Амерыканка, якая выжыла пасля спробы пакарання смерцю, расказала, што з ёй адбывалася
Амерыканка Крыста Пайк, якая была асуджаная да смяротнага пакарання і перажыла дзве няўдалыя ін’екцыі, упершыню публічна выказалася пра тое, што з ёй адбылося, піша Бі-бі-сі.

У верасні ў турме штата Тэнэсі Крысце Пайк двойчы ўводзілі пентабарбітал, аднак ніводная з доз не прывяла да смерці. Па словах медыкаў, у крывяносную сістэму жанчыны не трапіла дастатковай колькасці прэпарату.
У сваёй заяве, якую апублікавалі ў сацыяльных сетках яе адвакаты, Пайк расказала, што пасля працэдуры апрытомнела адна ў бальніцы, не разумеючы, што адбываецца, і адчуваючы боль:
«Пасля гэтага дня не было ніводнай хвіліны, калі б я не адчувала боль. Маё цела баліць. Баляць рукі. Баляць кісці. Баліць горла. Мне ўсё яшчэ цяжка гаварыць. І гэта не толькі фізічны боль. Боль пранізвае маё сумленне і маю душу».
Пасля няўдалай спробы пакарання 50‑гадовую Пайк у крытычным стане даставілі ў бальніцу. Пазней яе вярнулі ў турму, дзе яна знаходзіцца ўжо каля 30 гадоў. Раней адвакаты паведамлялі, што пасля ін’екцый у жанчыны развілася запаленне лёгкіх, апухлі рукі і ўзніклі цяжкасці з глытаннем.
Пайк была асуджаная да смяротнага пакарання за забойства 19‑гадовай Колін Слемер, учыненае ў 1995 годзе. На той момант Крысце было 18 гадоў, а яе тагачаснаму хлопцу Тадарылу Шыпу — 17. Яны збілі і катавалі дзяўчыну, з якой пазнаёміліся ў лагеры для праблемных падлеткаў, а затым забілі яе. Шыпа не прысудзілі да смерці, бо на момант злачынства ён быў непаўналетнім. Ён дагэтуль застаецца ў зняволенні.
Пайк павінна была стаць першай за 200 гадоў жанчынай, пакаранай смерцю ў Тэнэсі. Але гэты выпадак стаў адзіным вядомым, калі чалавек выжыў пасля смяротнай ін’екцыі.
У сваёй заяве жанчына адзначыла, што паступова аднаўляецца і адчувае сябе мацнейшай, але гаенне ран яшчэ не азначае, што з ёй усё добра. Яна таксама заявіла, што яе глыбока ўразіла некампетэнтнасць, праз якую столькі людзей апынуліся ў жахлівым становішчы.
Улады Тэнэсі пакуль не патлумачылі, чаму выкананне смяротнага пакарання скончылася няўдачай. Пры гэтым яны настойвалі, што спосаб яго правядзення быў абраны правільна.
Каментары