Ціханоўскі: Ціханоўскай можна было ў 2020‑м не пабаяцца турмы. І, можа, у беларусаў быў бы шанец
«Ды не было б Ціханоўскай — сядзела б яна ў турме — што, Цапкалы не рабілі б гэтую работу? Рабіла б Вераніка Цапкала гэтую працу, і Маша [Калеснікава] рабіла б гэтую работу».

Блогер Сяргей Ціханоўскі ў новым стрыме на ютуб-канале «Краіна для жыцця» раскрытыкаваў паводзіны сваёй жонкі Святланы Ціханоўскай у жніўні 2020 года. На яго думку, калі б яна тады засталася ў Беларусі, у тым ліку з рызыкай трапіць за краты, у пратэсту было б больш шанцаў.
Нагодай стаў відэазварот Святланы Ціханоўскай да былых палітвязняў, якія падпісалі ліст да Еўрасаюза. У ім яна падзякавала падпісантам і сказала, што ліст «і сама б падпісала».
Ціханоўскі, які таксама падпісаў гэты ліст, адказаў на гэта з іроніяй. Падпісаць яго Святлана, па яго словах, не можа, бо не сядзела ў турме.
На думку Сяргея, ёй варта было не пабаяцца турмы, калі ў жніўні 2020 года можна было застацца з беларусамі.
«Можа быць, тады ў беларусаў і быў бы той шанец, каб усіх палітвязняў, у тым ліку і мяне, вызвалілі. Калі б беларусы ўбачылі, што кандыдат, за якога нібыта прагаласавала 70% краіны, у турме, хіба маглі б яны застацца дома альбо проста хадзіць на працу, а не выйсці з пратэстам і не абвясціць забастоўку? Я лічу, што не змаглі б», — сказаў ён.

Паводле Ціханоўскага, менавіта заклік да забастовак павінен быў прагучаць адразу, а «выціснуць з сябе» яго Святлана змагла толькі ў кастрычніку 2020-га.
Выправіць сітуацыю, на яго думку, можна было толькі ў 2020 ці 2021 годзе: пагадзіцца на зняцце санкцый і вызваленне людзей.
«Таму Святлана гэты ліст падпісаць не магла і не зможа. Ёй трэба спачатку з'ездзіць туды», — дадаў ён.
Ціханоўскі не лічыць, што без Святланы на волі пратэст застаўся б без твару. Па яго словах, «хатнюю гаспадыню можна пракачаць да ўзроўню прэзідэнта-элект»: навучыць чытаць з суфлёра, вывучыць мову, правільна паціскаць рукі і хадзіць на інтэрв'ю. Але такую ж працу, на яго думку, маглі б рабіць іншыя.
«Ды не было б Ціханоўскай — сядзела б яна ў турме. Ну што, [Валер] Цапкала ці Вераніка Цапкала не рабілі б гэтую працу? Рабіла б Вераніка Цапкала гэтую працу, і Маша [Калеснікава] рабіла б гэтую працу», — перакананы блогер.
Каментары
[Зрэдагавана]