Гісторыя33

Мінус 40 і «Год без лета»: як кліматычная анамалія спарадзіла «Франкенштэйна», вампіраў і беларускую містыку

У пачатку XIX стагоддзя катастрафічны выбух вулкана на іншым канцы свету замарозіў Еўропу і падштурхнуў пісьменнікаў да стварэння самых вядомых монстраў у гісторыі. У першым часопісе, які выходзіў на Беларусі, знайшлося пацвярджэнне таго, што знакаміты «Год без лета» не абмінуў і нашы землі, пакінуўшы след не толькі ў метэазводках, але і ў беларускай літаратуры.

Выбух вулкана за 10 тысяч кіламетраў ад Беларусі, верагодна, паслужыла штуршком да стварэння Янам Баршчэўскім містычнай літаратуры. Калаж на аснове карціны Роба Вуда і партрэта Баршчэўскага працы Караля Жукоўскага. 

Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку піша гісторык-архівіст Дзяніс Лісейчыкаў, у цэнтры ўвагі даследчыка адзін з першых беларускіх часопісаў «Miesięcznik Połocki», які выдаваўся ў 1818—1820 гадах. Яго рэдактар, Юзаф Цытовіч, быў чалавекам энцыклапедычных ведаў: прафесарам хіміі, матэматыкі, архітэктуры і кіраўніком музея Полацкай езуіцкай акадэміі. Як сапраўдны навуковец, ён пільна сачыў за надвор'ем, і пакінутыя ім запісы сёння прыводзяць да нечаканых паралеляў.

Тытульны аркуш часопіса «Miesięcznik Połocki». Фота: фэйсбук Лісейчыкава

Тэмпературныя арэлі ў Полацку

Цытовіч зафіксаваў анамальныя ваганні тэмпературы ў Беларусі пачатку XIX стагоддзя:

У ліпені 1805 года спёка дасягала рэкордных +38,1 градуса Цэльсія (+30,5 па Рэамюру).

Шкала Рэамюра — гэта гістарычная тэмпературная шкала, уведзеная ў 1730 годзе французскім навукоўцам Рэнэ Антуанам дэ Рэамюрам, у якой 0° адпавядае замярзанню вады, а 80° — яе кіпенню. У XVIII—XIX стагоддзях яна шырока выкарыстоўвалася ў Еўропе, у тым ліку, як бачым, у навуковых і метэаралагічных назіраннях на тэрыторыі Беларусі.

А вось у студзені 1816 года слупок тэрмометра ўпаў да -40 градусаў Цэльсія (-32 па Рэамюру).

Гэтыя лічбы — не проста статыстыка. 1816 год увайшоў у сусветную гісторыю як «Год без лета», або, як яго называлі ў ЗША, «тысяча восемсот насмерць змёрзлы» (eighteen hundred and froze to death).

Што здарылася

Прычынай глабальнага пахаладання стаў катастрафічны выбух вулкана Тамбора на інданезійскім востраве Сумбава ў красавіку 1815 года. Гэта быў наймагутнейшы выбух у гісторыі чалавецтва (7 балаў з 8 магчымых па шкале VEI), які наўпрост ці ўскосна забраў дзясяткі тысяч жыццяў.

У 1847 годзе швейцарскі батанік Генрых Цолінгер падарожнічаў па востраве Сумбава і ўзышоў на гару Тамбора. Большасць звестак пра выбух паходзяць з яго працы. Апублікаваная ў ёй карта паказвае пакінутыя і разбураныя паселішчы каля вулкана (назвы ў дужках), а таксама новыя паселішчы, якая былі пабудаваныя ўжо пасля 1815 года, бо ў выніку выбуху ўвесь востраў быў амаль цалкам абязлюдзеў. 

Ад эпіцэнтра выбуху да Полацка — каля 10 700 кіламетраў, але маштаб катастрофы быў настолькі вялікі, што яе наступствы адчуліся нават тут.

Каля 150 км³ вулканічнага попелу, выкінутага ў атмасферу, выклікалі эфект «вулканічнай зімы»: пылавая заслона закрыла Паўночную паўкулю ад сонца, у выніку чаго вясной і летам 1816 года ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы ішоў снег, ліў бясконцы дождж, гінулі ўраджаі, а за імі прыйшлі голад, эканамічны крызіс і эпідэміі.

Уезд у Равенсбург першых вазоў з ураджаем пасля вялікага голаду 1816—1817 гадоў. Готлаб Ёган Эдынгер, 1817 г. Фота: Wikimedia Commons

Як дрэннае надвор'е спарадзіла монстраў

Менавіта гэтае змрочнае, халоднае і дажджлівае лета стала каталізатарам для з'яўлення культавых твораў сусветнай літаратуры жахаў.

Віла Дыядаці на гравюры 1830‑х гадоў. Фота: Wikimedia Commons

Улетку 1816 года кампанія сяброў — паэт Джордж Байран, пісьменніца Мэры Шэлі і доктар Джон Палідоры — адпачывала на віле Дыядаці ў Швейцарыі. Праз анамальны холад і залевы яны не маглі выходзіць з дому. Каб пабавіць час, кампанія вырашыла пісаць страшныя гісторыі.

Мэры Шэлі прыдумала сюжэт пра навукоўца, які ажывіў мёртвую матэрыю — так нарадзіўся раман «Франкенштэйн, ці Сучасны Праметэй».

Джон Палідоры напісаў апавяданне «Вампір», якое стала пачынальнікам жанру вампірскай прозы ў еўрапейскай літаратуры. Менавіта адсюль пазней вырас «Дракула» Брэма Стокера.

Каспар Давід Фрыдрых, «Двое мужчын ля мора», 1817. Карціна ў змрочных тонах, якая адлюстроўвае сілуэты двух мужчын на скалістым беразе пад хмарным аранжавым небам. Фота: Wikimedia Commons

Дарэчы, вулканічны попел у атмасферы паўплываў і на жывапіс. Знакамітыя пейзажы Уільяма Цёрнера і Каспара Давіда Фрыдрыха таго перыяду вылучаюцца незвычайна яркімі, жаўтавата-чырвонымі і трывожнымі захадамі сонца — менавіта такім бачылі неба скрозь пыл Тамборы.

«Шляхціц Завальня» і беларуская містыка

Дзяніс Лісейчыкаў праводзіць цікавую паралель: глабальная анамалія магла паўплываць і на нараджэнне беларускай містычнай літаратуры.

Прыблізна ў гэты ж змрочны час, каля 1816 года, свае вандроўкі па Беларусі пачынае выпускнік тых самых полацкіх езуітаў Ян Баршчэўскі.

«На яго творчасць «год без лета», відаць, таксама паўплываў. Прынамсі, у ягоным «Шляхціцы Завальні» розных вусцішных і жахлівых гісторый хапае», — адзначае гісторык.

Вокладка кнігі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Фота: Wikimedia Commons

Такім чынам, люты холад і цемра 1816 года, якія задакументаваў у Полацку прафесар Цытовіч, маглі стаць тым атмасферным фонам, на якім нараджалася беларуская містычная проза. Страх перад сіламі прыроды знайшлі сваё адлюстраванне як у гатычных раманах Англіі, так і ў класіцы беларускай літаратуры.

Хто такі Юзаф Цытовіч

Лісейчыкаў таксама правёў генеалагічнае даследаванне біяграфіі самога навукоўца. Высветлілася, што Юзаф Цытовіч паходзіў з разгалінаванага ўніяцкага святарскага роду. Ён нарадзіўся ў вёсцы Добрае (сучаснае Добрае Сяло).

Яго бацькам, імаверна, быў Лявон Цытовіч — святар мясцовай уніяцкай царквы. Добрае Сяло было ўнікальным месцам: гэта была адна з усяго 14 парафій на ўсю вялізную Полацкую епархію, дзе ў часы Расійскай імперыі (на 1828 год) яшчэ захоўвалася грэка-каталіцкая шляхта.

Гэтае месца дала свету і іншых выбітных асоб. Напрыклад, тут пачынаў кар'еру Сымон Савініч — будучы прэлат сабора Св. Сафіі ў Полацку і бацька аўтара падручніка «Польская граматыка» Яна Савініча.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Чытака
    27.12.2025
    "0° адпавядае замярзанню вады, а 80° — яе кіпенню". Вада пры ціску 760 мм рт. сл. кіпіць пры тэмпературы 100 градусаў, а этылавы спірт пры тым жа ціску пры 78,15 градуса. Рэамюр арыентаваўся на спірт. Няўвага да дэталяў, ці, што горш, няведанне элемянтарных рэчаў спараджае недавер нават да добра зробленай працы.
  • Žvir
    27.12.2025
    Jakaja cudoūnaja vokladka knihi ! Biaredzic` fantaziju tak, što samu knihu ūžo možna i nie čytac`navat ... :)
  • Імя
    27.12.2025
    Чытака, не, усё правільна. Вада кіпіць пры 80 градусах !Рэамюра!. Градусы - гэта не толькі градусы Цэльсія, у тэксце ад пачатку абзаца размова выключна пра шкалу Рэамюра.

Цяпер чытаюць

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі6

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі

Усе навіны →
Усе навіны

Віцэ-прэзідэнтка Венесуэлы: Ёсць толькі адзін прэзідэнт, і яго імя Нікалас Мадура20

Кітайская кампанія BYD абагнала Tesla і стала найбуйнейшым у свеце прадаўцом электрамабіляў5

«Праз пяць хвілін ужо ведаў міністр». Саладуха расказаў пра страшную аварыю год таму3

Латушка пасля захопу Мадура агучыў адзіны сцэнар для атачэння Лукашэнкі14

Бабарыка расказаў, якую параду яму даў просты чалавек, які застаўся ў Беларусі52

Трамп пра Мачада: У яе няма падтрымкі ўнутры краіны, хоць яна вельмі мілая жанчына14

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае29

Як сачылі за Мадура?10

Нобелеўская лаўрэатка Марыя Карына Мачада: Мы гатовыя ўзяць уладу ў Венесуэле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі6

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць