Гісторыя2020

Вацлаў Гавэл таксама адмовіўся выйсці з турмы пры ўмове выезду за мяжу. Але ён быў зусім непадобны да лідараў беларускай апазіцыі

Гісторыя жыцця Вацлава Гаўла нагадвае, наколькі рознымі бываюць лідары, і няма адзінага рэцэпта лідарства.

Вацлаў Гавэл. Фота: Wikimedia Commons

Яго п'есы забаранялі, а самога не раз кідалі за краты. Яго справа здавалася безнадзейнай, ён так і назваў сваё эсэ: «Сіла бяссільных». Праз дзесяцігоддзе ён стаў маральным лідарам Аксамітнай рэвалюцыі і першым прэзідэнтам дэмакратычнай Чэхаславаччыны.

У асабістым жыцці ён быў далёкім ад ідэалу беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў: у яго ўвесь час былі каханкі, у адной з іх яго аднойчы нават затрымалі. А ў канцы жыцця пасля смерці жонкі ён насуперак чаканням многіх ажаніўся з актрысай, якая была маладзейшая за яго на 18 гадоў. Але ў вальналюбнай і атэістычнай Чэхіі такі лад жыцця не здаваўся шакуючым.

Што датычыць нашай краіны, то яшчэ Вацлаў Гавэл лічыў, што прыём Украіны і Беларусі павінен стаць вянцом стварэння Еўрапейскага саюза. 

Вось як Вацлаў Гавел стаў лідарам.

Вацлаў разам з малодшым братам Іванам. 1950‑я гады. Крыніца: archive.vaclavhavel-library.org

Вацлаў Гавэл, бурная маладосць

Вацлаў Гавэл нарадзіўся ў 1936 годзе ў багатай чэшскай сям’і, якая валодала шматлікімі аб'ектамі нерухомасці, сярод якой былі зямля і лес. Бацька Вацлава быў саўладальнікам і кінастудыі «Барандаў».

Падчас вайны сям'я здолела захаваць сямейны бізнэс, але страціла яго пасля прыходу ў 1948 годзе ў Чэхаславакіі да ўлады камуністычнага прамаскоўскага кіраўніцтва. Вацлава выключылі са школы як сына «ворага новага рэжыму».

Нягледзячы на перашкоды як прадстаўніку былога «пануючага класа», яму ўдалося ўрэшце атрымаць сярэднюю адукацыю ў вячэрняй школе ў 1954 годзе. А ў 1955 годзе Вацлаў пачаў публікавацца і хацеў паступіць на гуманітарны факультэт. Аднак па ідэалагічных прычынах яму адмовілі і хлопец пайшоў вучыцца на эканамічны факультэт Чэшскага тэхнічнага ўніверсітэта.

Пасля другога курса ён паспрабаваў перавесціся на факультэт кіно і тэлебачання Акадэміі выканальніцкіх мастацтваў, але яго заяўку адхілілі. Адначасова хлопца не прынялі назад у тэхнічны ўніверсітэт і забралі ў войска. Праз два гады, у 1959-м, ён усё ж пачаў працаваць у тэатры — спачатку тэхнікам, а потым драматургам. У тым жа годзе ён напісаў сваю першую п'есу. Пазней, у 1966 годзе, Гавэл скончыў завочна тэатральны факультэт Акадэміі выканальніцкіх мастацтваў.

Вацлаў Гавэл і Вольга Шпліханава. Пачатак 1960-х. Крыніца: archive.vaclavhavel-library.org

У 1964 годзе Гавэл ажаніўся з Вольгай Шпліханавай, з якой пазнаёміўся яшчэ ў 1953 годзе.

Па шматлікіх успамінах сучаснікаў, Вацлаў Гавэл жыў тады тыповым жыццём прадстаўніка творчай багемы. 

Ён шмат спаў, крыху пісаў днём, а ноччу атрымліваў асалоду ад начнога жыцця і ўсіх асалод, што яго суправаджаюць. Яго начныя гулянкі раз'юшвалі Вольгу.

Як пішуць яго біёграфы, колькасць рамантычных прыгодаў Вацлава бянтэжыла нават сяброў. Пры гэтым Гавэл сумленна прызнаваўся Вользе ў сваіх здрадах.

Пражская вясна і рэпрэсіі перыяду «нармалізацыі»

Падчас Пражскай вясны Вацлаў Гавэл стаў адной з найбольш вядомых фігур руху за перамены. Яго імя стала вядома шырокай грамадскасці за год да падзей жніўня 1968 года.

У чэрвені 1967 года на чацвёртым з'ездзе чэхаславацкіх пісьменнікаў Гавэл раскрытыкаваў тагачасную цэнзуру. Пасля гэтага па загадзе ЦК Камуністычнай партыі Чэхаславакіі ён быў выключаны са спісаў кандыдатаў на пасаду кіраўніка Саюза пісьменнікаў разам з трыма калегамі.

У сакавіку 1968 года Вацлаў Гавэл падпісаў адкрыты ліст 150 пісьменнікаў і дзеячаў культуры, адрасаваны ЦК Кампартыі Чэхаславакіі. У красавіку таго ж года ён стаў старшынёй Гуртка незалежных пісьменнікаў і апублікаваў у адным з літаратурных часопісаў тэкст з патрабаваннем адмовіцца ад манаполіі Камуністычнай партыі на ўладу і ўвесці палітычны плюралізм.

Пасля падаўлення Пражскай вясны наступіў перыяд так званай «нармалізацыі». Вацлаў Гавэл быў вымушаны пакінуць тэатр, яго п'есы ў Чэхаславакіі перасталі ставіць, а кнігі выдалілі з усіх бібліятэк краіны.

Вацлаў Гавэл (па цэнтру) у 1969 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Паколькі першапачаткова пераследавалі толькі былых камуністаў, а Вацлаў ніколі не быў сябрам партыі, яго абвясцілі ворагам сацыялізму, за ім устанавілі сачэнне, яго перыядычна затрымлівалі і дапытвалі.

На той час Гавэл ужо быў вядомым аўтарам, у тым ліку за мяжой — у 1968 годзе ён атрымаў Аўстрыйскую дзяржаўную прэмію па еўрапейскай літаратуры, і двойчы (у 1969 і 1970 гадах) — тэатральную прэмію Обі, якая ўручаецца ў Нью-Ёрку.

Пры гэтым Гавэл працягваў весці разгульны лад жыцця, быў заўсёднікам бясконцай колькасці вечарынак і іншых забаўляльных мерапрыемстваў. Напрыклад, яго добра ведалі ў клубе Junior у Празе, што знаходзіўся недалёка ад яго дома. Там заўсёды можна было знайсці сабутэльніка ці палюбоўніцу.

Вацлаў Гавэл у гасцях у Паўла Кагоўта. 1975 год. Фота: Oldřich Škácha / archive.vaclavhavel-library.org

Уцёкі ад сумнай рэальнасці сацыялістычнага рэжыму

Яшчэ адным яго хобі стала кулінарыя. Вацлаў абменьваўся парадамі і прасіў замежных сяброў дасылаць прадукты, якія было немагчыма дастаць у Чэхаславакіі. Ён аддаваў перавагу эксперыментам, а не традыцыйным рэцэптам.

Адзін з яго сяброў згадваў, як яны ўдваіх паспрабавалі паўтарыць рэцэпт стравы для эфіёпскага імператара, аб якой прачыталі ў адной з кніг. Не маючы магчымасці набыць верблюжаціну, ім прыйшлося ўзяць індычку. Але яны так і не змаглі пакаштаваць сваю страву, таму што ў нейкі момант выйшлі пакурыць, а па вяртанні ўбачылі, што іх сабакі ўжо з'елі іх меркаваны кулінарны шэдэўр.

Знаходзячыся ў «чорным спісе» ў 1974 годзе, з-за жадання, як ён пазней згадваў, «нейкіх перамен нуднай бяздзейнасці», якая «пачынала дзейнічаць на нервы», Гавэл пайшоў працаваць на піваварню у горадзе Трутнаў, якая знаходзілася ў 10 кіламетрах ад яго загараднага дома. Туды ён ездзіў на сваім «Мерсэдэсе».

Вацлаў Гавэл падчас працы на піваварні. 1974 год. Фота: Karel Hádek / archive.vaclavhavel-library.org

Адной з магчымых прычын такога працаўладкавання было імкненне пазбегнуць абвінавачвання ў «дармаедстве». Адпрацаваў Гавэл на піваварні каля дзесяці месяцаў.

Як пішуць яго біёграфы, пэўную фінансавую незалежнасць яму забяспечвалі грошы ад прэмій.

Пры гэтым Гавэл працягваў пісаць п'есы. У 1976 годзе ў Трыесце (Італія) была прадстаўлена яго «Трохграшовая опера», на радзіме яе на той час паставілі толькі два разы аматарскім складам — ў хляве на падворку яго добрага сябра і ў гасцініцы ў прыгарадзе Прагі.

Лічыцца, што ўлады наўмысна «не заўважылі» падрыхтоўкі, каб пасля паказу ўзмацніць рэпрэсіі як супраць самога Гавэла, так і супраць гледачоў і акцёраў. Частка з іх трапіла ў «чорныя спісы». Некалькі адораных акцёраў абвінавацілі Вацлава Гавела ў саўдзеле ў дзеяннях цэнзуры па ўдушэнні астаткаў творчай свабоды. Некаторыя палічылі яго бесшабашным шукальнікам прыгод і пазёрам.

Пасля «Трохграшовай оперы» Гавэл зблізіўся з Янай Тумавай, якая днём працавала прадаўшчыцай у кнігарні, гардэробшчыцай у музычным клубе ўвечар і акцёркай-аматаркай на выходных. Яна выканала адну з роляў у аматарскай пастаноўцы п'есы.

Таксама ў Гавэла быў раман з былой жонкай вядомага чэшскага драматурга і грамадскага дзеяча Паўла Кагоўта Ганнай. Жонка Гавэла глядзела на гэта скрозь пальцы. А з Ганнай нават сябравала, а тая ў сваю чаргу не імкнулася адбіць Вацлава ад жонкі.

Дысідэнцкая дзейнасць і пераслед

У 1969 годзе на Гавэла завялі крымінальную справу па абвінавачванні ў падрыўных дзеяннях за подпіс пад петыцыяй «Дзесяць пунктаў», аўтары якой рэзка выступілі супраць акупацыі краіны войскамі Варшаўскай дамовы і яе палітычных і культурных наступстваў.

У 1972 годзе Вацлаў Гавэл падпісаў чарговую петыцыю, падрыхтаваную пісьменнікамі з патрабаваннем вызвалення палітычных зняволеных, а ў 1975 годзе накіраваў адкрыты ліст генеральнаму сакратару ЦК Кампартыі Чэхаславакіі — фактычнаму кіраўніку краіны Густаву Гусаку, у якім казаў, што ў краіне запанаваў «парадак, пазбаўлены жыцця», што людзьмі кіруе страх.

«Парадак, які прыніжае чалавечую годнасць, вядзе не да грамадскага ці, скажам, эканамічнага ўздыму, але зусім наадварот, ён параджае апатыю і прыстасаванства», — пісаў Гавэл.

Дом Гавэла ў Градэчку. Фота: Wikimedia Commons

Яшчэ праз два гады Вацлаў Гавэл стаў адным з аўтараў «Хартыі 77» — публічнага маніфесту чэшскіх дысідэнтаў, у якім упершыню з 1968 года прагучала публічная крытыка камуністычнага рэжыму. Пасля гэтага дзяржаўная машына абрынула на Гавэла ўсю моц свайго рэпрэсіўнага апарата.

У кастрычніку 1977 года яго прысудзілі да 14 месяцаў зняволення ўмоўна за «замах на інтарэсы рэспублікі за мяжой». Аднак ужо праз некалькі месяцаў яго арыштавалі па новым абвінавачванні — у нападзе на дзяржаўнага службоўца — і пратрымалі ў турме да сакавіка 1978 года, пасля чаго справу спынілі.

Разам з іншымі аўтарамі «Хартыі». Вацлаў Гавэл праваруч. 1979 год. Фота: Ondřej Němec / archive.vaclavhavel-library.org

Выйшаўшы на свабоду, ён стаў адным з арганізатараў Камітэта па абароне тых, хто несправядліва праследуецца, які сачыў за рэпрэсіямі супраць палітычных зняволеных і выступаў за іх вызваленне.

У тым жа годзе ён апублікаваў эсэ «Moć bezmocných» («Сіла бяссільных»), у якім разважаў пра прыроду таталітарнага грамадства, якое трымаецца толькі за кошт таго, што людзі прымаюць яго правілы гульні, хоць і не вераць у іх.

Паводле Гавэла, «жыццё ў хлусні» з'яўляецца падмуркам посттаталітарнай сістэмы. Таму нядзіўна, што галоўнай пагрозай для яе становіцца «жыццё ў праўдзе». Менавіта таму сістэма мусіць праследаваць яго больш жорстка, чым што-небудзь іншае.

У 1979 годзе Гавэла зноў арыштавалі па абвінавачванні ў спробе звяржэння існуючага ладу і адправілі ў турму на чатыры з паловай гады.

Напярэдадні Вацлаў быў на невялікай вечарынцы ў Празе. Сярод гасцей быў паэт-дадаіст Ян Ваднянскі і ягоная жонка Жытка, якая адразу трапіла ў поле зроку Гавэла. Паміж імі ўзнікла моцнае прыцяжэнне, але далей за флірт справа не пайшла. Начаваць Гавэл пайшоў да сваёй палюбоўніцы Ганны, адкуль яго ранкам і забрала паліцыя. Пасля вызвалення з турмы ў 1983 ён адшукае Жытку. Іх сувязь працягнецца некалькі гадоў.

Яшчэ да пачатку працэсу Гавэлу давялося вырашаць дылему: камуністычныя ўлады Чэхаславаччыны прапанавалі яму свабоду ў абмен на ад’езд з краіны ў ЗША. У адным з тагачасных лістоў Гавэл пісаў з вязніцы:

«Маю выехаць у Вольны свет з рызыкай, што мяне ўжо не ўпусцяць назад, але тым самым забяспечыць вызваленне таварышам, якія разам са мной апынуліся за кратамі? Альбо выстаяць у бойцы з КПЧ (Камуністычнай партыяй Чэхаславакіі) і адкінуць запрашэнне ў Амерыку?» 

Турэмныя здымкі Вацлава Гавэла. 1979 год. Крыніца: archive.vaclavhavel-library.org

Гавэл выбраў другі варыянт, баючыся, што калі раптам прыме першы, гэта будзе ўспрынята як «здрада ідэалам, з-за якіх мы ўсе і апынуліся ў вязніцы, а таксама як спроба ўратаваць сваю скуру цаной унікнення ад супольнай адказнасці».

У зняволенні ён захварэў на цяжкае запаленне лёгкіх, і выратавалі яго жыццё толькі намаганні жонкі, якая падняла на ногі сяброў-эмігрантаў. Улады спалохаліся, што вядомы дысідэнт памрэ ў зняволенні, і выпусцілі яго на свабоду за паўгода да заканчэння тэрміну пад хатні арышт.

Але гэта быў не апошні раз, калі Вацлаў Гавэл трапіў у турму.

Аксамітная рэвалюцыя: ад студэнцкага пратэсту да свабоды

У канцы 80‑х у Чэхаславакіі зноў сталі нарастаць пратэсныя настроі. На працягу 1988‑га і 1989‑га гадоў прайшло некалькі апазіцыйных акцый, якія ўлады жорстка задушылі, а пратэстоўцаў саджалі. Апошні арышт Гавэла звязаны якраз з удзелам у адной з такіх акцый у студзені 1989 года. У зняволенні ён прабыў да мая.

Вацлаў Гавэл пасля выхаду з турмы. 19 мая 1989 года. Фота: Dagmar Havlová-Ilkovičová / archive.vaclavhavel-library.org

Як пазней успамінаў кіраўнік Чэшскай каталіцкай царквы кардынал Дамінік Дука, які сядзеў у адной камеры з Гавэлам, Вацлаў разважаў пра галоўны дэвіз свайго жыцця. Першапачаткова ён гучаў як «праўда і справядлівасць перамогуць хлусню і нянавісць». Пазней Гавел замяніў адно слова: «праўда і любоў перамогуць хлусню і нянавісць».

«Тады я сказаў яму, — успамінаў кардынал, — Вацлаў, ты адмовіўся ад помсты, а значыць, ты не такі ж агностык, якім здаешся многім».

17 лістапада 1989 года са студэнцкай дэманстрацыі пачаліся падзеі, якія ўвайшлі ў гісторыю як Аксамітная рэвалюцыя. Студэнтаў жорстка разагналі сілавікі. Гэты гвалт выклікаў масавае абурэнне: ужо на наступны дзень на вуліцы выйшлі сотні тысяч людзей, пачалася хваля забастовак.

Вацлаў Гавэл і пратэстоўцы каля стыхійнага мемарыяла ў Празе падчас Аксамітнай рэвалюцыі 1989 года. Фота: Wikimedia Commons

Галоўным лідарам пратэстаў, якія хутка ахапілі ўсю краіну, і стаў Вацлаў Гавэл — проста таму, што ён быў самым вядомым дысідэнтам. Ён выступаў перад мітынгоўцамі і ўдзельнічаў у перамовах з уладамі ад імя апазіцыі. 19 лістапада прадстаўнікі чэхаславацкіх апазіцыйных арганізацый, у прыватнасці «Хартыя 77», у якую ўваходзіў Гавэл, аб'ядналіся ў Грамадзянскі форум для барацьбы з кіруючым рэжымам. Іх пасяджэнні праводзіліся ў драматычным тэатры.

24 лістапада кіраўніцтва Кампартыі сышло ў адстаўку. У снежні быў сфарміраваны першы некамуністычны ўрад, а прэзідэнт Густаў Гусак падаў у адстаўку.

Галоўнымі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта сталі Вацлаў Гавэл і Аляксандр Дубчак. Грамадзянскі форум вылучыў кандыдатуру Гавэла, якому ўдалося атрымаць падтрымку не толькі дэманстрантаў, але і часткі камуністаў у парламенце, які тады выбіраў кіраўніка краіны. У выніку 29 снежня ён быў аднагалосна абраны прэзідэнтам, стаўшы першым за 40 гадоў некамуністычным лідарам Чэхаславакіі.

Прэзідэнцтва: выклікі і прынцыпы

У свой першы прэзідэнцкі тэрмін, які доўжыўся шэсць месяцаў, Вацлаў Гавэл сканцэнтраваўся не на барацьбе з камуністычным мінулым, а на падрыхтоўцы краіны да першых свабодных выбараў, хоць некаторыя яго рашэнні, як масавая амністыя, у выніку якой з турмаў таксама вышлі крымінальнікі, выклікалі спрэчкі.

На прымерцы касцюма. 1990 год. Фота: Tomki Němec / archive.vaclavhavel-library.org

5 ліпеня 1990 года Гавэл заняў пасаду прэзідэнта ў другі раз па рашэнні дэпутатаў свабодна абранага Федэральнага сходу. Ён працягнуў палітыку дыялогу і адмовіўся ад звядзення рахункаў з апанентамі.

Замест люстрацыі і помсты Гавэл сфармаваў «урад нацыянальнай згоды», у які ўвайшлі прадстаўнікі розных палітычных сіл, у тым ліку і камуністы.

Дзякуючы такой пазіцыі, накіраванай на прымірэнне, папулярнасць Гавэла была надзвычай высокай, і многія бачылі ў ім адзінага лідара, здольнага адрадзіць краіну. Але ён у адказ казаў, што нельга лічыць дэмакратычным грамадствам тое, у якім усё залежыць ад аднаго чалавека.

У пачатку 1990‑х абвастрыліся супярэчнасці паміж Чэхіяй і Славакіяй, і нягледзячы на ўсе намаганні, Гавэлу не ўдалося захаваць федэрацыю. 20 ліпеня 1992 года, за некалькі месяцаў да канца прэзідэнцкага тэрміну, ён падаў у адстаўку.

Пасля распаду Чэхаславакіі і стварэння Чэшскай Рэспублікі Вацлаў Гавэл стаў першым прэзідэнтам новай краіны і адбыў два тэрміны — максімальны перыяд, дазволены канстытуцыяй. За час яго прэзідэнцтва краіна стала членам НАТА і наблізілася да ўступлення ў Еўрасаюз. Сама гэтая падзея адбылася ўжо ў 2004 годзе, пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў Гавэла.

Вацлаў Гавэл у 1997 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Нават застаючыся на пасадзе прэзідэнта, ён працягваў гаварыць непапулярныя рэчы. Напрыклад, палітык прынёс афіцыйныя прабачэнні судэцкім немцам, якія пасля вайны былі дэпартаваныя з Чэхаславакіі. Гэта выклікала буру абурэння, але Гавэл казаў, што чэхі павінны ўмець прызнаваць зло, якое здзяйснялі самі, хай нават у адказ на жорсткасць іншых.

Вацлаў Гавэл актыўна займаўся дабрачыннасцю, заснаваў два фонды. Адзін з іх падтрымліваў сацыяльныя і культурныя ініцыятывы, іншы штогод арганізуе ў Празе міжнародныя сустрэчы вядомых асоб.

Пасля адыходу з пасады Гавэл да самай смерці 8 снежня 2011 года заставаўся актыўным у палітыцы, падтрымліваючы Партыю зялёных.

Праз год пасля смерці палітыка больш за 80 тыс. чалавек падпісаліся пад зваротам перайменаваць аэрапорт Прагі ў яго гонар. Чэшскія ўлады пагадзіліся.  

Што тычыцца жанчын, то пасля смерці жонкі Вольгі ад раку ў пачатку 1996 года менш чым праз год Гавэл ажаніўся з акцёркай Дагмар Вешкрнавай, з якой да гэтага падтрымліваў блізкія адносіны некалькі гадоў. Жанчына была малодшая за яго на 18 гадоў.

Гэты шлюб выклікаў шматлікія нападкі ў прэсе, другую жонку супрацьпастаўлялі першай, і Гавэл балюча перажываў гэтыя непрыемнасці.

Рэч у тым, што подпіс Дагмар у свой час з'явіўся пад «Антыхартыяй» — дакумент, які ўлады распаўсюдзілі ў адказ на «Хартыю», дзе людзі мастацтва, выкладчыкі, іншыя прадстаўнікі эліты дэманстравалі сваю лаяльнасьць рэжыму. Сама яна казала, што нічога не падпісвала, што подпіс з'явіўся без яе ведама.

Іншыя жанчыны з’яўляліся ў яго жыцці і пазьней. Супрацоўнікі як маглі ахоўвалі папулярнага прэзідэнта ад закаханых фанатак і авантурыстак, але не заўсёды спраўляліся.

Гавэл і Беларусь

Вацлаў Гавэл часта выказваў салідарнасць з беларускімі культурнымі і дэмакратычнымі сіламі. У свой час ён запрасіў у Прагу Васіля Быкава і сустракаўся з ім, таксама цікавіўся пра сітуацыю ў Беларусі беспасярэдне ў беларускіх палітыкаў, для чаго адмыслова з імі сустракаўся, сярод удзельнікаў быў, напрыклад, Аляксандр Мілінкевіч, з якім Гавэл сустрэўся ў 2006 годзе як з лідарам беларускай апазіцыі. 

Дагмар Гаўлава, Аляксандар Лукашук, Вацлаў Гавэл, Андрэй Дынько. Прага, 2003

У 2003 годзе Вацлаў Гавэл перадаў «Нашай Ніве» сваю ўзнагароду — прэмію «За грамадзянскія заслугі» імя Ганна Эленбоген. Выданне ён назваў тады «востравам незалежнасці» сярод дыктатуры. 

Вацлаў Гавел у беларускай цішотцы. Фота з архіва «Нашай Нівы»

У 2006 годзе ў інтэрв'ю чэшскаму тэлебачанню Вацлаў Гавэл заявіў:

«Балканскія краіны Сербія, Албанія аднойчы, калі б туды хацелі, калі б выканалі ўмовы, павінны да яго (ЕС) належаць, гэтаксама як Беларусь і Украіна. Але на гэтым канец, далей пачынаецца іншае кола цывілізацыі, іншы свет, які павінен мець гарманічныя сувязі з гэтым светам».

У 2008 годзе, прымаючы ў сябе заснавальнікаў «Свабоднага тэатра», Вацлаў Гавэл падзяліўся сваім бачаннем будучыні Беларусі:

«Калі гаварыць пра Беларусь, пра тое, калі яна стане сапраўднай дэмакратычнай дзяржавай, якая будзе далучаная да заходняй цывілізацыйнай прасторы, выглядае, што гэта дарога будзе яшчэ доўгай».

У тым жа годзе ён заяўляў, што Расія імкнецца ўцягнуць навакольныя краіны ў зону свайго ўплыву і ажыццяўляе «акупацыю, якая можа мець розныя формы» і выступаў за «ўступленне ў НАТА Украіны, Грузіі і нават Беларусі, калі яна вызваліцца ад рэжыму Лукашэнкі».

Вацлаў Гавел уручае прэмію Алесю Бяляцкаму

Апошнім, што ён зрабіў для Беларусі незадоўга да сваёй смерці, была падтрымка вылучэння Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру. 

Каментары20

  • распавяду пра абранне смародзіны
    06.10.2025
    сярод якой зямлі і лес. ---- зЕмлі (Родны склон - "зямлІ" - тут ні пры чым)
    адразу патрапіла --- ТРАПІЛА ("патрапіць" і "трапіць" - гэта ЗУСІМ розныыя словы!)
  • дзівак
    06.10.2025
    Беларусь гэта краіна, назва якой паходзіць з суседняй дзяржавы. Дзяржаўныя сімвалы якой прудуманыя ў суседняй дзяржаве. Нацыянальныя сімвалы якой перайманыя з суседніх дзяржаў. Краіна, дзе мова пераважнай большасці жыхароў перанята ад суседняй дзяржавы. Краіна ў якой няма сваёй назвы грошай. Краіна, народ якой выступіў супраць незалежнасці. Краіна, дзе ўсё пералічанае лічыцца нармальным.
  • 12345
    06.10.2025
    Супярэчлівая асоба, супярэчлівыя пагляды годныя пільнай увагі.

Цяпер чытаюць

Крык душы Жыгара пра групу Кавалеўскага: Гучаць заявы, што Лукашэнка легітымны прэзідэнт, хоць і не абраны дэмакратычна47

Грамадстваабмяркоўвайце!47

Крык душы Жыгара пра групу Кавалеўскага: Гучаць заявы, што Лукашэнка легітымны прэзідэнт, хоць і не абраны дэмакратычна

Усе навіны →
Усе навіны

Што гэта за загадкавы квантавы тунэль, за які сёння далі Нобеля?1

Латвія прыпыняе нерэгулярныя аўтобусныя паездкі з Беларусі і Расіі2

Чаму ў Мінску так шмат рэкламы анлайн-казіно?31

Ігар Бокій атрымаў ад дзяржавы больш за $1 мільён прызавых — а цяпер вырашылі, што ён занадта здаровы для Паралімпіяды14

На час зімовай Алімпіяды Італія запросіць перамір'е для ўсіх войнаў, уключна з Украінай4

«Жыве найлепшым жыццём»: нобелеўскаму лаўрэату не могуць паведаміць пра ўзнагароду, бо ў яго лічбавы дэтокс

Названыя нобелеўскія лаўрэаты па фізіцы5

У Польшчы прадставілі яшчэ адзін законапраект аб грамадзянстве: 15 гадоў жыцця ў краіне, польская на ўзроўні С1 і даведка аб несудзімасці на радзіме41

«Мельнікава не абавязкова агентка КДБ, яна можа быць ахвярай. А Лабееў яе купіў тым, што назваўся адзінокім бацькам з дзецьмі»20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Крык душы Жыгара пра групу Кавалеўскага: Гучаць заявы, што Лукашэнка легітымны прэзідэнт, хоць і не абраны дэмакратычна47

Грамадстваабмяркоўвайце!47

Крык душы Жыгара пра групу Кавалеўскага: Гучаць заявы, што Лукашэнка легітымны прэзідэнт, хоць і не абраны дэмакратычна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць