У амерыканскім Тэнэсі ўпершыню за 200 гадоў збіраліся пакараць смерцю жанчыну. Але выкананне прыпынілі за гадзіну да прызначанага часу
У амерыканскім штаце Тэнэсі выкананне смяротнага прысуду Крысце Пайк было прыпынена крыху больш чым за гадзіну да запланаванага часу. Калі прысуд у выніку будзе выкананы, яна стане першай жанчынай, пакаранай смерцю ў Тэнэсі больш чым за 200 гадоў, піша Бі-бі-сі.

50‑гадовая Пайк знаходзіцца ў камеры смяротнікаў з 1996 года. Яе прызналі вінаватай у забойстве 19‑гадовай Колін Слемер, здзейсненым у 1995 годзе. На момант злачынства Пайк было 18 гадоў. Яна разам са сваім тагачасным хлопцам Тадарылем Шыпам збівала і катавала Слемер, з якой яны пазнаёміліся ў лагеры прафесійнай падрыхтоўкі для падлеткаў з праблемамі ў паводзінах.
30 верасня суддзі Шостага акруговага апеляцыйнага суда ЗША заявілі, што ім патрэбны дадатковы час для разгляду аргументаў абароны. Працягласць адтэрміноўкі пакуль невядомая.
Рашэнне было прынята пасля таго, як раней на гэтым тыдні Вярхоўны суд ЗША адмовіўся разглядаць просьбу аб адтэрміноўцы, а губернатар Тэнэсі не задаволіў хадайніцтва Пайк аб памілаванні.
Адвакаты Пайк заявілі, што на працягу многіх гадоў у судах улады Тэнэсі сцвярджалі, што яна хлусіла пра сэксуальны гвалт, якому падвяргалася ў дзяцінстве. Аднак падчас нядаўняга разгляду справы, звязанай са спосабам выканання смяротнага прысуду, штат ужо не аспрэчваў факт таго, што Пайк перажыла сэксуальны гвалт і згвалтаванне.
Абарона папрасіла апеляцыйны суд вярнуць яе хадайніцтва ў акруговы суд. Па словах адвакатаў, калі федэральныя суды раней прымалі рашэнні, грунтуючыся на заяве штата пра тое, што Пайк хлусіла, гэта магло паўплываць на разгляд яе справы на федэральным узроўні.
Асобная апеляцыя, якая прывяла да цяперашняга прыпынення прысуду, тычыцца спосабу пакарання смерцю з дапамогай смяротнай ін'екцыі. Адвакаты сцвярджаюць, што такая працэдура можа выклікаць большыя пакуты, чым неабходна для выканання прысуду, што, на іх думку, супярэчыць Канстытуцыі ЗША. Яны таксама заявілі, што працэдуры штата не далі Пайк справядлівай магчымасці даказаць гэта ў судзе.
Генеральны пракурор Тэнэсі заявіў, што штат будзе працягваць дамагацца выканання прызначанага пакарання і папросіць Вярхоўны суд ЗША адмяніць рашэнне аб прыпыненні. Ён адзначыў, што ў справах аб смяротным пакаранні абарона нярэдка падае пярэчанні на познім этапе пасля шматгадовых судовых працэсаў.
Забойства Колін Слемер атрымала вялікі рэзананс у Ноксвіле ў 1995 годзе. Цела 19‑гадовай дзяўчыны знайшлі з выразанай на грудзях пентаграмай. Пайк адмаўляла, што сама выразала гэты знак. Паводле паказанняў двух іншых выхаванцаў лагера, яна расказвала пра забойства да і пасля яго здзяйснення і паказвала ім фрагмент чэрапа Слемер.

Праз год пасля забойства Пайк прысудзілі да смяротнага пакарання. Шып, якому на той момант было 17 гадоў, атрымаў пажыццёвае зняволенне з магчымасцю ўмоўна-датэрміновага вызвалення.
У Пайк была дакументальна зафіксаваная гісторыя сэксуальнага гвалту ў дзяцінстве, а таксама безнагляднасці. Яе адвакаты сцвярджаюць, што калі б яе судзілі сёння за такое ж злачынства, здзейсненае ў падлеткавым узросце, яна не атрымала б смяротнага прысуду.
У 2025 годзе Вярхоўны суд Тэнэсі пастанавіў, што Пайк не прадставіла абставін, якія маглі б стаць падставай для змякчэння пакарання. Паводле Дэпартамента выканання пакаранняў Тэнэсі, на момант заключэння пад варту Пайк была самым маладым чалавекам у камеры смяротнікаў.
Каментары