Пасля многіх гадоў адноснага зацішша самалійскія піраты зноў захопліваюць гандлёвыя судны і патрабуюць мільёны даляраў выкупу. Сёлета ў іх руках адначасова знаходзіліся шэсць караблёў і 90 маракоў. CNN расказвае, чаму праблема, якую лічылі амаль вырашанай, зноў стала актуальнай.

21 красавіка другі механік нафтавага танкера Honour 25 Сайед Хусейн Юсуф пачуў стук у дзверы сваёй каюты. Нехта крычаў, што на карабель напалі піраты. Амаль адразу раздаліся стрэлы. За тры хвіліны на борце апынулася каля дзясятка ўзброеных людзей, якія загадалі ўсім членам экіпажа сабрацца на капітанскім мосціку. Неўзабаве да танкера падплылі новыя лодкі, і колькасць піратаў павялічылася прыкладна да трох дзясяткаў. Яны загадалі адвесці карабель да самалійскай рыбацкай вёскі Дурдура, дзе ён стаў на якар недалёка ад берага.
Танкер перавозіў 2700 тон дызельнага паліва з Амана ў сталіцу Самалі Магадыша. На борце знаходзіліся 17 маракоў, пераважна пакістанцаў. Ніхто з іх не ведаў, што наступныя пяць месяцаў яны правядуць у палоне ў памяшканні даўжынёй каля 15 метраў, і што не ўсім удасца вярнуцца дадому.
У першыя дні піраты трымалі закладнікаў пад прыцэлам аўтаматаў, забаранялі ім размаўляць і стралялі ў паветра. Экіпаж прасіў спыніць стральбу, баючыся, што іскра можа выклікаць пажар на судне з тысячамі тон паліва.
За вызваленне людзей і судна піраты запатрабавалі ад кампаніі Wharf Chartering, якая займалася кіраваннем суднам, $7 мільёнаў аднак падчас перамоў патрабаваны выкуп знізілі да $1 мільёна.
Закладнікам спачатку дазвалялі раз на тыдзень тэлефанаваць родным. Пазней званкі сталі радзейшымі, а ў ліпені сувязь спынілася цалкам. Сем'і маракоў арганізоўвалі пратэсты ў Карачы, Мельбурне і Лондане, спрабуючы прымусіць улады і суднаходную кампанію заняцца іх вызваленнем. Ім неаднаразова абяцалі дапамогу, але месяцы ішлі, а нічога не змянялася.
Знясіленыя і галодныя піраты
За гэты час маракі даведаліся нямала пра сваіх захопнікаў. Многія піраты былі знясіленыя і галодныя. Калі яны ўпершыню трапілі на борт, то адразу пачалі есці прадукты, прызначаныя для экіпажа, забралі адзенне і пасцельную бялізну.
Але гэтыя бедныя і галодныя людзі ўдзельнічалі ў аперацыі, якая патрабавала грошай і арганізацыі. Калі праз месяц на танкеры скончыліся прадукты, піраты наладзілі іх дастаўку з берага. На судна прывозілі рыс, бульбу, памідоры, алей, а часам нават жывёл для забою. Акрамя таго, нападнікі пастаянна жавалі кат — распаўсюджаную ў рэгіёне расліну са стымулюючым эфектам. Адзін з іх расказаў маракам, што пачак ката каштуе $60.
Юсуф пачаў падазраваць, што за піратамі стаіць нехта, хто фінансуе іх дзейнасць. Эксперты па марской бяспецы таксама не выключаюць такой магчымасці. Сярод патэнцыйных крыніц грошай называюць сваякоў нападнікаў і ўзброеныя групоўкі, у тым ліку еменскіх хусітаў і самалійскіх ісламістаў з «Аш-Шабаб». Аднак пераканаўчых доказаў таго, хто менавіта фінансаваў захоп Honour 25, няма.
Як Самалі стала краінай піратаў
Гісторыя гэтага танкера паказвае, чаму самалійскае пірацтва, якое яшчэ нядаўна здавалася амаль пераможаным, зноў стала сур'ёзнай пагрозай міжнароднаму суднаходству.
Яно ўзнікла ў пачатку 1990‑х гадоў пасля падзення цэнтральнага ўрада Самалі. Спачатку мясцовыя жыхары стваралі ўзброеныя групы, каб абараняць прыбярэжныя воды ад незаконнага рыбалоўства і скідання адходаў замежнымі суднамі. Аднак з часам гэтыя групы пачалі захопліваць гандлёвыя караблі і патрабаваць за іх вызваленне грошы.
Да канца 2000‑х пірацтва ператварылася ў вялікі крымінальны бізнэс. Паводле экспертаў, з 2005 па 2012 год самалійскія піраты напалі прыкладна на тысячу суднаў і атрымалі больш за $400 мільёнаў выкупу. Толькі ў 2011 годзе зафіксавалі 237 выпадкаў пірацтва. Сусветны банк ацэньваў штогадовыя страты сусветнай эканомікі ад такіх нападаў прыкладна ў $18 мільярдаў з улікам выдаткаў на ахову, страхаванне і змяненне маршрутаў.
Тады міжнародная супольнасць прыняла маштабныя меры. Каля ўзбярэжжа Самалі пачалі патруляваць ваенныя караблі ЗША, краін НАТА, Еўрасаюза і іншых дзяржаў. Гандлёвыя судны наймалі ўзброеную ахову, а суднаходныя кампаніі ўводзілі дадатковыя меры бяспекі. Гэта спрацавала: з 2013 па 2023 год было зарэгістравана толькі два паспяховыя захопы караблёў.
Чаму піраты вярнуліся
Аднак напрыканцы 2023 года напады аднавіліся, а ў 2026‑м іх колькасць рэзка вырасла. Адной з галоўных прычын CNN называе вайну з Іранам, якая змяніла сітуацыю на марскіх шляхах паміж Блізкім Усходам і Афрыкай.
Амерыканскія ваенна-марскія сілы, якія раней адыгрывалі важную ролю ў барацьбе з пірацтвам, цяпер у значнай ступені занятыя аперацыямі ў Персідскім заліве. Частка рэсурсаў іншых краін таксама пераарыентавалася на новыя пагрозы. У выніку магчымасці патрулявання каля Самалі аслаблі.
Напады еменскіх хусітаў прымусілі суднаходныя кампаніі мяняць маршруты. Буйныя перавозчыкі могуць дазволіць сабе дарагі абыход Афрыкі, а меншыя кампаніі дзеля эканоміі часам накіроўваюць караблі бліжэй да ўзбярэжжа Самалі, дзе тыя становяцца здабычай піратаў.
Да таго ж вайна падняла цэны на нафту. У апошнія месяцы яны перавышалі $100 за барэль, што зрабіла танкеры асабліва прывабнымі мішэнямі. Захоп аднаго судна можа прынесці некалькі мільёнаў даляраў выкупу, а асобныя патрабаванні цяпер дасягаюць дзесяці мільёнаў.
Эксперты адзначаюць, што нападнікі выбіраюць перадусім слаба абароненыя караблі. З 2008 года піратам не ўдалося паспяхова захапіць ніводнае судна, якое мела ўзброеную ахову. Аднак найм ахоўнікаў патрабуе дадатковых выдаткаў, і некаторыя суднаўладальнікі працягваюць на гэтым эканоміць. Honour 25 стаў адным з такіх караблёў.
Яшчэ адзін фактар, які спрыяе адраджэнню пірацтва, гэта цяжкае эканамічнае становішча Самалі. Краіна шмат гадоў пакутуе ад засухі, беднасці і палітычнай нестабільнасці, а вайна на Блізкім Усходзе толькі пагоршыла сітуацыю. Самалі імпартуе каля 90% асноўных тавараў, таму падаражанне паліва і транспарціроўкі прывяло да росту цэн на прадукты харчавання. Адначасова ўзніклі праблемы з экспартам у Саудаўскую Аравію, якая з'яўляецца адным з найважнейшых гандлёвых партнёраў краіны.
Пры гэтым сучасныя піраты сталі больш дасведчанымі. Некаторыя выкарыстоўваюць GPS і спадарожнікавыя сістэмы для адсочвання гандлёвых суднаў, а таксама дзейнічаюць далёка за межамі традыцыйных раёнаў нападаў.

Паводле звестак еўрапейскай антыпірацкай аперацыі «Аталанта», гэтым летам адначасова былі захопленыя шэсць суднаў, а ў палоне знаходзіліся 90 членаў экіпажаў. Такая актыўнасць стала найбольшай за шмат гадоў.
Сярод гэтых закладнікаў былі і 17 маракоў з Honour 25. Пакуль іх сем'і дамагаліся вызвалення, на танкеры працягваліся перамовы аб выкупе. У сярэдзіне верасня з'явілася надзея, што палон хутка скончыцца. Піраты паведамілі, што дамоўленасць нібыта дасягнутая.
Аднак 29 верасня сілы бяспекі самалійскага рэгіёна Пунтленд правялі аперацыю па вызваленні танкера, якая скончылася трагедыяй. Пяцёра маракоў загінулі, яшчэ некалькі чалавек атрымалі раненні.
Улады Пунтленда сцвярджалі, што піраты забілі маракоў яшчэ да пачатку аперацыі. Аднак з'яўляліся і іншыя сведчанні абставін стральбы, таму дакладная паслядоўнасць падзей застаецца спрэчнай. Паводле мясцовых уладаў, былі затрыманыя 16 піратаў.
Цяпер чытаюць
«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек
Каментары
А зараз грошай сталася значна меней. І візу ў ЗША не атрымаеш, і ў ЕС сталася цяжэй.