Навука і тэхналогіі11

Пентагон паказаў здымак сакрэтнага кітайскага касмаплана. Ён падобны да амерыканскага Х-37

Разведвальнае ўпраўленне Міністэрства абароны ЗША апублікавала здымак кітайскага шматразовага «касмічнага самалёта», зроблены спадарожнікам кампаніі Maxar Technologies у 2024 годзе (з таго часу кампанія змяніла назву на Vantor). Гэта першая выява сакрэтнага касмічнага апарата, дагэтуль здымкі ў адкрытым доступе былі моцна размытымі, піша вайсковы аглядальнік Рускай служба Бі-бі-сі Павел Аксёнаў.

Кітайскі касмаплан на арбіце. Спадарожнікавы здымак 2024 года кампаніі Maxar, якая з таго часу змяніла назву і цяпер называецца Vantor. Гэты здымак быў апублікаваны ў дакладзе Разведвальнага ўпраўлення Міністэрства абароны ЗША і з'яўляецца скрыншотам старонкі дакумента. Фота: Satellite Image 2026 Vantor

Здымак апублікаваны ў дакладзе «Пра выклікі ў галіне бяспекі ў космасе». Ён прысвечаны вайсковаму саперніцтву ЗША з Кітаем і Расіяй, а таксама КНДР і Іранам, у якіх таксама ёсць касмічныя праграмы з вайсковай скіраванасцю.

Касмічныя самалёты, або касмапланы — перспектыўны від апаратаў, здольных перамяшчацца як у беспаветранай прасторы, так і ў атмасферы Землі.

Такія апараты маюць аэрадынамічныя паверхні — крыло, хваставое апярэнне — а таксама аэрадынамічную форму. Гэта дазваляе ім здзяйсняць кіраваны палёт у паветры.

На здымку апарат развернуты да аб'ектыва днішчам. Здымак настолькі якасны, што можна адрозніць адчыненыя створкі грузавога люка ў верхняй частцы апарата.

У хваставой частцы заўважнае падаўжэнне з разгорнутымі сонечнымі панэлямі па баках. Гэта можа быць прыстыкаваны сэрвісны модуль.

Дзве цёмныя прамавугольныя плямы ў ніжняй частцы могуць быць створкамі адсекаў для двух асноўных стоек шасі. Верагодна, апарат выкарыстоўвае трохстоечную канфігурацыю, і ў пярэдняй частцы ёсць яшчэ адзін адсек для пярэдняй стойкі.

Задачы, якія патэнцыйна здольныя выконваць касмапланы — гэта вывад на арбіту рознай карыснай нагрузкі, узаемадзеянне з іншымі касмічнымі апаратамі — то-бок выкананне задач спадарожніка-інспектара.

Спадарожнікі-інспектары могуць выкарыстоўвацца для даследавання іншых апаратаў і іх рамонту. Але могуць быць і супрацьспадарожнікавай зброяй.

«Ключавой магчымасцю для шматразовага выкарыстання касмічных апаратаў з'яўляюцца касмічныя самалёты,падобныя да гэтага касмічнага самалёта КНР, зафіксаванага кампаніяй Maxar. Касмічныя самалёты могуць выходзіць на арбіту для дастаўкі аб'ектаў у космас або нават для іх тэставання і вяртання на Зямлю», — гаворыцца ў дакладзе.

Манеўранасць

«Касмапланы з'яўляюцца шматразовымі апаратамі і валодаюць павышанай манеўранасцю, што робіць іх больш прыдатнымі для выканання пэўных задач у параўнанні з традыцыйнымі спадарожнікамі», — гаворыцца ў дакладзе.

Павышаная манеўранасць касмаплана на арбіце дасягаецца за кошт рухавікоў і запасу паліва.

Звычайныя спадарожнікі таксама здольныя манеўраваць, але тэрмін іх службы залежыць ад таго, колькі у іх ёсць паліва для карэкцыі арбіты або манеўраў.

Шматразовы касмаплан пасля завяршэння місіі можа вярнуцца на Зямлю і выкарыстоўвацца паўторна, а не заставацца на арбіце да вычарпання рэсурсу.

Таму такія апараты могуць здзяйсняць манеўры на арбіце з большымі выдаткамі паліва.

Але ў іх ёсць яшчэ адна ўнікальная уласцівасць — яны могуць значна змяняць арбіту пры ўваходзе ў атмасферу.

Такі апарат, рухаючыся на арбіце, можа ўваходзіць у верхнія слаі атмасферы і манеўраваць у іх пры дапамозе аэрадынамічных рулёў і крылаў, змяняючы кірунак палёту.

Такім чынам ён здольны змяніць нахіл сваёй арбіты. Нахілам называецца вугал паміж арбітальнай плоскасцю і плоскасцю экватара.

Каб яго змяніць, трэба патраціць шмат паліва — гэта адзін з самых энергазатратных манеўраў арбітальных апаратаў. Таму спадарожнікі рэдка змяняюць нахілы сваіх арбіт.

Дзякуючы рухавікам і аэрадынамічным магчымасцям касмаплан здольны пашырыць дыяпазон даступных арбіт у межах аднаго палёту ў параўнанні са звычайным спадарожнікам той жа масы.

Кітайская праграма

Як гаворыцца ў дакладзе, першы прататып кітайскага касмаплана здзейсніў свой палёт у космас у 2020 годзе. Ён прабыў на арбіце два дні, пасля чаго вярнуўся на Зямлю.

Другі палёт адбыўся ў 2022 годзе. Ён працягваўся 276 дзён. У ходзе гэтага палёту апарат, як мяркуюць амерыканскія вайскоўцы, здзейсніў манеўры побач з іншым кітайскім спадарожнікам.

Ён захоўваў дыстанцыю ў адзін кіламетр ад яго, але ў нейкі момант зблізіўся на адлегласць 100 метраў. Не выключана, што касмаплан і спадарожнік зрабілі стыкоўку, пасля чаго спадарожнік зноў аддзяліўся, гаворыцца ў дакладзе.

У снежні 2023 года Кітай запусціў свой трэці касмаплан, які правёў на арбіце 268 дзён. У ходзе гэтай місіі апарат выпусціў нейкі аб'ект і ўзаемадзейнічаў з ім.

Копія X-37?

Такія праграмы распрацоўвалі многія краіны. Самая паспяховая — амерыканскі Space Shuttle. Гэта адзіны касмаплан, які здзяйсняў рэгулярныя палёты ў космас на працягу многіх гадоў.

У СССР быў пабудаваны і здзейсніў палёт у космас «Буран». Акрамя яго, у Савецкім Саюзе распрацоўваліся праекты і іншых касмічных самалётаў.

Цяпер у ЗША існуе праграма Boeing X-37, у рамках якой на арбіту робіць палёт адзін апарат X-37B. Ён адлятаў ужо сем місій, самая доўгая з якіх працягвалася больш за 900 дзён.

Гэта вайсковая і строга засакрэчаная праграма, і чым займаецца ў космасе гэты апарат, дакладна невядома. Але, верагодна, на ім адпрацоўваюцца ў тым ліку і асаблівасці кіравання самім апаратам.

На думку многіх спецыялістаў, кітайскі апарат, апублікаваны Пентагонам, вонкава вельмі падобны да X-37.

У дакладзе таксама гаворыцца, што за апошнія два дзесяцігоддзі Расія анансавала некалькі праектаў касмапланаў. Аднак з часу адзінага выпрабавальнага палёту «Бурана» ў 1988 годзе значнага прагрэсу ў гэтай галіне дасягнута не было.

Інспектары

Гэтыя манеўры нагадваюць дзеянні спадарожнікаў-інспектараў. Такія апараты распрацоўваюць многія краіны, уключаючы ЗША, Расію і Кітай.

Лічыцца, што ў пачатку 2010‑х гадоў Расія пачала актыўна развіваць праграму вайсковых спадарожнікаў-інспектараў, патэнцыйна здольных перашкодзіць працы і нават знішчыць апарат іншай краіны.

Кітай таксама распрацоўвае спадарожнікі, характарыстыкі якіх выдаюць у іх інспектараў.

У інтэрв'ю Бі-бі-сі ў 2025 годзе тагачасны камандуючы брытанскімі касмічнымі сіламі Пол Тэдман сказаў, што «ў кітайцаў значна больш дасканалыя магчымасці, але ў расіян больш жадання выкарыстоўваць свае вайсковыя сістэмы ў космасе».

Каментары1

  • Чытака
    29.10.2026
    "здольных перамяшчацца як у бязводнай прасторы, так і ў атмасферы Землі" - ???

Цяпер чытаюць

Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе11

Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе

Усе навіны →
Усе навіны

Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра28

Эдуарда Бабарыку не пераводзілі на турэмны рэжым, ён застаецца ў калоніі ў Горках

А што будзе, калі вярнуцца ў Беларусь? Кажуць жа, што рэпрэсіі заканчваюцца9

Народны артыст Анатоль Ярмоленка стаў бізнэс-партнёрам кашалька Лукашэнкі3

Прадаецца былая рэзідэнцыя Лукашэнкі пад Віцебскам2

Мужчына піў гарбату ля ракі, убачыў, што тоне жанчына, выратаваў яе і проста сышоў. Яго знайшлі і ўзнагародзілі7

«У нас няма канкурэнтаў». Беларуска расказала, як адкрыла папулярны барбершоп у райцэнтры3

Зяленскі заявіў, што расійскія ўдары пашкодзілі ўсе электрастанцыі ў краіне1

Ціханоўскі пра Ціханоўскую: Яна кажа: «Балюча чуць». Зараз табе будзе яшчэ больш балюча85

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе11

Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць