У Беларусі хочуць перанесці тэрміны падачы дэкларацый і аплаты падаткаў
Дэпутаты прынялі ў першым чытанні праект закона аб змяненні Падатковага кодэкса ў 2027 годзе. Сярод прапаноў — перанесці тэрміны падачы падатковых дэкларацый і выплаты падаходнага падатку, пашырыць спіс даходаў, якія абкладаюцца па павышаных стаўках, і павялічыць акцызы на некаторыя тавары, піша Onliner.by.

Зменяць тэрміны падачы дэкларацый і выплаты падаткаў
Для фізічных асоб прапануюць перанесці тэрміны, звязаныя з падаходным падаткам. Калі цяпер дэкларацыю трэба падаць да 31 сакавіка, то паводле новых правіл тэрмін хочуць падоўжыць да 30 красавіка.
Таксама прапануюць змяніць тэрміны ўручэння паведамленняў і выплаты падатку:
- паведамленні будуць уручаць не да 30 красавіка, а да 15 чэрвеня;
- заплаціць падатак можна будзе не да 1 чэрвеня, а да 1 жніўня.
Зменяцца і тэрміны падачы дэкларацый па падаходным падатку для падатковых агентаў. Замест 20‑га дня месяца пасля справаздачнага квартала іх прапануюць падаваць да 10‑га чысла другога месяца пасля квартала.
Павялічацца акцызы і некаторыя падаткі
Праект прадугледжвае павелічэнне ставак акцызаў практычна па ўсіх групах падакцызных тавараў, у тым ліку на тытунёвую прадукцыю.
Для прэміяльнай алкагольнай прадукцыі прапануюць увесці асобную катэгорыю і ўстанавіць акцызы ў паўтара раза вышэйшыя за дзейныя.
Таксама плануюць праіндэксаваць стаўкі зямельнага і экалагічнага падаткаў, транспартнага падатку, падатку на гульнявы бізнэс, падатку на валоданне сабакамі і іншых плацяжоў.
Што яшчэ зменіцца
У праекце прапануюць пашырыць катэгорыю маладых спецыялістаў, якія змогуць атрымліваць стандартны падатковы вылік.
Акрамя таго, хочуць пашырыць спіс даходаў, якія абкладаюцца падаходным падаткам падвышанымі стаўкамі, — 25% і 30%.
Падатковым органам плануюць даць дадатковыя правы для правядзення падатковага кантролю.
Паводле ацэнкі распрацоўшчыкаў праекта закона, падатковая нагрузка ў 2027 годзе не перавысіць 26% ВУП.
Каментары