быў закрыты самы доўгі і балючы юрыдычны гештальт у кар'еры Ландсбергіса. На працягу дзесяцігоддзяў яго статус выклікаў спрэчкі: у 1990—1992 гадах пасады прэзідэнта ў Літве не існавала, і Ландсбергіс кіраваў краінай як Старшыня Вярхоўнага Савета. Палітычныя апаненты гадамі блакавалі спробы афіцыйна прыраўнаваць яго да прэзідэнта.
Кропка была пастаўлена 30 чэрвеня 2022 года. Сейм Літвы прыняў спецыяльны Закон аб прававым статусе старшыні Вярхоўнага Савета. Вітаўтас Ландсбергіс быў афіцыйна прызнаны кіраўніком дзяржавы (фактычна прэзідэнтам) за перыяд з 11 сакавіка 1990 па 25 лістапада 1992 года.
«Я не маю патрэбы ў тытулах. Тытулы патрэбныя дзяржаве, каб яна паважала сама сябе і сваю гісторыю», — пракаментаваў гэта рашэнне сам палітык.
Ландсбергіс заняў таксама адназначную пазіцыю ў адносінах да вайны ва Украіне. Ён называе сучасную Расію «ракавай пухлінай» і «імперыяй зла 2.0», а Пуціна лічыць пагрозай усяму цывілізаванаму свету.

«Расія — гэта не краіна, гэта стан розуму. І гэты стан — вайна з усім светам. Пуцін пойдзе роўна настолькі далёка, наколькі яму дазволяць. Калі вы не спыніце яго ва Украіне, вам давядзецца спыняць яго ў Польшчы ці Літве», — заяўляў ён у інтэрв'ю.
Вацлаў Гавэл таксама адмовіўся выйсці з турмы пры ўмове выезду за мяжу. Але ён быў зусім непадобны да лідараў беларускай апазіцыі
Манергейм: чалавек, які з расійскага разведчыка ператварыўся ў выратавальніка Фінляндыі ад Расіі
Лі Куан Ю: як за адно пакаленне цвёрдай рукой вывесці маладую краіну ў сусветныя лідары
Каментары
[Зрэдагавана]
Гэта вельмі дасведчаны,адукаваны,культурны і разумны дзядзька,ен бадай самы паважаны мной летувіскі дзеяч.
Аднойчы ў Бруселі на плошчы Шумана ў будынку Еўракамісіі пасля "выбараў"2010 я прысутнічаў на даволі масавым схадняке беларускай апазіцыі,там выступалі "дзеячы" ад Рымашэўскага да Калякіна,спадар Ландсбергіс таксама прысутнічаў.Нават быў там такі ціпок- Сяргей Каваленка,ён жа елачны бэтмэн,які павесіў БЧБ на елку ў Віцебску. Карацей кожны ўдзельнік выступіў з прамовай і калі чарга дайшла да Сяргея Каваленкі-пачалася дзіч. Ен чамусці пачаў разганяць,што сучасныя літоўцы гэта жмудзь,што Вільня-беларускі горад,што літоўцы гэта беларусы і гд,карацей кажучы- Шарыкаў...) Атмасфера стала даволі нязручнай,але спадар Ландсбергіс прыгожа і вельмі дыпламатычна ўсе разруліў і нават дапамог Каваленку трохі менш выглядаць быдлагопнікам.
Вось такі адбыўся смешны выпадак з Ландсбергісам. )