У беларускім санаторыі будуюць струнную пасажырскую дарогу: залілі падмурак пад апоры і пачалі збіраць вагоны
У снежні мінулага года стала вядома, што ў Беларусі пачалі будаваць яшчэ адну струнную пасажырскую дарогу. Месцам рэалізацыі праекта выбралі санаторый «Сосны» Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі (ён знаходзіцца ў Мядзельскім раёне на возеры Нарач). Праект прадугледжвае будаўніцтва аднапутнай лініі, якая злучыць жылы корпус з новым спа-комплексам. Траса пройдзе пасярод сасновага лесу, піша Blizko.by.

Струнны транспарт uST — гэта праект грамадскага транспарту, у якім беспілотныя электрамабілі рухаюцца па рэйкава-струннай эстакадзе, усталяванай на апорах над зямлёй.

Кампанія, якая распрацоўвае струнны транспарт, называецца ЗАТ «Струнныя тэхналогіі». Інжынер Анатоль Юніцкі прасоўвае сваю ідэю яшчэ з савецкага часу. На ўскраіне Мар'інай Горкі дзейнічае экатэхнапарк, дзе выпрабоўваюць і дэманструюць транспартна-інфраструктурныя комплексы.

Першая камерцыйная лінія «Юнілайт» працуе на тэрыторыі экапарка «Акварэль». Таксама кампанія прасоўвае свае напрацоўкі ў ААЭ, дзе працуе R&D-цэнтр. У тэорыі вагоны на струннай дарозе могуць дасягаць хуткасцяў у некалькі сотняў кіламетраў за гадзіну. Але на практыцы такія хуткасці яшчэ не дэманстраваліся.
У жніўні кампанія паведаміла, што пачалі ўзводзіць падмуркі пад анкерныя і прамежкавую апоры эстакады. Працэс уключае ў сябе падрыхтоўку асновы, уладкаванне бетоннай падрыхтоўкі, устаноўку арматурных каркасаў і анкерных балтоў пад базы металічных калон.
Асноўная гарызантальная нагрузка перадаецца менавіта на анкерныя апоры. Таму іх падмуркі ўяўляюць сабой масіўныя падземныя жалезабетонныя канструкцыі, якія складаюцца з плітнай і сценавой часткі.
З завода XinGuangZheng у горадзе Ціндао правінцыі Шандун (Кітай) адпраўляюцца ў Беларусь металічныя канструкцыі анкерных і прамежкавай опор. Да прыбыцця іх на будаўнічую пляцоўку ўсе работы нулявога цыкла будуць завершаныя, будаўнікі прыступяць да мантажу сілавой часткі металаканструкцый эстакады.
У ліпені пачаліся работы па зборцы электрычнага вагончыка-беспілотніка, кампанія называе яго словам «юнімабіль». А ўчора кампанія паведаміла, што на заводзе прыступілі да зборкі цягавага і пасажырскага модуляў юнімабіля U5-54220-01.

Цяпер у цягавы модуль мантуецца падвеска, а таксама шэраг сістэм: пнеўматычная, гідраўлічная, ахаладжэння і кандыцыянавання. Напрыклад, у кліматычнай выкарыстоўваюцца чатыры высакавольтныя электрычныя награвальнікі сумарнай магутнасцю да 11 кВт, а ацяпленне можна гнутка падстройваць пад тэмпературу на двары.
Гэты U5- 54220‑01 прызначаны для хуткай і камфортнай дастаўкі адпачывальнікаў з жылога блока санаторыя ў новы вэлнес-цэнтр і назад. У салоне, разлічаным на шэсць сядзячых месцаў, прадугледжаная перавозка інваліда-вазочніка.

Каментары