Цікавым фактам з беларускай гісторыі падзяліўся ў фэйсбуку гісторык Дзяніс Лісейчыкаў.

Якасць вырабаў слуцкай персіярні Яна Маджарскага была настолькі высокай, што за яе работнікамі ўжо ў сярэдзіне 1760‑х гадоў пачалі сачыць патэнцыйныя канкурэнты. Падрыхтаваць і навучыць кваліфікаваную рабочую сілу ў той час было даволі складана, таму самым распаўсюджаным спосабам канкурэнтнай барацьбы паміж уладальнікамі мануфактур стала «паляванне на галовы».
У лістападзе 1767 года ў Слуцку з’явіўся нехта Даманскі, які прадстаўляўся чалавекам надворнага літоўскага падскарбія Антонія Тызенгаўза. Слуцкі камендант Крыштаф Плінтцнер загадаў схапіць і змясціць падазронага госця пад варту. Падчас допыту высветлілася, што Даманскі пад выглядам рамесніка — слесара або ганчара — пранікаў на персіярню і ўгаворваў мясцовых работнікаў ехаць з ім.
У лісце да Караля Станіслава Радзівіла ад 3 снежня 1767 года камендант пісаў: «Пры допыце аказалася, што ён хацеў угаварыць людзей з персідскай фабрыкі, бо прыехаў з дзвюма падводамі па пары коней. Не жадаючы турбаваць яснавяльможнага вашай княжацкай міласці пана і дабрадзея, я загадаў правучыць яго розгамі і выставіць за горад».
На палях ліста «Пане Каханку» задаволена адзначыў: «Хвалю вяльможнага пана за гэты ўчынак і шмат чым яму абавязаны».
Радзівілаўскія работнікі вельмі цаніліся, і такі від прамысловага шпіянажу часта наносіў шкоду княжацкім мануфактурам. Так, крыху пазней, у 1780‑я гады, некалькі найлепшых майстроў радзівілаўскай гуты ў суседнім са Слуцкам Урэччы былі пераваблены шпіёнамі Хадкевічаў на іх мануфактуру ў Чарнобыль. Не варта забываць, што да канца невядома, пры якіх абставінах у радзівілаўскім Нясвіжы ў канцы 1750‑х гадоў з’явіўся і сам Ян Маджарскі, які да таго працаваў на станіславаўскай мануфактуры Патоцкіх.
Невядома, ці мела поспех місія Даманскага, але з канца 1770‑х гадоў паясы, што спрабавалі паўтарыць ўзоры і арнаментацыю слуцкіх, пачалі вырабляцца і на іншых мануфактурах Рэчы Паспалітай — у прыватнасці ў Гродне ў таго ж Тызенгаўза.


Цікава, што асобай, якая ў 1767 годзе ў Слуцку выдавала сябе за пасланца Тызенгаўза, быў, імаверна, не хто іншы, як Міхал Даманскі — радамскі канфедэрат, а пазней няўдалы кавалер знакамітай авантурысткі «князёўны Тараканавай». З гэтай загадкавай асобай, якая спачатку выдавала сябе за персідскую прынцэсу, у 1773 годзе быў звязаны цэлы эпізод у жыцці Караля Станіслава Радзівіла.
-
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
-
«Нават калі на чэрапе будзе напісана «Вітаўт», мы не паверым». У Вільні пачынаюць свідраваць сцяну катэдры ў пошуках магілы вялікага князя
-
«Чаму беларусы нас не абаранілі?» Шукеловіч расказаў малавядомую гісторыю сям’і Багушэвіча
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары