Кажуць, Польшча дабілася найбольшага прагрэсу ў свеце па бяспецы для ЛГБТ-падарожнікаў. А дзе ў рэйтынгу Беларусь?
Пры планаванні паездкі за мяжу для некаторых падарожнікаў мае значэнне не толькі віза, цэны і надвор’е, але і тое, як у краіне ставяцца да людзей з рознай сэксуальнай арыентацыяй. Менавіта гэты аспект і спрабуе ацаніць міжнародны рэйтынг 2026 года, які параўнаў 216 краін і тэрыторый паводле ўзроўню бяспекі і прававой абароны. Дзе ў гэтым спісе апынулася Беларусь?

Нямецкае выданне Spartacus International Gay Guide штогод публікуе рэйтынг краін паводле ўзроўню бяспекі і прававой абароны для ЛГБТК+ людзей. Сам даведнік існуе з 1970‑х гадоў і лічыцца адным з найстарэйшых спецыялізаваных турыстычных выданняў у гэтай сферы. З 2012 года рэдакцыя складае асобны глабальны індэкс, у якім параўноўваецца сітуацыя ў розных частках свету.
Пры складанні рэйтынгу аналізуюцца 18 крытэрыяў — ад антыдыскрымінацыйнага заканадаўства і магчымасці заключэння шлюбу або грамадзянскага партнёрства да забароны прайдаў, выпадкаў крымінальнага пераследу і наяўнасці законаў, якія прадугледжваюць сур’ёзныя пакаранні за гомасэксуальныя адносіны. Краіны атрымліваюць станоўчыя і адмоўныя балы, якія ў выніку вызначаюць іх месца ў спісе.
Gay Travel Index 2026 ахоплівае 216 краін і тэрыторый. Пры гэтым аўтары асобна аналізуюць сітуацыю ў кожным штаце ЗША, бо заканадаўства там істотна адрозніваецца, а таксама вылучаюць асобныя рэгіёны — напрыклад, Чачню, якая фігуруе ў рэйтынгу асобна ад Расіі.
Хто ў лідарах
Як і летась, Ісландыя заняла першае месца. Другое месца падзялілі Мальта і Іспанія. Пасля іх адразу ідуць Бельгія, Канада, Партугалія і Германія. Гэта краіны, дзе заканадаўства гарантуе шырокія правы і абарону, а сацыяльнае асяроддзе лічыцца адносна бяспечным.
Сярод найбольш прыкметных зменаў года — рэзкі ўзлёт Польшчы. Краіна паднялася са 118‑га на 59‑е месца. Аўтары звязваюць гэта з палітычнымі зменамі і паляпшэннем прававой сітуацыі, у тым ліку для трансгендарных людзей.
Яшчэ адзін прыкметны зрух — Непал, які падняўся на 21 пазіцыю і заняў 32‑е месца дзякуючы новым правілам самаідэнтыфікацыі і росту прызнання правоў трансгендарных людзей.
Беларусь і суседзі
Беларусь знаходзіцца ў ніжняй траціне спісу. У параўнанні з мінулым годам яна палепшыла сваю пазіцыю — з 174‑га на 132‑е месца.
У адной групе з нашай краінай з такой жа колькасцю балаў знаходзяцца два дзясяткі краін і тэрыторый, сярод іх Бахрэйн, Бангладэш, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Экватарыяльная Гвінея, Ватыкан, Казахстан і Паўночная Карэя.
У параўнанні з суседнімі краінамі Беларусь займае значна ніжэйшую пазіцыю. Літва, Латвія і Польшча цяпер знаходзяцца прыкладна ў сярэдзіне спісу — у групе краін, што дзеляць 59‑е месца.
Разам з імі — Італія, Кюрасаа, Японія, В’етнам і Чарнагорыя. Украіна заняла 74‑е месца і знаходзіцца ў адной групе з Сербіяй, Сінгапурам і Албаніяй.
Расія ў 2026 годзе заняла 202‑е месца — гэта крыху лепш, чым летась, калі яна была на 206‑й пазіцыі. У агульным спісе яна апынулася ў кампаніі з Нігерыяй, Катарам, Танзаніяй, Туркменістанам і Паўднёвым Суданам.
Асобна ў рэйтынгу пазначаная Чачня (212‑е месца). Разам з ёй у гэтай частцы спісу — Афганістан і Саудаўская Аравія. Замыкаюць рэйтынг Іран (215‑е месца) і Емен (216-е).
Каментары
І польскія гарады таксама траплялі ў рэйтынгі самых бяспечных. Зусім адваротная сітуацыя ў еўрапейскіх гарадах, дзе шмат мігрантаў з Афрыкі ці часткі Азіі, асабліва мусульман. Можа пра гэта таксама варта было б напісаць?