Сяргея Макшанцава, які ўдзельнічае ў працы з прарасійскімі арганізацыямі ў Беларусі, крыніцы «Бюро» назвалі супрацоўнікам Пятай службы ФСБ. Гэтая служба, сярод іншага, займаецца вярбоўкай і фінансаваннем пракрамлёўскіх актывістаў за мяжой.

Дом Масквы ў Мінску курыруе супрацоўнік расійскай спецслужбы Сяргей Макшанцаў. Да такой высновы журналісты «Бюро» прыйшлі на падставе звестак крыніц, выцекаў і адкрытых даных.
Дом Масквы праводзіць у Беларусі канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы для расійскіх «суайчыннікаў».
Гэта пляцоўка для прасоўвання ідэй «рускага свету» і інструмент уплыву Крамля.
Арганізацыя падпарадкоўваецца Маскоўскаму дому суайчынніка — установе, створанай урадам Масквы для працы з рускамоўнай дыяспарай за мяжой. Макшанцаў з 2022 года займае там пасаду намесніка дырэктара.
Што звязвае Макшанцава з ФСБ
Дзве незалежныя адна ад адной крыніцы ў еўрапейскай разведвальнай службе назвалі Макшанцава супрацоўнікам Пятай службы ФСБ, піша «Бюро».
Журналісты таксама выявілі, што ён лётаў за мяжу разам з Максімам Яроміным, які ў базах The Insider пазначаны як кадравы афіцэр гэтай службы.
Яшчэ адна сувязь знайшлася ў выцеку: адрасам пражывання Макшанцава пазначаная маскоўская кватэра, якая лічыцца за ФСБ.
Паводле справаздачы Службы знешняй разведкі Эстоніі, ФСБ выкарыстоўвае Маскоўскі дом суайчынніка як прыкрыццё для сваіх супрацоўнікаў. У дакуменце названы Максім Сапуноў, які працаваў намеснікам дырэктара гэтай установы ў 2013—2015 гадах. Макшанцаў заняў такую пасаду ў 2022-м.
Канферэнцыі ў Мінску і кантакты з прарасійскімі актывістамі
Як вынікае са звестак пра пералёты, на якія спасылаецца «Бюро», пасля прызначэння Макшанцаў наведваў Бішкек, Ерэван, Баку і Мінск.
У верасні 2024 года ён удзельнічаў у канферэнцыі «Расійская дыяспара. Рэаліі і перспектывы» ў Доме Масквы ў Мінску. У маі 2026‑га выступаў там на канферэнцыі «Масква і суайчыннікі. Праца, задачы, перспектывы».
Тады Макшанцаў абяцаў працягваць падтрымку расійскіх «суайчыннікаў» за мяжой:
«Хачу перш за ўсё адзначыць, што ўрад Масквы будзе працягваць аказваць максімальна магчымую дапамогу суайчыннікам, якія жывуць за мяжой. І ў першую чаргу краінам блізкага замежжа — тым, хто да нас найбольш блізкі геаграфічна, і шмат у якіх іншых аспектах».
У тым жа мерапрыемстве ўдзельнічаў кіраўнік «Руху Саюз» Сяргей Лушч. Раней «Бюро» пісала, што ён атрымлівае расійскія грошы на падтрымку пракрамлёўскіх актывістаў у Беларусі.
Пятая служба ФСБ займаецца знешняй разведкай, палітычным аналізам, пошукам, вярбоўкай і фінансаваннем пракрамлёўскіх актывістаў за мяжой. Як адзначае «Бюро», перад поўнамаштабным уварваннем ва Украіну менавіта гэтая служба падавала Уладзіміру Пуціну звесткі пра палітычную сітуацыю ў краіне і рыхтавала там прарасійскую пятую калону.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Дом Масквы= імперская кодла