Памятаеце Пятрушу, які выдзіраў драты «дыджэям Перамен»? Яго перавялі ў трэцюю лігу чыноўнікаў пасля месяцаў беспрацоўя
У 2020‑м Дзмітрыя Пятрушу на ўсю краіну зрабіла пасмешышчам знакамітае відэа з Кіеўскага сквера, на якім самы малады (на той момант) сталічны начальнік ліхаманкава выдзірае дрот з калонак, што равуць «Перамен». Лукашэнка заўважыў «ірвача» і, як спачатку здавалася, адплаціў павышэннямі. Але Пятруша не справіўся.

43‑гадовы Дзмітрый Пятруша — яшчэ нядаўна намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама — праз пяць месяцаў беспрацоўя апусціўся да пасады дырэктара філіяла «Галоўдзяржбудэкспертызы» па Мінскай вобласці.
Выглядае, каб не трапіць у базы дармаедаў, Пятрушу-малодшаму прыйшлося звярнуцца да працоўных сувязяў свайго бацькі. Віктар Пятруша да нядаўняга часу ўзначальваў галаўную арганізацыю — саму «Галоўдзяржбудэкспертызу».
Дзмітрый Пятруша нарадзіўся ў 1983 годзе ў Віцебску. У 2006 годзе скончыў Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт, пайшоў працаваць майстрам газавай службы ў «Віцебскаблагазе» і паралельна — папрасіўся на вучобу ў Акадэмію кіравання.
Скончыў яе ў 2012-м, пачаў атрымліваць кіруючыя пасады ў галіне, а ўжо ў 2018‑м — нечакана — стаў начальнікам Цэнтральнага раёна Мінска.
Замяніўшы апальнага Ігара Бузоўскага, Пятруша стаў самым маладым кіраўніком раёна ў сталіцы.
У 2020‑м ён зганьбіўся тым самым выдзіраннем дратоў, затое атрымаў медаль «За працоўныя заслугі».
У ліпені 2021 года Пятрушу прызначылі генеральным дырэктарам «Кераміна». На час яго кіравання выпалі складаныя санкцыйныя часы. Прадпрыемства не брала вышыняў, пачынаючы з 2022‑га яго фінансавую справаздачнасць засакрэцілі.
Але начальства Пятрушам, верагодна, было задаволена. У пачатку 2025‑га Пятрушу прызначылі намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама. У табелі аб рангах гэта не паніжэнне, а хутчэй гарызантальнае перамяшчэнне, з якога можна скокнуць кудысьці ва ўрад.
Але на радзіме, у Віцебску, у кар'еры Пятрушы нешта надламалася.
15 студзеня 2026 года Лукашэнка зняў губернатара Аляксандра Субоціна — таго, які ўзяў Пятрушу на пасаду, — і паставіў на яго месца Аляксандра Рагожніка.
Падчас прызначэння Лукашэнка казаў, што вобласць «мае патрэбу ў прарыве» і патрабаваў дысцыпліны. Сам Рагожнік тады сказаў журналістам, што спачатку паглядзіць, «хто чаго варты», а потым будзе прымаць рашэнні па кадрах.
Праз тры месяцы, 9 красавіка, з'явіліся два новыя намеснікі, і адзін з іх, Пётр Бялусь, атрымаў якраз участак Пятрушы. А таго знялі з пасады і ніякай новай адразу не далі.

Што стала прычынай адстаўкі — невядома. Магчыма, новы губернатар проста камплектаваў каманду пад сябе. Але ёсць факт: ніякай новай раўназначнай пасады Пятрушу не далі, той застаўся без работы і сядзеў без яе амаль пяць месяцаў, пакуль не ўсплыў у парафіі бацькі.
Цікава, што ў дадатак да новай пасады Пятрушу дасталася і крэсла дэлегата УНС.
«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек
Каментары
[Зрэдагавана]