Усяго патроху

Навукоўцы не давалі павукам спаць. Наступнай ноччу тыя пачалі «адсыпацца» амаль як людзі

Калі чалавек недасыпае, арганізм імкнецца кампенсаваць страчаны сон. Нямецкія навукоўцы высветлілі, што падобная з'ява назіраецца і ў павукоў. Пасля ночы, калі ім перашкаджалі спаць, яны сталі значна больш часу праводзіць у стане, які нагадвае фазу хуткага сну ў чалавека.

Павук-скакун Portia fimbriata падчас начнога адпачынку. Здымак зроблены інфрачырвонай камерай, з дапамогай якой навукоўцы даследавалі сон павукоў. Скрын відэа: sciencealertexternalsources / YouTube

Сон — неад'емная частка жыцця чалавека і іншых жывёл. Аднак навукоўцы дагэтуль не ведаюць дакладна, чаму ён узнік у працэсе эвалюцыі. Асаблівую цікавасць выклікае фаза хуткага сну, або REM-фаза (ад англійскага rapid eye movement — хуткія рухі вачэй). У гэты час мозг актыўна працуе, вочы рухаюцца, а мышцы цела пераважна расслабленыя. Менавіта ў гэтай фазе людзі часта бачаць найбольш яркія сны.

Падобныя станы назіралі і ў некаторых беспазваночных жывёл. Аднак заставалася незразумелым, наколькі яны падобныя да сапраўднага сну чалавека і іншых пазваночных. Разабрацца ў гэтым, як піша ScienceAlert, вырашылі даследчыкі з Бонскага ўніверсітэта ў Германіі.

Ці сапраўды павукі спяць?

Яшчэ ў 2022 годзе навукоўцы заўважылі, што падчас начнога адпачынку ў павукоў-скакуноў віду Evarcha arcuata час ад часу паторгваюцца лапкі і рухаюцца сятчаткі вачэй. Гэта нагадвала REM-фазу, але адных такіх назіранняў было недастаткова, каб упэўнена гаварыць пра сон.

Для новага даследавання навукоўцы абралі іншы від павукоў-скакуноў — Portia fimbriata. З дапамогай інфрачырвоных камер яны назіралі за паводзінамі жывёл і правяралі іх рэакцыю на знешнія раздражняльнікі.

Высветлілася, што ўначы павукі займаюць характэрнае становішча для адпачынку і значна слабей рэагуюць на тое, што адбываецца навокал. Перыяды нерухомасці пры гэтым чаргуюцца з эпізодамі, калі ў іх паторгваюцца лапкі і рухаюцца сятчаткі вачэй.

Прыкметы REM-падобнага сну ў павукоў-скакуноў Portia fimbriata. Злева ўверсе — агульны выгляд павука. У верхнім шэрагу далей злева направа: рухі сятчатак вачэй, паторгванні хеліцэр (ротавых прыдаткаў) і рухі педыпальпаў. У ніжнім шэрагу злева направа: рухі брушка, павуцінных бародавак, асобных лапак і падгінанне лапак да цела. Ілюстрацыя: Maartje van Denderen / навуковы артыкул

Але для пацвярджэння таго, што гэта сапраўды сон, даследчыкі вырашылі праверыць яшчэ адну яго характэрную асаблівасць — здольнасць арганізма кампенсаваць недасыпанне.

Ноч без нармальнага сну

Каб парушыць начны адпачынак павукоў, даследчыкі запускалі ў ёмістасці з імі па 25 жывых пладовых мушак. Іх прысутнасць перашкаджала жывёлам спаць у звычайным рэжыме. Наступнай ноччу павукоў пакінулі ў спакоі і зноў пачалі назіраць за іх паводзінамі.

Высветлілася, што час, праведзены ў REM-падобным стане, павялічыўся амаль на 80% у параўнанні са звычайнай ноччу. Пры гэтым асобныя эпізоды такога сну не сталі даўжэйшымі — яны проста пачалі паўтарацца часцей.

Падобная з'ява вядомая і ў людзей. Калі арганізм недаатрымлівае хуткага сну, пасля недасыпання яго доля можа павялічвацца. Такую рэакцыю называюць кампенсацыяй REM-сну.

Паводле даследчыкаў, гэта першы выпадак, калі падобную кампенсацыю ўдалося выявіць у беспазваночных жывёл.

Навошта павукам такая фаза сну?

Тое, што пасля недасыпання павукі кампенсуюць недахоп REM-падобнага сну, сведчыць пра яго важнасць для арганізма. Аднак якую менавіта функцыю ён выконвае, навукоўцы пакуль не ведаюць. Адна з гіпотэз звязаная з навучаннем і памяццю.

Гэта асабліва цікава ў выпадку Portia fimbriata. Гэтыя павукі вядомыя складанымі паляўнічымі прыёмамі: яны могуць падманваць іншых павукоў, імітуючы ваганні павуціння ад насякомага, якое трапіла ў пастку, змяняць тактыку, калі яна не спрацоўвае, і запамінаць месцазнаходжанне здабычы.

Даследчыкі дапускаюць, што падчас REM-падобнага сну нервовая сістэма павукоў можа паўторна ўзнаўляць дзеянні, якія яны выконвалі ўдзень. Магчыма, гэта дапамагае замацоўваць атрыманы досвед у памяці. З такой з'явай могуць быць звязаныя і паторгванні лапак ды рухі сятчатак вачэй падчас сну.

Пакуль гэта толькі гіпотэза. Каб праверыць яе, навукоўцам трэба высветліць, ці паўтараюцца падчас сну ўзоры нервовай актыўнасці, якія назіраюцца ў павукоў падчас няспання.

Каментары

Цяпер чытаюць

Трое 17‑гадовых загінулі ў ДТЗ сёння ноччу ў Лельчыцкім раёне

Трое 17‑гадовых загінулі ў ДТЗ сёння ноччу ў Лельчыцкім раёне

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка заявіў, што Беларусь у час пандэміі выратавалася, пайшоўшы сваім шляхам13

На аўтабане ў Германіі ў беларускай фуры лопнула шына — пашкоджаны 12 аўтамабіляў

Затораў у Мінску стане меней? Па другім кальцы пракладуць аптычную магістраль для святлафораў

Украінскі Дняпро ў выніку расійскай атакі застаўся без электрычнасці

Беларусы правялі памятныя акцыі ў Ноч расстраляных паэтаў ФОТЫ

У Мінску адкрылі новую Гарадскую інфекцыйную бальніцу8

Плітачнік з Гродна лазіў у чужыя кватэры, а потым палез ва Украіну — запісаўся ў «Чорныя ваўкі» Пуціна3

«Нас забілі». «Новая газета» абвясціла пра спыненне працы ў Расіі5

На Алясцы сярод кандыдатаў у сенатары два Дэны Саліваны. Губернатар загадаў праверыць, ці датычныя да гэтага дэмакраты

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трое 17‑гадовых загінулі ў ДТЗ сёння ноччу ў Лельчыцкім раёне

Трое 17‑гадовых загінулі ў ДТЗ сёння ноччу ў Лельчыцкім раёне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць