Гісторыя4242

«Украіна» была не толькі на поўдзень ад Беларусі, але і на ўсходзе ды поўначы

Тэрмін «украіна» ў XVI стагоддзі меў зусім іншае напаўненне, чым сёння. Гэта было не проста геаграфічнае абазначэнне «краю» дзяржавы, а паняцце, шчыльна звязанае з вайной і абаронай. Гісторык Мікола Волкаў прааналізаваў дакументы Вялікага Княства Літоўскага таго часу і прыйшоў да высновы, што «ўкраінныя замкі» існавалі не толькі на мяжы з Дзікім Полем, але і непасрэдна на Беларусі — там, дзе ішло супрацьстаянне з Масквой.

Рэчыцкі замак. Выява згенераваная нейрасеткай на аснове малюнка Абрахама ван Вестэрфельда. 

Для многіх даследчыкаў Вялікага Княства Літоўскага паняцці «ўкраіна» і «ўкраінныя замкі» заўсёды былі вядомыя і, здавалася б, цалкам зразумелыя — гаворка ішла пра памежжа дзяржавы. Аднак, як адзначае Мікола Волкаў, пасля дэталёвага вывучэння крыніц стала відавочна: гэтае паняцце з'яўляецца даволі канкрэтным і выразна паказвае рэгіён ваеннага супрацьстаяння.

«Украіна» як зона перманентнай вайны

Гісторык падкрэслівае, што пра ваенны аспект паняцця сведчыць сам кантэкст яго выкарыстання. У дакументах таго часу слова «ўкраіна» амаль немагчыма сустрэць без згадак пра ваенную небяспеку, пагрозу або абарончыя збудаванні.

Фактычна, гаворка ідзе пра своеасаблівы «францір» — зону перманентнай вайны з Масквой і Крымам.

Дзе знаходзілася «ўкраіна»?

На падставе матэрыялаў Метрыкі ВКЛ за 1500—1581 гады даследчык зрабіў выбарку па замках, якія ў дакументах наўпрост называліся «ўкраіннымі».

Атрыманая карта паказвае магутны абарончы пояс уздоўж найважнейшых беларускіх рэк. На Падзвінні гэта Дрыса, Дзісна, Полацк, Варонеч, Ула, Вечалле, Лепель, Азярышча, Усвят, Сураж і Віцебск. Далей лінія ідзе па Дняпры — Дуброўна, Орша, Копысь, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Стрэшын, Горваль, Рэчыца, Любеч, Кіеў. Усходні фланг трымалі замкі па Сожы: Мсціслаўль, Крычаў, Прапойск, Чачэрск і Гомель. Таксама да «ўкраіны» адносіліся Мазыр, Брагін і шэраг замкаў, меншая іх частка — на тэрыторыі сучаснай Украіны.

Карта «ўкраінных замкаў» у Вялікім Княстве Літоўскім. Фота: фэйсбук Міколы Волкава

Геаграфія гэтай з'явы мела сваю дынаміку і наўпрост залежала ад лініі фронту. Так, да пачатку XVI стагоддзя «ўкраіннымі» лічыліся Вязьма, Смаленск і Рослаў. А ў часы Інфлянцкай вайны, пасля страты Полацка ў 1563 годзе, вакол яго пабудавалі цэлую сетку новых «ўкраінных» замкаў, каб блакаваць маскоўскі гарнізон у захопленым горадзе.

Цікава, што ў спіс «украінных» не трапілі некаторыя чаканыя гарады. Напрыклад, валынскія Луцк і Крэменец, а таксама Браслаў. Застаецца пытанне наконт статусу Свіслачы, Бабруйска і Барысава. Яшчэ адна асаблівасць: Інфлянты (Лівонія), нягледзячы на тое, што там з 1558 года ішла цяжкая вайна і існавала шмат замкаў, якія забяспечваліся з Вільні, у дакументах «украінай» не называліся.

Рэчыца на малюнку Абрахама ван Вестэрфельда XVII стагоддзя 

Варта ўлічваць, што ў дакументах такім чынам апісваліся пераважна дзяржаўныя замкі. Прыватных у гэтых спісах мала, бо магнаты неахвотна высоўваліся на першую лінію абароны з-за высокага кошту ўтрымання фартэцый.

«Руская Украіна» пад Полацкам і Віцебскам

Адным з самых цікавых назіранняў стала выкарыстанне тэрміна «Руская Украіна» ў дачыненні да паўночнага ўсходу сучаснай Беларусі.

«У другой палове XVI ст. у крыніцах ВКЛ згадваецца паняцце «Руская Украіна». І размова ідзе пра Полацк і Віцебск, якія ў ВКЛ як рэгіён называлі Руссю, а ў кантэксце пагранічча — «Рускай украінай»», — тлумачыць Волкаў.

Гэтую думку пацвярджае і гісторык Вячаслаў Насевіч, які прывёў цытату з прыватнага ліста князя Рамана Сангушкі 1567 года. Князь піша, што мае ехаць са сваёй валынскай вотчыны «на Русь, панство его милости господарское украинное». З кантэксту відавочна, што маецца на ўвазе прыфрантавая тэрыторыя Полацкага ваяводства падчас Інфлянцкай вайны.

Узяцце маскоўцамі Полацка ў 1563 годзе ў тагачасным нямецкім лятучым лістку.

Мікола Волкаў дадае, што сам Сангушка, будучы «рускай веры» і паходзячы з Валыні, якая цяпер з'яўляюцца часткай Украіны, а тады таксама лічылася Руссю ў шырокім сэнсе, успрымаў Полаччыну як «айчына раскошная, праве святы край, зямля руская».

Таксама ў крыніцах сустракаецца выраз «на той украіне», што сведчыць пра тое, што памежная зона была вялікай і часам патрабавалася ўдакладненне, пра які менавіта адрэзак мяжы ідзе гаворка.

«Пісар замкаў валасцей Украіны»

Яшчэ адзін цікавы дакументальны доказ прывёў гісторык-архівіст Дзяніс Лісейчыкаў. На надмагіллі 1598 года ў Дзікушскай царкве Лідскага павета, пастаўленым па Марыне Скумін-Тышкевіч яе сынамі Дзмітрыем і Фёдарам, яе старэйшы сын, староста менскі, тытулуецца як «у Вялікім Княстве Літоўскім пісар замкаў валасцей Украіны».

Надмагілле 1598 года ў Дзікушскай царкве Лідскага павета, пастаўленае па Марыне Скумін-Тышкевіч, дзе яе старэйшы сын згадваецца як «у Вялікім Княстве Літоўскім пісар замкаў валасцей Украіны».

Такім чынам, у XVI стагоддзі слова «ўкраіна» для жыхароў ВКЛ азначала не столькі этнічную ці нацыянальную прыналежнасць, колькі геаграфічную і ваенна-стратэгічную функцыю рэгіёна — быць шчытом дзяржавы на мяжы з варожым суседам.

Сімвалічна, што праз пяць стагоддзяў сэнс гэтага паняцця вярнуўся да свайго першапачатковага значэння. Краіна, якая сёння завецца Украінай, служыць фарпостам для ўсёй Еўропы, супрацьстаючы агрэсіі Расіі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары42

  • атрымліваецца, што ўкраінец
    10.12.2025
    Можа і так, але сама ідэя вельмі нагадвае расійскі наратыў, проста з Літвой ў ролі Маскоўскага Царства і пакуль без адмовы сучаснай Украіне ў суб’ектнасці
  • вой ладна
    10.12.2025
    Вількаміраўскі пан,
    Тая гетманшчына разам з крымчакамі мянялі палітычны вектар па тры разы на тыдзень. Тое, што яны там некаму нешта абяцалі мінулым летам - нічога не каштавала наступным летам.
    А патоп шведы зладзілі.
  • .
    10.12.2025
    Вількаміраўскі пан, рускім украінцам (белым русам) надакучыла служыць Літве і Польшчы і цярпець здзекі з праваслаўя. Сама лепей было падзяліць крэсы-украіну па канфесійнай мяжы і назаўжды з кожным бокам развітацца.

Цяпер чытаюць

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль3

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Усе навіны →
Усе навіны

Калеснікава падзякавала за падтрымку і кілаваты цеплыні і святла, якія яны адчула ў апошнія дні12

«Гэта ж махінацыя». Беларуска дапамагла сяброўцы зрабіць польскую візу і атрымала галаўны боль з банкам5

Франак Вячорка і Аляксандр Дабравольскі пераязджаюць у Варшаву разам з Ціханоўскай26

У Беларусі пасля «Улі» хочуць абмежаваць цэны на таксі2

«Моцныя сутаргі па ўсім целе». 18‑гадовы Мацвей расказаў, як яго ўдарыла токам у мінскім тралейбусе2

Рост цэн на срэбра прымусіў папулярнага вытворцу ювелірных вырабаў Pandora перайсці на плаціну1

Праз Санкт-Пецярбург у Вялікабрытанію хацелі вывезці кавалак метэарыта вагой у 2,5 тоны. У Расію яго прывезлі з Беларусі3

Самы дарагі дом у студзені купілі ў мінскай Зацані1

Генерал Аляксееў, у якога сёння стралялі ў Маскве, датычны да катавання абаронцаў «Азоўсталі». Пракапенка: Справу давядзём да канца6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль3

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць