«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек
Пілі, пасварыліся — і 33‑гадовы Сяргей Мішкоў з вёскі Альгомель зарэзаў двух сваіх сабутэльнікаў і іх маці. У беларускай юрыдычнай практыцы такая гісторыя — прамая дарога на расстрэл. Што вядома пра забойцу і яго ахвяр?

Апошнія дні жыхары Альгомеля як прыбітыя. «Мы ж усе ў вёсцы як сям’я, ледзь не ў кожнага побач сваякі», — кажа мясцовая жыхарка.
Альгомель — вялікая вёска на Палессі, больш чым на 1000 чалавек. Гэта Столінскі раён, хоць да райцэнтра ажно 60 км па трасе. Ёсць і праваслаўная царква, і баптысцкая.
У самога 33‑гадовага Сяргея Мішкова, які спачатку нажом забіў двух братоў, а пасля і іх маці, тут шмат цёзак.
«Ён з выгляду быў спакойным, ездзіў на рыбу, рабіў на «Палессі» (адно з асноўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Столінскага раёна — НН)», — расказваюць пра яго суседзі.
«Жыў адзін. Дзеці ў яго ёсць — трое. І жонка была, але яны ў разводзе. Жанчына не адсюль, то забрала малых з сабой».
Гэты «спакойны» мужчына ў маі 2018 года ўчыніў сваё першае забойства — Сяргею на той момант было 25 гадоў. Згодна з матэрыяламі справы, якімі з «Нашай Нівай» падзяліліся ў «Belpol», Мішкоў тады забіў 51‑гадовую жанчыну у суседняй вёсцы Вялікае Малешава — канфлікт таксама адбыўся падчас п'янкі. І забіваў сваю першую ахвяру, як і цяпер, Мішкоў нажом.
У тагачаснай міліцэйскай зводцы гаварылася, што ў Мішкова не трое, а нават чацвёра дзяцей.
Менавіта пасля першага забойства і арышту з Сяргеем, па словах суседзяў, і развялася жонка.
Невядома, які тэрмін атрымаў Мішкоў, але мінімум, які даюць за забойства, шэсць гадоў. Амністый па такім артыкуле даўно не было. Умоўна-датэрміновае вызваленне тэарэтычна магчымае, але прымяняецца нячаста.
Адсядзеў, вярнуўся ў Альгомель. Апошнія гады жыў пад адным дахам з бацькамі.
«Вельмі добрыя ў яго бацькі. Тата выдатны, нават не п’е. Гора для іх, гора», — уздыхаюць мясцовыя.
За пару дзён да трагедыі Сяргей звольніўся з працы.
Яго новымі ахвярамі стала сям’я Кажанавых з вуліцы Новай — у іх доме і адбылася разня. Незразумела, што стала прычынай канфлікту, але госць схапіў нож, што трапіў пад руку. Спачатку расправіўся з братамі, а пасля з іх маці.
На міліцэйскім відэа Сяргей Мішкоў кажа, што затрыманы за трайное забойства. «Каго забіў?» — «Двух мужыкоў і адну жанчыну», — уздыхае ён. «Дзе гэта было?» — «Дзярэўня Альгомель». «Дзе ўзяў нож?» — «Дзе папаўся, там і ўзяў…»
Хто былі яго ахвяры?
64‑гадовая Марыя Кажанава, гаспадыня дома, у мінулым працавала жывёлаводам. Яе муж Пятро памёр, але старэйшыя дзеці — 37‑гадовы Сяргей і 40‑гадовы Аляксандр — заўсёды былі пры ёй. Абодва лічыліся беспрацоўнымі. У сям'і ёсць яшчэ малодшы сын, Мікола.
«Выпівалі, але зрэдку», — характарызуюць Кажанавых аднавяскоўцы.
Пасля забойства Сяргей паспрабаваў інсцэніраваць у доме беспарадак, склаў нябожчыкаў побач і схаваўся ў сваёй знаёмай, але міліцыя хутка выйшла на яго след.
За забойства двух і больш чалавек Мішкову ў любым выпадку пагражаў бы расстрэл. Але судовая практыка паказвае, што ў яго выпадку пагроза смяротнага пакарання не тэарэтычная, а вельмі высокая.
Калі чалавек пасля таго, як адбыў пакаранне, вярнуўся да старога, ён відавочны кандыдат на найстражэйшае пакаранне. А ў сітуацыі з Мішковым мала таго, што адбыўся рэцыдыў, дык яшчэ і на яго новым рахунку ажно тры ахвяры.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары