Politico: Вашынгтон цісне на Літву, каб тая адкрыла порт Клайпеды для беларускага калію
Адміністрацыя Дональда Трампа дамагаецца ад Літвы адкрыцця порта Клайпеда для экспарту беларускіх калійных угнаенняў насуперак санкцыям Еўрасаюза. ЗША хочуць такім чынам знізіць залежнасць ад паставак з Канады і скараціць выдаткі амерыканскіх фермераў на ўгнаенні. Пра гэта піша выданне Politico са спасылкай на чатырох еўрапейскіх чыноўнікаў.

Па інфармацыі выдання, спецыяльны пасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл у апошнія тыдні праз дыпламатычныя каналы спрабаваў высветліць, ці гатовая Літва змякчыць абмежаванні на транзіт беларускіх тавараў. Гэтыя санкцыі забараняюць экспартаваць беларускую прадукцыю праз парты Еўрасаюза. У лютым наступнага года краіны ЕС павінны будуць прыняць рашэнне аб іх падаўжэнні, і патрэбная будзе аднагалосная згода.
Тэарэтычна Літва, якая з пачатку наступнага года будзе старшынстваваць у Савеце Еўрасаюза, магла б заблакаваць падаўжэнне санкцый, што прывяло б да іх спынення. Аднак Вільня застаецца адным з найбольш паслядоўных еўрапейскіх партнёраў Украіны.
У верасні Трамп заявіў, што працуе над «вялікай здзелкай» з Мінскам, якая дазволіла б ЗША набываць беларускі калій па цане, значна ніжэйшай за тую, якую цяпер плацяць амерыканскія фермеры канадскім пастаўшчыкам. Але для гэтага неабходна аднавіць магчымасць транспартаваць угнаенні праз Клайпеду або іншыя балтыйскія парты.
Паводле аднаго з суразмоўцаў Politico, у апошнія тыдні каманда Трампа прыкметна актывізавала кантакты з Літвой. Два чыноўнікі з Усходняй Еўропы сцвярджаюць, што Джон Коўл цісне на літоўскія ўлады на розных узроўнях ужо больш за год — з моманту свайго першага візіту ў Мінск. Амерыканцы таксама абмяркоўвалі магчымасць паставак беларускага калію праз латвійскую Рыгу, што таксама было б зручнейшым маршрутам, чым транспартаванне праз Расію. Паводле еўрапейскага чыноўніка, Коўл звяртаўся з гэтай прапановай і да латвійскага боку.
У Дзярждэпартаменце ЗША адмовіліся каментаваць канкрэтныя камерцыйныя здзелкі, але заявілі, што Вашынгтон рэгулярна абмяркоўвае з саюзнікамі і партнёрамі магчымасці, якія адпавядаюць амерыканскім эканамічным інтарэсам. Там таксама адзначылі, што продаж беларускага калію ЗША дапаможа знізіць выдаткі амерыканскіх фермераў і жывёлаводаў.
У краінах Усходняй Еўропы асцерагаюцца, што змякчэнне санкцый супраць Лукашэнкі надасць яму большую міжнародную легітымнасць і дазволіць працягваць утрымліваць палітычных апанентаў за кратамі. Адзін з еўрапейскіх чыноўнікаў таксама паставіў пад сумнеў, ці знойдзецца дастаткова вялікі сусветны рынак для беларускага калію, улічваючы дамінаванне Канады ў гэтай галіне. Паводле яго, гэтае пытанне застаецца складаным і для самой Літвы.
«Беларуськалій» дамагаўся пераносу арбітражнага працэсу супраць Літвы ў ААЭ ці Сінгапур, але суд адмовіў
Беларусь у найбліжэйшы час накіруе новую партыю калію ў ЗША
Пазняк пра палітыку ЕС: Фактычна гэта палітыка антыбеларуская
Беларусь уваходзіць у топ-10 сусветных экспарцёраў угнаенняў
Класкоўскі: Калі калій пойдзе праз Клайпеду, гэта знізіць залежнасць Беларусі ад Расіі
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары