На пункце пропуску Меднікі літоўскія памежнікі выявілі ў грамадзяніна Беларусі, які жыве і працуе ў Літве, падробленае пасведчанне кіроўцы.

Позна ўвечары ў панядзелак супрацоўнікі Віленскай памежнай заставы праверылі 35‑гадовага беларуса, які выязджаў з Літвы ў Беларусь. Мужчына мае літоўскі дазвол на часовае жыхарства і ехаў на аўтамабілі Mercedes-Benz C320 з літоўскімі нумарамі.
Падчас праверкі ён падаў беларускае пасведчанне кіроўцы, выдадзенае ў 2020 годзе. У памежнікаў узніклі сумневы ў яго сапраўднасці. Пасля дэталёвай праверкі яны прыйшлі да высновы, што дакумент, верагодна, цалкам падроблены: ён не адпавядае патрабаванням да вырабу абароненых дакументаў, а ў параўнанні з узорным пасведчаннем у ім не хапае некаторых абавязковых звестак.
Паколькі мужчына кіраваў аўтамабілем без адпаведных правоў, яму прызначылі адміністрацыйны штраф у памеры 300 еўра.
Віленская памежная застава пачала дасудовае расследаванне паводле падазрэння ў падробцы дакумента або выкарыстанні падробленага дакумента. За такое злачынства ў Літве прадугледжаныя грамадскія работы, штраф, абмежаванне волі, арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.
Беларуса затрымалі і даставілі ў Віленскую памежную заставу. На просьбу затрыманага ягоны Mercedes-Benz перададуць грамадзяніну Латвіі, які мае сапраўднае пасведчанне кіроўцы.
Каментары