Апошнія месяцы далі канчатковы доказ, што такое ёсць.

L’Oréal, найбуйнейшы ў свеце вытворца касметыкі, паведаміла пра найбольш высокія квартальныя продажы за апошнія два гады. Паводле справаздачы, выручка французскай касметычнай групы ў першым квартале 2026 года склала 12,2 мільярда еўра — гэта на 6,7% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, калі лічыць па супастаўных паказчыках.
Вынік аказаўся вышэйшым за прагнозы аналітыкаў. На фоне справаздачы акцыі L’Oréal, якая валодае брэндамі Maybelline і Lancôme, выраслі на 8,5% у пачатку таргоў у мінулы чацвер, 23 красавіка.
Як адзначаецца, асноўным рухавіком росту стала Еўропа, дзе было зафіксавана павелічэнне продажаў на 10,3%.
У кампаніі гэта тлумачаць дзеяннем так званага «эфекту памады», калі на фоне крызісаў і вайны спажыўцы працягваюць купляць адносна недарагія тавары для паляпшэння асабістага самаадчування.
«Для мяне Еўропа — гэта абсалютнае пацвярджэнне таго, што мы называем «эфектам памады» або дафамінавым эфектам прыгажосці. Нашы даследаванні паводзін спажыўцоў выразна паказваюць: нягледзячы на занепакоенасць і пэўныя трывогі, людзі могуць скарачаць выдаткі на дарагія, значныя вытраты, але выкарыстоўваюць касметыку як форму кампенсацыі — як сродак справіцца са стрэсам і як псіхалагічную падтрымку. І мы назіраем гэта ў розных катэгорыях», — цытуе The Times генеральнага дырэктара L’Oréal Нікаля Іеранімуса.
Пры гэтым, як адзначыў кіраўнік кампаніі, пакуль не адбылося «абсалютна ніякіх змен» у мадэлях спажывання, нягледзячы на рост цэнаў на нафту і турбулентнасць на сусветных рынках, выкліканую канфліктам на Блізкім Усходзе. Ён, аднак, не выключыў, што пры захаванні высокіх выдаткаў на лагістыку і сыравіну, у тым ліку пластык, кампаніі можа спатрэбіцца павышэнне цэн пазней у гэтым годзе.
Аналітыкі Barclays назвалі базавы рост кампаніі «вельмі ўражлівым». Паводле іх звестак, найлепшыя вынікі паказалі напрамкі прафесійнай касметыкі і дэрматалагічнага догляду, а асноўнымі драйверамі росту сталі прэміяльныя сродкі для догляду за валасамі і парфумерыя.
Дадатковым стымулам для аптымізму стала тое, што найбуйнейшая ў свеце касметычная група паведаміла пра прыкметы аднаўлення на кітайскім рынку. Апошні працяглы час перажываў запаволенне з-за пастаяннай эканамічнай няпэўнасці і змены спажывецкіх звычак у рэгіёне.
Кампанія папярэджвае, што ў другім квартале на вынікі можа паўплываць канфлікт на Блізкім Усходзе, але паколькі гэты рэгіён дае менш за 3% агульнай выручкі, уздзеянне чакаецца абмежаваным.
Моцныя вынікі L’Oréal кантрастуюць з больш слабымі паказчыкамі іншых спажывецкіх кампаній і люксавых груп, такіх як LVMH, Kering (уладальнік Gucci) і Hermès (вытворца сумак Birkin), чый рост у першым квартале быў падарваны канфліктам на Блізкім Усходзе.
Каментары