Гісторыя8888

Тры версіі аднаго правалу: як на парламенцкіх выбарах у 1995‑м сутыкнуліся Пазняк і Мацкевіч

У БНФ лічылі: калі б не ўмяшанне Мацкевіча з яго хітрай эгаістычнай стратэгіяй, Пазняк мог бы перамагчы.

Зянон Пазняк, Уладзімір Мацкевіч. Фота: «Наша Ніва»

Вясна 1995 года. Выбары ў Вярхоўны Савет — першыя парламенцкія выбары пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Краіна яшчэ нібыта жыве паводле старых правілаў, але насамрэч ужо хутка праваліцца ў іншую палітычную эпоху. І менавіта ў гэты момант у адной выбарчай акрузе, Ангарскай, сустракаюцца два чалавекі, якія, здавалася б, знаходзяцца па адзін бок барыкадаў, — Зянон Пазняк ад БНФ і метадолаг Уладзімір Мацкевіч ад Аб'яднанай дэмакратычнай партыі (АДПБ). Але адзін ідзе на выбары, каб перамагчы, а другі, як сам пазней скажа, — каб «даследаваць дзеяннем». У выніку абодва прайграюць.

Для каманды БНФ гэта гісторыя пра ўдар у спіну і аслабленне дэмакратычнага лагеру. Для Мацкевіча — гісторыя пра спробу праверыць рэальнасць на сабе і палітычную слепату тагачаснай апазіцыі. Для лідара АДПБ Аляксандра Дабравольскага — прыклад таго, як амбіцыі перамаглі супольную мэту.

Выбары, якія ўлада фактычна сарвала

У пачатку 1990‑х Беларускі народны фронт на чале з Зянонам Пазняком быў сілай, якая фармавала нацыянальны палітычны парадак дня: мова, сімволіка, незалежнасць, беларуская дзяржаўнасць. У Вярхоўным Савеце 12‑га склікання фронтаўцы былі ў меншасці, але гэта была меншасць гучная, арганізаваная і ўплывовая.

Аднак ужо ў 1994 годзе адбываецца пералом: на прэзідэнцкіх выбарах перамагае Аляксандр Лукашэнка, які вельмі хутка ўступае ў супрацьстаянне з парламентам. Увесну 1995‑га адбываецца рэферэндум пра мову, сімволіку і інтэграцыю з Расіяй. І адначасова з ім — выбары ў новы парламент.

Паводле ацэнак удзельнікаў, уся кампанія 1995 года была сарваная ўладай, у тым ліку праз публічную пазіцыю Лукашэнкі, які адкрыта заяўляў, што не пойдзе галасаваць, бо «ўсё роўна падмануць». Такія словы не маглі не ўдарыць па яўцы.

Вынік быў разбуральны: недасканаласць выбарчага заканадаўства прывяла да таго, што з-за нізкай яўкі выбаршчыкаў нават пасля двух тураў удалося абраць толькі 119 дэпутатаў (калі на ўчасткі прыходзіла менш за 50% выбарцаў, то лічылася, што выбары на акрузе не адбыліся). Гэтага было недастаткова для фарміравання Вярхоўнага Савета: паводле закона патрабавалася як мінімум 174 мандаты — не менш за дзве траціны ад поўнага складу ў 260 чалавек. У большасці акругаў галасаванне не дало выніку, другія туры часта не вырашалі нічога, а пазней давялося праводзіць давыбары. У выніку ніводнага прадстаўніка БНФ у новы парламент не трапіла.

Сяргей Навумчык: Удзел Мацкевіча ў выбарах аслабіў Пазняка

Найбольш рэзкая пазіцыя адносна тых падзей — у прадстаўнікоў БНФ. Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12‑га склікання Сяргей Навумчык, які быў унутры гэтай палітычнай кухні, лічыць дзеянні АДПБ бесталковым ударам у спіну:

«Вылучэнне кандыдата ад адной дэмакратычнай партыі супраць лідара іншай — гэта ўдар і супраць лідара, і не ў меншай ступені супраць самой партыі. Вынік выбараў часта вырашаюць адзін-два працэнты, нават некалькі дзясяткаў галасоў».

Сяргей Навумчык. Архіўнае фота Сяргея Гудзіліна

Тым больш, што БНФ і АДПБ былі шмат у чым падобныя. Напрыклад, яны былі адзіныя ў курсе на дэкамунізацыю і дэмакратыю, рынкавыя рэформы, будаўніцтва дзяржаўных інстытуцый. Былі пэўныя разыходжанні ў поглядах на нацыянальнае Адраджэнне і на адносіны з Расіяй, пры гэтым АДПБ не падтрымала рэферэндуму 1995 года і асудзіла збіццё дэпутатаў БНФ. Але ў гэтых двух гульцоў былі дыяметральныя погляды на ўвядзенне пасады прэзідэнта: АДПБ — за прэзідэнцтва, БНФ — за парламенцкую рэспубліку.

Сяргей Навумчык згадвае: адносіны паміж БНФ і Аб'яднанай дэмакратычнай партыяй былі далёкія ад ідэальных і да 1995 года. Напружанне абвастрылася яшчэ на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, калі АДПБ падтрымала Шушкевіча, а БНФ — свайго лідара Зянона Пазняка. Таму з’яўленне ў адной акрузе канкурэнта з таго ж дэмакратычнага лагеру выглядала працягам гэтага супрацьстаяння.

Але, падкрэслівае ён, галоўным ворагам БНФ былі не ўнутраныя спрэчкі, а дзяржаўная і камуністычная машына.

«Асноўным інструментам змагання ўладаў супраць БНФ былі не альтэрнатыўныя кандыдаты дэмпартый, а кандыдаты ад камуністычнай партыі, якую ўзначальваў Сяргей Калякін. Камуністы выставілі сваіх кандыдатаў па ўсіх акругах, дзе ішлі фронтаўцы, мелі і арганізацыйную, і ідэалагічную — праз дзяржаўныя СМІ — падтрымку адміністрацыі Лукашэнкі. Яны адпомсцілі БНФ і Пазняку асабіста і за Курапаты, і за Незалежнасць», — кажа Навумчык.

Разбіты электарат і псіхалагічны эфект

Навумчык прызнае: калі глядзець на сухую арыфметыку, нельга ўпэўнена сказаць, што без Мацкевіча Пазняк стаў бы дэпутатам. Але, паводле яго, выбары — гэта не толькі матэматыка.

«У першым туры Пазняк выйшаў на першае месца, але не набраў патрэбных для абрання 50%. Ягоны асноўны канкурэнт-камуніст быў другім, Мацкевіч — чацвёртым. Я цяпер не маю дакладных лічбаў Пазняка, але, наколькі памятаю, гэта было менш за 40%, так што нават калі б і дадаліся «мацкевічскія» 12%, лідар БНФ мог і не быць абраны. Але гэта арыфметычна.

Аднак быў істотны псіхалагічны момант, які, на мой погляд, паўплываў на вынікі, — сама наяўнасць альтэрнатыўнага дэмакратычнага кандыдата.

У другім туры Пазняк быў на другім месцы, на першае выйшаў камуніст, але і ён не набраў патрэбных 50%. Наколькі я магу прыгадаць тагачасныя размовы ў БНФ, некаторыя лічылі, што калі б у Пазняка не было канкурэнта з дэмлагеру ў першым туры, гэта не раструшчыла б, не дэмаралізавала б дэмакратычны электарат. Бо тыя, хто галасаваў за Мацкевіча, не пайшлі галасаваць на другі тур, а калі б Мацкевіча не было, яны б прагаласавалі за лідара БНФ і ў першым туры, і ў другім туры.

Не ведаю, наколькі гэта было рэальна для другога туру. Бо другі тур адбываўся пасля абвяшчэння вынікаў так званага рэферэндуму пра мову, герб і сцяг, якія былі моцным ударам па нацыянальна свядомай частцы грамадства. Але тое, што ў першым туры наяўнасць у лідара БНФ апанента з дэмлагеру, апроч разбівання галасоў, стварыла адмоўны псіхалагічны фон, — гэта бясспрэчна. Пэўна ж, былі тыя, хто не прыйшоў галасаваць ужо на першы тур, падумаўшы — а ці варта ісці за вас галасаваць, калі вы паміж сабой не можаце дамовіцца?» — перакананы Сяргей Навумчык. 

Мітынг у скверы Янкі Купалы. Васіль Быкаў, Сяргей Навумчык, Артур Вольскі, Рыгор Барадулін. Фота Галіны Навумчык, 3 ліпеня 1994. Крыніца: zbsb.info

Ён падкрэслівае: удзел Мацкевіча ў выбарах адназначна паспрыяў аслабленню Пазняка і імкненню ўладаў не прапусціць лідара БНФ у Вярхоўны Савет.

«Але незалежна ад якіх бы ні было фактараў улады не прапусцілі б у новы Вярхоўны Савет не толькі Пазняка, але і ўвогуле ніводнага кандыдата ад БНФ. Гэта была стратэгічная мэта ўладаў. Калі б Мацкевіча не было, скарысталі б нешта іншае. Так, як у 1994 Масква скарыстала амбіцыі «маладых ваўкоў», якія вылучылі Лукашэнку. Не было б Ганчара і Булахава — знайшлі б іншых. Не варта забываць і пра фальсіфікацыі, улады іх выкарыстоўвалі напоўніцу і на выбарах ўвесну, і на «давыбарах» увосень 95-га.

Між іншым, увосень АДПБ канкурэнтаў лідарам БНФ не выстаўляла, як і мы ім сваіх не выстаўлялі. Супраць Пазняка ў Смаргоні ішоў камуніст, і фальсіфікацыі там былі татальныя. Тагачасны старшыня ЦВК Абрамовіч на паседжанні камісіі прызнаў іх наяўнасць, нават загадаў перадаць матэрыялы ў Генпракуратуру, але… зацвердзіў вынікі выбараў, і неўзабаве стаў намеснікам кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі.

Праўда, спадар Мацкевіч адмаўляў наяўнасць фальсіфікацый, і аспрэчваў словы Васіля Быкава, што «выбары сфальсіфікаваныя ад пачатку да канца», заявіўшы, што ў Быкава няма доказаў. У рэальнасці доказы фальсіфікацый у БНФ былі літаральна па кожнай акрузе, дзе мы мелі сваіх кандыдатаў», — кажа Навумчык. 

Мацкевіч: Яны не маглі ўявіць сабе надыход фашызму

Уладзімір Мацкевіч лічыць, што праблема была значна глыбейшая і не ў ім. Для яго галоўнае ў той гісторыі не пытанне, у каго колькі галасоў ён забраў, а як у Беларусі ў той момант ужо змяніўся сам механізм выбараў.

Незадоўга да выбараў ён вярнуўся ў Беларусь і апынуўся побач з палітыкай як кансультант Аб’яднанай дэмакратычнай партыі. Ён спрабаваў пераканаць сваіх суразмоўцаў: іх уяўленне пра палітычную рэчаіснасць ужо не адпавядае таму, што адбываецца насамрэч. Але яго, паводле ягоных жа слоў, не чулі.

Уладзімір Мацкевіч, 2026 год. Фота: «Наша Ніва»

«Гэта ўжо была іншая краіна. Але значная частка апазіцыі гэтага проста не заўважыла. Яны проста не маглі ўявіць сабе надыход фашызму. Пад тую выбарчую кампанію я напісаў тэкст «Красавіцкія тэзісы». Ён з’явіўся пасля збіцця дэпутатаў фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12‑га склікання. І тое, што адбылося, было паказальным: усё прайшло амаль ціха, без сапраўднай рэакцыі грамадства. Фракцыя БНФ, вядома, абурылася, але ў цэлым краіна гэта праглынула.

Ніхто не ўспрыняў гэтага як сігналу. Хаця па сваёй сутнасці гэта нагадвала падпал Рэйхстага ў Германіі 1933 года — дэманстрацыю таго, што перыяд адноснай свабоды скончыўся. Часы Кебіча, з іх недасканалай, але ўсё ж дэмакратыяй, засталіся ў мінулым. Рэжым яшчэ не быў аформлены канчаткова, але ягоныя контуры ўжо праяўляліся: ціск на медыя, белыя плямы ў газетах, выцісканне бізнэсу, першыя прыкметы кантролю.

Палітыкі гэтага не бачылі. Яны працягвалі жыць у ілюзіях пачатку 90‑х — у ўяўленні, што свабода і незалежнасць ужо незваротныя, што ўсё далей пойдзе само сабой.

Я глядзеў на гэта інакш, як аналітык, са свежымі вачыма. І бачыў, што сітуацыя развіваецца ў супрацьлеглым кірунку. Але гэты погляд быў непапулярны, ён ішоў насуперак агульнаму настрою. І ў гэтым трагедыя таго часу: мы прапусцілі момант, калі яшчэ нешта можна было змяніць».

«Калі ты такі разумны — ідзі сам»

Удзельнічаць у парламенцкіх выбарах Мацкевіч вырашыў не таму, што марыў пра мандат, а таму, што хацеў праверыць уласную гіпотэзу на практыцы:

«Шчыра кажучы, я сам не збіраўся ісці ў дэпутаты. Я толькі каля года як вярнуўся ў Мінск, займаўся аналітыкай і ўвогуле лічыў, што мая справа — гэта рэформа адукацыі. Але тое, што я бачыў, вельмі моцна разыходзілася з уяўленнямі апазіцыйных палітыкаў і аналітычных цэнтраў. Мне здавалася, што іх ацэнкі павярхоўныя, непрафесійныя, што яны проста не разумеюць, што адбываецца.

Я спрабаваў гэта тлумачыць, у тым ліку Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, якой кіраваў Аляксандр Дабравольскі. Але мяне дрэнна чулі. І ў нейкі момант мне фактычна сказалі: калі ты такі разумны — давай тады пойдзеш у дэпутаты сам і зоймешся палітыкай.

Я пагадзіўся. Але не як палітык, а як аналітык, які хоча праверыць сваю гіпотэзу».

Пры гэтым, паводле слоў Мацкевіча, ён адразу прасіў не абы-якую акругу, а самую складаную — тую, дзе ішлі галоўныя палітычныя фігуры. Ён называе тры прозвішчы: Пазняк, Шушкевіч, Карпенка.

«Я спецыяльна папрасіў акругу з самымі моцнымі кандыдатамі — там, дзе ішлі відавочныя фаварыты. Бо, паводле маёй ацэнкі, ніводзін з іх не павінен быў атрымаць дастатковай падтрымкі: яны ўжо гублялі папулярнасць, хоць самі гэтага не ўсведамлялі.

Мне не паверылі. Але ў выніку далі менавіта акругу Пазняка. Насамрэч, мне было б нават цікавей ісці супраць Шушкевіча. Але Аляксандр Дабравольскі і кіраўніцтва партыі не хацелі канфліктаваць ні з ім, ні з Карпенкам.

З Зянонам Пазняком сітуацыя выглядала інакш: супрацоўніцтва паміж БНФ і Аб’яднанай дэмакратычнай партыяй і без таго было напружаным. Да таго ж усе былі ўпэўненыя, што Пазняк у сваёй акрузе ўсё роўна пераможа.

І так думалі не толькі ў партыі. Так думалі і бізнэсмены, з якімі я тады працаваў як бізнэс-кансультант. Я хацеў атрымаць дапамогу, грошы на сваю кампанію. Усе, да каго я звяртаўся, казалі: «Ну ты што, вар’ят? Пазняк там адназначна пераможа».

У выніку я правёў кампанію фактычна за ўласныя грошы. Партыя дапамагла мінімальна — раздрукавалі некалькі ўлётак. Усё астатняе — гэта была праца валанцёраў: студэнтаў, аспірантаў, калег», — згадвае Уладзімір Мацкевіч. 

Адзначым, што ў адной са сваіх кніг Мацкевіч тлумачыў сваю тагачасную логіку трохі іначай: «Як даследчык, аўтар разумеў, што акруга вельмі зручная, бо шанцы Пазняка на выхад у другі тур вельмі вялікія, але шанцаў на перамогу [Пазняка] ў другім туры няма ніякіх. Выхад аўтара ў другі тур быў бы цяжкай задачай, затое потым усё станавілася прасцей».

Выглядае, што Мацкевіч спадзяваўся у ідэале праскочыць разам з Пазняком у другі тур з другога месца. А ў другім туры скарыстацца адмоўным рэйтынгам Пазняка і, сабраўшы галасы яго ненавіснікаў, перамагчы. Аднак не атрымалася. Мацкевіч атрымаў толькі чацвёртае месца.

Рэферэндум 14 мая 1995 г. Выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. Галасаванне на 3‑м выбарчым участку 251‑й Машэраўскай акругі сталіцы. Мінск. Фота: Беларуская энцыклапедыя

«Мы не развалілі кампанію, а ажывілі яе»

На заўвагу, што ягоны ўдзел мог адцягнуць галасы ў Пазняка і перашкодзіць яму ў выбарах, Мацкевіч адказвае: на яго думку, менавіта ягоная кампанія і надала той акрузе дынаміку.

«Калі б не мы, кампанія БНФ у той акрузе, хутчэй за ўсё, прайшла б даволі сціпла. А так мы выходзілі з пікетамі, вялі актыўную агітацыю, і штаб Пазняка таксама быў вымушаны ўключацца. У выніку атрымалася сітуацыя: дзве каманды, два кандыдаты, але фактычна з адным і тым жа парадкам дня. Але нават калі скласці галасы за Зянона Пазняка і мае, паводле афіцыйных вынікаў яны ўсё роўна не давалі неабходных 50% плюс адзін. Да таго моманту Зянон Пазняк ужо не меў той падтрымкі і той перавагі на сваёй акрузе, якую меў на першых выбарах, ягоная папулярнасць падала.

Тое ж пацвердзілі і наступныя, снежаньскія выбары, калі ён балатаваўся ў Смаргоні — і зноў безвынікова. Тады ніводзін кандыдат ад БНФ не прайшоў у парламент. Палітычная сітуацыя змянілася, і былі патрэбныя новыя людзі, новыя падыходы. Менавіта з гэтым разуменнем я ўдзельнічаў у стварэнні Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Мы працавалі з кандыдатамі, спрабавалі выбудаваць іншую логіку ўдзелу ў выбарах. І ў нейкім сэнсе гэта дало вынік: у Вярхоўным Савеце 13‑га склікання ўсё ж удалося сфарміраваць хаця б адну апазіцыйную фракцыю. У тых умовах гэта ўжо было нешта».

Лібералам з Аб'яднанай грамадзянскай партыі — якая была створаная на аснове Аб'яднанай дэмакратычнай — сапраўды ўдалося стварыць фракцыю «Грамадзянскае дзеянне» з 15 дэпутатаў. Сваю маленькую фракцыю ўтварылі і сацыял-дэмакраты. Гэтыя дзве апазіцыйныя сілы ў 1996 годзе стануць рошчынай для нечаканага альянсу з дамінуючымі аграрнікамі і камуністамі ў спробе спыніць спаўзанне краіны да дыктатуры.

Мацкевіч адзначае, што вынікі галасавання былі для яго пацверджаннем — выбары ўжо тады фальсіфікаваліся. Заўвагу Сяргея Навумчыка аб тым, што ён адмаўляў раней фальсіфікацыі, Мацкевіч называе памылковай інтэрпрэтацыяй ягоных слоў. Але галоўнае, на яго думку, не ў саміх фальсіфікацыях. 

«Рэч у тым, што ў той момант пачынаў фармавацца іншы механізм. Дзяржава атрымлівала магчымасць кантраляваць выбары задоўга да дня галасавання — праз медыя, сімвалічную прастору, грошы. Апазіцыйных кандыдатаў можна было проста перакрыць эканамічна, інфармацыйна, арганізацыйна, так, што да бюлетэняў справа ўжо не даходзіла як да сапраўднай канкурэнцыі.

Таму мая тэза была ў тым, што выбары становяцца несапраўднымі не толькі праз фальсіфікацыі. Іх можна сарваць і без прамога падману ў дзень галасавання праз кантроль над усім працэсам. Менавіта гэта — як гэта адбываецца, як працуе сістэма — я і хацеў зразумець праз свой удзел. Гэта і было маё даследаванне дзеяннем», — кажа Мацкевіч.

Аляксандр Дабравольскі: Гэта была памылка

У Аляксандра Дабравольскага сваё бачанне тых падзей. На пытанне, навошта яго партыя вылучыла Мацкевіча на акругу Пазняка, ён адказвае больш прыземлена, чым Навумчык і Мацкевіч:

Аляксандр Дабравольскі. Фота: Наша Ніва

«У 1995 годзе былі перамовы пра падзел акругаў паміж кандыдатамі ад дэмакратычных партый. Дамовіцца не ўдалося. БНФ вылучыў свае кандыдатуры па шматлікіх акругах, у тым ліку і па маёй. У нас была гарачая дыскусія, што рабіць. У той час у нас ішоў працэс аб’яднання з Грамадзянскай партыяй, і мы кансультаваліся з імі. Я асабіста лічыў кепскай ідэяй вылучаць кандыдата па акрузе Пазняка, хоць мне прыводзілі прыклад маёй акругі, дзе я раней перамог на выбарах у Вярхоўны Савет СССР. Але Мацкевіч настойваў, і большасцю галасоў яго вылучылі кандыдатам.

Той прыклад паказвае, што перавага амбіцый над імкненнем да супольных мэтаў да дабра не вядзе. Я неаднойчы казаў, што каб у Вярхоўным Савеце ў 1996 годзе, акрамя нас, былі дэпутаты ад БНФ, то шанцаў на імпічмент было б значна больш».

Герой перабудовы, але не палітык новай эпохі?

Сам Мацкевіч пры гэтым не адмаўляе значэння Пазняка: 

«Я ўспрымаў Пазняка як героя перабудовы, як аднаго з ключавых людзей у пачатку беларускай незалежнасці. І тое, што зрабіла фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12‑га склікання, — гэта сапраўды подзвіг: у поўнай меншасці яны здолелі ўплываць на правільныя рашэнні, фактычна весці за сабой гэты разгублены, нерашучы парламент».

Але, на яго думку, зорка Пазняка закацілася ўжо ў 1992 годзе, калі не ўдалося дамагчыся выбараў новага складу Вярхоўнага Савета:

«Бо сітуацыя была абсурдная: краіна ўжо незалежная, а парламент — яшчэ савецкі, абраны як рэгіянальны орган у складзе СССР. Ён быў непрацаздольны, неадэкватны рэальнасці, і толькі дзякуючы БНФ у ім яшчэ нешта рухалася.

І вось у той момант, на піку папулярнасці, не здарыўся галоўны крок — перазагрузка ўлады. Пасля гэтага ўсё пайшло на спад. Рэйтынгі Пазняка пачалі падаць, супраць БНФ разгарнулася сістэмная антыкампанія — з боку старых камуністычных структур, спецслужбаў, медыя.

Зянон Пазняк на Дні Волі 1995 года ў Мінску. Фота: photo.bymedia.net з архіву «Нашай Нівы»

Пры гэтым я заўсёды ставіўся да Пазняка з вялікай павагай як да ідэолага. І шмат у чым ягоныя погляды мне блізкія і сёння. Але як палітык ён, на мой погляд, аказаўся не цалкам адпаведны той рэальнасці. Палітыка патрабуе не толькі прынцыповасці, але і гнуткасці, умення гуляць складаную гульню, часам ісці на кампрамісы.

Пазняк — іншы. Ён прынцыповы, непахісны, прамы. І менавіта гэта робіць яго моцным ідэолагам, але адначасова — складаным, немэйнстрымным палітыкам».

Для аднаго — досвед. Для іншых — экзістэнцыйны момант

Мацкевіч не хавае: свой удзел у выбарах ён лічыць плённым. Паводле яго, менавіта на падставе таго досведу ён пазней сфармуляваў канцэпцыю трох пакаленняў паліттэхналогій і інакш пачаў глядзець на ўсе наступныя кампаніі.

«Галоўнае, што мне даў 1995 год, гэта разуменне: палітыка не тлумачыцца толькі рэйтынгамі, сацыялогіяй або жаданнямі саміх палітыкаў. Найбольш дакладную карціну дае толькі даследаванне дзеяннем — калі ты ўнутры працэсу і бачыш, як ён працуе насамрэч», — кажа Уладзімір Мацкевіч.

Сяргей Навумчык глядзіць на гэта пад іншай оптыкай: для Мацкевіча гэта было даследаванне, эксперымент, а для БНФ гэта быў момант, калі вырашаўся лёс краіны.

19 дэпутатаў БНФ у Вярхоўным Савеце 11 красавіка 1995 года проста ў Авальнай зале абвясцілі галадоўку. Другі злева з газетай — Сяргей Навумчык. Архіўнае фота

«Уладзімір Мацкевіч сам называў свой удзел у выбарах «даследаваннем дзеяннем» і лічыў гэты эксперымент удалым. А для нас выбары былі не эксперыментам. На іх вызначаліся не лёсы канкрэтных палітыкаў, і нават не будучыня дэмакратыі, а лёс беларусаў як нацыі.

1994—95 гады мелі для краіны экзістэнцыйны характар: альбо Беларусь будзе незалежнай, а для гэтага трэба як далей дыстанцыявацца ад Расіі, альбо яна будзе з Расіяй, а значыць, яе сувэрэннасць будзе змяншацца, а беларусы апынуцца пад пагрозай знікнення як нацыя.

Васіль Быкаў тады заклікаў грамадства, дэмакратычныя партыі аб’яднацца вакол Беларускага Народнага Фронту, які няўхільна абараняў нацыянальныя інтарэсы. Я і сёння перакананы, што тады БНФ на чале з Пазняком былі адзінай палітычнай сілай, здольнай паслядоўна праводзіць палітыку будаўніцтва незалежнай дзяржавы і, што асабліва важна, — адзінай, здольнай супрацьстаяць націску Расіі. Прычым у той час такое супрацьстаянне не выклікала б увод расейскіх танкаў, Беларусь усё ж не Чачня. Гэта быў шанец, але ён быў страчаны: лідары дэмпартый, хаця нязменна выказвалі павагу Быкаву, на жаль, не прыслухаліся да яго.

Між іншым, тады некаторыя дэмакраты, якія прайшлі ў ВС-13, кпілі з нас, што, маўляў, БНФ пацярпеў скрышальную паразу. Ужо не прыгадаю, каму канкрэтна, але я тады сказаў: «Пачалі з нас, наступнымі будзеце вы». Так яно і здарылася — ад 1996 года ніводны з іх больш не быў прапушчаны ў «парламент».

Ці змяніў бы Пазняк гісторыю 1996-га?

А што было б, калі б Зянон Пазняк усё ж трапіў у Вярхоўны Савет 13‑га склікання? Ці мог ён паўплываць на галоўную палітычную драму таго часу — спробу імпічменту Аляксандра Лукашэнкі ў 1996 годзе?

Тут версіі зноў разыходзяцца.

У Вярхоўным Савеце выступае Зянон Пазняк. Архіўнае фота

Сяргей Навумчык упэўнены: прысутнасць БНФ у парламенце была прынцыповай. Пасля выбараў фронтаўцаў у зале не было, і частка дэмакратычных дэпутатаў спачатку шукала кампрамісу з Лукашэнкам, спрабавалі дамовіцца з ім, у адрозненне ад БНФ, які, паводле яго, ілюзій не меў ніколі.

Гэта, на яго думку, і стала фатальнай розніцай. Пакуль адны яшчэ верылі ў магчымасць дамовы, час працаваў супраць іх. Да ідэі імпічменту дэпутаты прыйшлі толькі ў жніўні — калі, па сутнасці, было ўжо позна.

Кульмінацыяй стаў лістапад 1996 года і так званае начное пагадненне, калі Сямён Шарэцкі і Валер Ціхіня падпісалі дамову з Лукашэнкам аб спыненні працэдуры імпічменту.

Пры тым, падкрэслівае Навумчык, сам імпічмент быў рэальны.

«Многія ўзгадваюць, як напярэдадні гэтага Лукашэнка выступаў па тэлебачанні з відавочным хваляваннем — у яго дрыжэлі рукі. Шарэцкі пазней заяўляў, што камандзіры вайсковых падраздзяленняў казалі: калі імпічмент будзе абвешчаны, яны гатовыя «даставіць Лукашэнку ў ланцугах».

Але ў апошні момант у гульню ўмяшалася Масква. У Мінск прыляцелі высокапастаўленыя расійскія чыноўнікі — крамлёўскі дэсант, які, па словах Навумчыка, фактычна выратаваў Лукашэнку.

І менавіта тут ён уводзіць Пазняка — як фігуру, якая магла павесці сябе інакш:

«Праз некалькі гадоў у Празе Шарэцкі сам прызнаваўся: «Мне патэлефанаваў Ельцын! Вы разумееце — Ельцын!» Тады адзін з прысутных, пісьменнік Уладзімір Арлоў, сказаў: «Пазняк бы гэтага Ельцына паслаў бы на…». І гэта, па сутнасці, адлюстроўвае розніцу ў паводзінах.

У 1996 годзе я сам пытаўся ў Пазняка, што б ён зрабіў, калі б быў там. Ён адказаў: «Я б проста выцягнуў Шарэцкага за каўнер з-за стала. Фізічна». І, шчыра кажучы, я не сумняюся, што ён бы так і зрабіў. Ні Калякін, ні Карпенка на такое не пайшлі б. А Пазняк — мог.

Я часта чытаю, што калі б Пазняк не паехаў у эміграцыю, імпічмент бы адбыўся. Не, прысутнасці Пазняка проста ў Беларусі было недастаткова. Начное пагадненне было б сарванае толькі ў тым выпадку, калі б Пазняк быў у памяшканні, а быць ён там мог толькі калі б меў дэпутацкі статус».

Уладзімір Мацкевіч бачыць сітуацыю інакш. Ён не адмаўляе ролі асобы ў палітыцы, але настойвае: сістэма ўжо была такой, што нават моцная фігура сама па сабе не магла гарантавана штосьці змяніць.

Ён адзначае: у парламенце і без таго былі людзі, якія змагаліся за імпічмент — Віктар Ганчар, Генадзь Карпенка, іншыя дэпутаты. Ішла барацьба за кожны голас. Але вырашальны злом адбыўся на ўзроўні сістэмы — пад ціскам Масквы і ўнутраных кампрамісаў.

Больш за тое, Мацкевіч лічыць, што галоўная памылка была ў іншым: дэпутаты не пусцілі людзей з плошчы ў будынак Вярхоўнага Савета, каб абараніць яго.

«Я лічу, што менавіта ў 1996 годзе ў Беларусі мог адбыцца першы Майдан. Калі б у крытычную ноч людзі не проста стаялі звонку і разыходзіліся, а занялі будынак. Але дэпутаты на гэта не пайшлі», — кажа ён.

І таму робіць выснову: Пазняк мог бы нешта змяніць, але не абавязкова вырашыць усё.

Важна адзначыць: Станіслаў Шушкевіч і Генадзь Карпенка, супраць якіх Уладзімір Мацкевіч таксама быў гатовы выступіць, у сваіх мінскіх акругах тады ў 1995 годзе ўсё ж перамаглі. Ці гэта было таму, што дэмакратычны электарат у тых акругах ад пачатку не быў расколаты? Ці таму, што кандыдаты-цэнтрысты мелі лепшы рэйтынг за Пазняка? Адказу на гэтае пытанне няма.

Каментары88

  • Anatol Starkou
    25.04.2026
    Здурэць можна канчаткова і безпаваротна не вярнуцца ў нармальны беларускі сьвет, калі гэта ўсё прачытаць з думкай што калі б адзін ПА ЖЫЦЦІ ў полі воін прайшоў бы ў ВС (13 склікання) Ў ВЯСНУ 1995, то ў восень 1996 Лукашэнка быў бы ўжо зкінуты з пасады імпічментам. Якім чынам? Бчб ахова адзінага дэпутата з ЗЯ-БНФ не пусціла б у Беларусь Трох рускіх багатырэй. І ўсё. Лукашэнка з восені 1996 паехаў бы ў Растоў на Доне лавіць рыбу. А мы б яшчэ раз пахерылі б Закон аб мовах ад студзеня 1990, бо ён пра наркамаўку, і пачалі б вучыць тарашкевіцу.

    Некалькі разоў у артыкуле гучыць ВЯСНА 1995. Паважаная НН, сам я не тутэйшы, растлумачце калі ласка што такое ВЯCНА ў паняцці НН - 1 красавіка ці 31 мая?
  • помним скорбим
    25.04.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Anatol Starkou
    25.04.2026
    Крыху пра ВС 13 склікання - той, які потым Лука разагнаў пасля рэферэндума-1996.
    Мой цёзка Лябецька спытаў Луку, які прысутнічаў у зале ВС, і той адказаў: "Я буду во власти 12 (двенадцать) лет". ТО БОК Рыгоравіч яшчэ да пачатку рэферэндума ведаў, што з 1994 па восень 1996 = 2 гады + два разы па пять гадоў = ён будзе 12 гадоў кіраваць РБ. Памыліўся на цэлых двадцаць гадоў.

Цяпер чытаюць

«У пашпарце бабулі стаіць дата нараджэння 00.00.1945» — «А ў маёй XX.XX.1940». Як такое можа быць?2

«У пашпарце бабулі стаіць дата нараджэння 00.00.1945» — «А ў маёй XX.XX.1940». Як такое можа быць?

Усе навіны →
Усе навіны

Як эксперымент у Слуцку паказаў камунальнікам, што прычына смецця не ў людзях, а ў іх працы10

Казачніца з Мінска паўдзельнічала ў шоу ТНТ на выжыванне2

ГУР Украіны: Перамір'я ў гэтым годзе не будзе3

Рэйтынг Трампа апусціўся да найніжэйшага за часы яго кіравання3

У Расіі беларус знайшоў чужы пашпарт. Тады спаліў свой беларускі і вырашыў прарывацца ў Нарвегію1

Адзін з кіраўнікоў ФІФА звольнены пасля крытыкі плана Інфанціна

Статкевіч: Пяць гадоў таму з нашым народам здарылася трагедыя48

Украінскія беспілотнікі атакавалі Маскву. Атака стала найбуйнейшай за два гады2

Наваполацкі НПЗ рыхтуецца да планавага рамонту. Гэта кепская навіна для Расіі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У пашпарце бабулі стаіць дата нараджэння 00.00.1945» — «А ў маёй XX.XX.1940». Як такое можа быць?2

«У пашпарце бабулі стаіць дата нараджэння 00.00.1945» — «А ў маёй XX.XX.1940». Як такое можа быць?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць