Эканамічны суд Мінскай вобласці разгледзеў спрэчку паміж прадпрымальнікам Юрыем Чыжом і яго сынам Сяргеем у рамках справы аб банкруцтве кампаніі «Данпрад». Яны не сышліся ў меркаванні наконт кандыдатуры новага антыкрызіснага кіраўніка прадпрыемства, піша Office Life.

Прычынай разгляду стала адхіленне папярэдняга ліквідатара — ТАА «Хваля бізнэсу». Крэдыторы «Данпрада» і Сяргей Чыж выступілі за яго замену пасля таго, як кіраўнік двойчы не змог прадставіць план ліквідацыі, які задаволіў бы ўсіх удзельнікаў працэдуры.
Пры выбары новага кіраўніка пазіцыі бацькі і сына разышліся. Асноўны крэдытор «Данпрада» — кампанія «Трайпл», на якую прыпадае 59,5% патрабаванняў у рэестры. Яе генеральным дырэктарам і ўладальнікам 66,5% долі з'яўляецца Юрый Чыж. «Трайпл» прапанаваў прызначыць кіраўніком «АльфаКрызісМенеджмент» альбо індывідуальнага прадпрымальніка Наталлю Леванькову.
Сяргей Чыж, які раней быў удзельнікам «Данпрада», выступіў супраць гэтых кандыдатур. Ён заявіў пра іх магчымую афіляванасць з інтарэсамі бацькі. Паводле яго слоў, «АльфаКрызісМенеджмент» раней вёў справу аб банкруцтве «Трайпла», а Леванькова была кіраўніцай у справе аб банкруцтве СТАА «Гасцінны маёнтак» — рэстарана ў комплексе «Лагойск». Акрамя таго, юрыдычная кампанія «Левагус», намесніцай дырэктара якой з'яўляецца Леванькова, была кіраўніцай справы аб банкруцтве «Бярозаўскі КСІ». Сяргей Чыж лічыў, што такія сувязі могуць перашкодзіць незалежнаму вядзенню працэдуры.
У якасці альтэрнатывы ён прапанаваў кандыдатуры кампаній «Ацэншчык» і «Хэпі Энд». Прадстаўнікі Юрыя Чыжа спрабавалі не дапусціць гэтага варыянту, аднак суд спыніўся на кандыдатуры «Ацэншчыка». Пры гэтым было ўлічана, што ў кампаніі невялікая колькасць бягучых спраў, а таксама ёсць ухваленне падатковай інспекцыі Валожынскага раёна.
«Данпрад» — прадпрыемства па вытворчасці беконнай свініны ў Валожынскім раёне, створанае кампаніямі Юрыя Чыжа разам з дацкімі інвестарамі. У маі 2015 года прадпрыемства выйшла на праектную магутнасць і на той момант стала найбуйнейшым у Беларусі свінагадоўчым комплексам. У маі 2026 года «Данпрад» прызналі банкрутам. Яго запазычанасць складала амаль 117 мільёнаў рублёў і істотна перавышала кошт актываў.
Спрэчка вакол банкруцтва «Данпрада» з'яўляецца адным з эпізодаў працяглага падзелу актываў бізнэс-імперыі Юрыя Чыжа. У апошнія гады карпаратыўны канфлікт паміж сямейнікамі неаднаразова пераходзіў у судовую плоскасць.
Каментары