У Эфіопіі пасля некалькіх гадоў перапынку зноў разгараецца поўнамаштабная грамадзянская вайна. Можа дэстабілізавацца і ўвесь рэгіён
У сталіцы Эфіопіі Адыс-Абебе ў ноч на чацвер прагрымела некалькі выбухаў. Мясцовыя жыхары і замежныя дыпламаты паведамілі, што чулі іх у раёне генеральнага штаба на захадзе горада, а таксама ў паўднёвых раёнах сталіцы, піша Бі-бі-сі.

Прадстаўнік аднаго з узброеных фармаванняў на поўначы краіны заявіў Reuters, што ў сталіцы маглі выбухнуць беспілотнікі, запушчаныя ўзброенай апазіцыяй. Аднак улады Эфіопіі не паведамлялі ні пра прычыны выбухаў, ні пра месцы іх дакладнага адбыцця, ні пра магчымых пацярпелых і разбурэнні.
Напярэдадні ўлады ўвялі забарону на палёты любых беспілотнікаў над Адыс-Абебай.
Выбухі адбыліся на фоне новага абвастрэння ўзброенага канфлікту на поўначы Эфіопіі. Каля тыдня таму ў рэгіёне Тыграй і суседніх раёнах аднавіліся баі паміж эфіёпскай арміяй і мясцовымі ўзброенымі фармаваннямі.
У жніўні сем узброеных груповак, у тым ліку Народны фронт вызвалення Тыграя, які кантралюе рэгіён Тыграй, і амхарскае апалчэнне Фано, стварылі альянс. Яны заявілі пра намер зрынуць цяперашні цэнтральны ўрад.
Бакі па-рознаму апісваюць пачатак новых баявых дзеянняў. Народны фронт вызвалення Тыграя сцвярджае, што быў вымушаны адказаць на наступленне ўрадавых сіл і іх атакі беспілотнікамі. Урад Эфіопіі, у сваю чаргу, заяўляе, што баявыя дзеянні пачалі тыграйскія фармаванні, захапіўшы аэрапорты ў рэгіёне.
Такім чынам, абедзве стораны абвінавачваюць адна адну ў парушэнні мірнага пагаднення 2022 года, якое паклала канец двухгадовай вайне ў Тыграі. Паводле ацэнкі Афрыканскага саюза, у выніку той вайны загінулі каля 600 тысяч чалавек.
Паводле даступнай інфармацыі, цяпер эфіопскае войска і праўрадавыя ўзброеныя фармаванні прасоўваюцца ў бок Мэкэле — сталіцы Тыграя. Медык з горада Аламата на поўдні рэгіёна паведаміў Бі-бі-сі, што за тры дні баёў там загінулі 52 мірныя жыхары.
Баі таксама ідуць у суседнім рэгіёне Афар. Праз яго праходзяць асноўныя наземныя шляхі з Эфіопіі да Джыбуці і яго партоў. Паводле ацэнкі суразмоўцы агенцтва AFP з гуманітарнай арганізацыі, у Афары дзясяткі тысяч людзей былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
На захадзе краіны, у рэгіёне Амхара, эфіопскае войска вядзе баі з групоўкай Фано каля горада Лалібэла. Ён вядомы высечанымі ў скалах цэрквамі, уключанымі ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Праз баявыя дзеянні замежныя турысты ўжо больш за тыдзень не могуць пакінуць Лалібэлу.
Эфіопія таксама абвінавачвае суседнюю Эрытрэю ў падтрымцы паўночных узброеных груповак. Камандзір аднаго з праўрадавых фармаванняў заявіў BBC, што ў баях у Тыграі ўдзельнічаюць эрытрэйскія вайскоўцы.
Міністр інфармацыі Эрытрэі Еманэ Гебрэмэскель гэтыя абвінавачанні адхіліў. Ён, у сваю чаргу, заявіў, што ўрад Эфіопіі выкарыстоўвае суседнія краіны як вінаватых, каб адцягнуць увагу ад унутраных канфліктаў. У папярэдняй вайне ў Тыграі Эрытрэя выступала саюзніцай Эфіопіі і ваявала супраць Народнага фронту вызвалення Тыграя.
Пасля гэтага адносіны паміж Эфіопіяй і Эрытрэяй зноў пагоршыліся, у тым ліку праз заявы прэм'ер-міністра Эфіопіі Абія Ахмеда пра неабходнасць атрымаць уласны выхад да мора.
Эфіопія страціла непасрэдны выхад да мора пасля таго, як Эрытрэя стала незалежнай у 1993 годзе. Абій Ахмед заяўляе, што марскі порт неабходны Эфіопіі, і раней намякаў на магчымасць сілавога ўсталявання кантролю над эрытрэйскім портам Асэб, размешчаным прыкладна за 60 кіламетраў ад мяжы.
Каментары