«Я ведаю, што рана ці позна па мяне таксама могуць прыйсці». 56‑гадовага гамельчука асудзілі да 8,5 года калоніі
Эдуарда Курляндчыка абвінавацілі адразу па сямі палітычных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Эдуарду Курляндчыку 56 гадоў, ён родам з Гомеля. У нулявыя меў бізнэс у Расіі — фігураваў як заснавальнік маскоўскай будаўнічай кампаніі «Стройсіці».
Па-за працай Эдуард цікавіцца рыбалкай, аўтамабілямі і музыкай.
Пасля падзей 2020 года і пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ён прынцыпова заставаўся ў Беларусі.
«Я ў Беларусі! І я ведаю, што рана ці позна па мяне таксама могуць прыйсці», — адказваў Курляндчык у адной з дыскусій летам 2023 года.
Затрымалі Эдуарда 8 жніўня 2025 года — выглядае, што за каментары з неабароненага акаўнта ў тэлеграме.
На яго завялі крымінальную справу адразу па сямі артыкулах КК: за «распальванне варожасці» (арт. 130), «заклікі да санкцый і іншых дзеянняў на шкоду нацбяспецы» (арт. 361), «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» (арт. 361-1), «паклёп на Лукашэнку» (арт. 367), «абразу Лукашэнкі» (арт. 368), «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369) і «дыскрэдытацыю Беларусі» (арт. 369-1).
У 2026 годзе, па інфармацыі «Вясны», суд прызначыў Эдуарду Курляндчыку 8 гадоў і 6 месяцаў калоніі. Нядаўна КДБ унёс яго ў спіс «тэрарыстаў», а праваабаронцы прызналі гамельчука палітвязнем.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10 100 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек
Каментары