На заводзе боепрыпасаў у іспанскай Гранадзе 30 кастрычніка адбыўся магутны выбух. Пацярпелі як мінімум трое работнікаў, усе яны атрымалі лёгкія траўмы, піша Euronews.

Выбух прагрымеў незадоўга да 9‑й гадзіны раніцы на прадпрыемстве ў раёне Эль-Фарге. Пасля яго ў неба падняўся вялікі слуп дыму, які было відаць з розных частак горада. Службы экстраннай дапамогі атрымалі больш за 30 званкоў ад жыхароў, якія паведамлялі пра здарэнне.
Моц выбуху напалохала мясцовых жыхароў. Некаторыя спачатку падумалі, што адбыўся землятрус. Старшыня асацыяцыі жыхароў Эль-Фарге Хесус Лопес заявіў мясцоваму выданню Granada Hoy, што гэта быў адзін з самых магутных выбухаў, якія ён памятае.
Паводле звестак экстранных службаў, выбух адбыўся на закрытай тэрыторыі завода, вядомай як участак вытворчасці пораху. Траім пацярпелым аказалі першую дапамогу, пасля чаго іх планавалі даставіць у бальніцу Virgen de las Nieves для абследавання.
Ратавальнікі не выявілі структурных пашкоджанняў або сур’ёзных разбурэнняў у размешчаных паблізу жылых дамах.
Афіцыйныя прычыны здарэння пакуль не высветленыя. Паводле інфармацыі прафсаюза UGT, якую перадаюць мясцовыя СМІ, выбух мог адбыцца падчас планавай праверкі якасці аднаго з боепрыпасаў.
Каментары