Кіраўніку «Гардарматэрыялаў» далі чатыры гады калоніі. Ён не прызнаў віну
Сілавікі лічаць, што Максім Бахаўчук атрымаў каля $7000 хабару за чатыры з паловай гады.

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска вынеслі прысуд Максіму Бахаўчуку, былому кіраўніку дарожна-будаўнічага прадпрыемства «Гардарматэрыялы». Яго абвінавацілі ў атрыманні хабару ў вялікай суме (ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэкса).
Максім Бахаўчук нарадзіўся ў 1969 годзе. Працаваў у Дарожна-будаўнічым трэсце №1 Віцебска, галоўным інжынерам «Віцебскаблдарбуда», дырэктарам «Мінскаблдарцэнтра». З сярэдзіны 2010‑х — дырэктар «Гардарматэрыялаў».
Паводле версіі суда, з снежня 2021 да чэрвеня 2026 года Бахаўчук перадаваў прадстаўніку камерцыйнай структуры звесткі пра закупкі і перамовы, на якіх прадпрыемства выбірала падрадчыкаў і субпадрадчыкаў. Гаворка ішла і пра перамовы аб закупцы работ і паслуг пры будаўніцтве аб'ектаў. Акрамя таго, ён спрыяў таму, каб прадпрыемства выбірала менавіта гэтую фірму падрадчыкам і субпадрадчыкам і заключала з ёй дагаворы.
За гэта, як мяркуе суд, Бахаўчук у некалькі прыёмаў атрымаў 22 тысячы рублёў.
Бахаўчук сваю віну не прызнаў.
У выніку яму прысудзілі чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу памерам 13 500 рублёў.
Яшчэ чатыры гады яму нельга будзе займаць пасады з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі.
Каментары