JAC, BMG, Citroen і не толькі. Якія яшчэ маркі аўто збіраюць у Беларусі — апроч Geely
Калі вы думаеце, што ў Беларусі збіраюць толькі Geely/Belgee, то глыбока памыляецеся.

Не ўсе кітайскія маркі аднолькава паспяховыя
З моманту пачатку серыйнай зборкі Geely ў Беларусі прайшло ўжо больш за 13 гадоў. За гэты час паспеў з'явіцца суббрэнд Belgee, а аўтамабілі марак Geely/Belgee сталі сапраўды народнымі.
Адметна, што амаль паралельна з Geely у Беларусі пачалі збіраць іншыя кітайскія аўто — Zotye. Праўда, праект аказаўся куды менш паспяховым, і зборка Zotye працягвалася ўсяго каля сем гадоў — з 2013‑га па 2020 год.
Тым не менш, беларуская аўтавытворчасць не абмяжоўваецца толькі выпускам Geely/Belgee.
Dongfeng
Аўтамабілі гэтай кітайскай маркі пачалі збіраць на заводзе «Юнісан» у Абчаку (Мінскі раён) толькі восенню 2025 года, але ўсяго за год яны змаглі дасягнуць значных поспехаў.
За першае паўгоддзе 2026 года было выпушчана больш за 1500 аўто маркі Dongfeng з пазнакай «зроблена ў Беларусі».

Пакуль у лінейцы Dongfeng беларускай зборкі чатыры мадэлі: красовер Shine GS, які прадаецца па цэнах ад 65 тысяч рублёў (каля $21 700), седан Shine Max коштам ад 72 тысяч рублёў (каля $24 000), красовер Mage па цэнах ад 77 тысяч рублёў (каля $25 700) і вялікі паркетнік Huge, даступны па цэнах ад 95 300 рублёў (каля $31 800).
Forthing
Марка Forthing належыць да канцэрна Dongfeng Motor. Красовер Forthing T5 EVO, які нядаўна пачалі збіраць у Беларусі, прадаецца па цэнах ад 80 тысяч рублёў (каля $26 600). За два гады прысутнасці брэнда на беларускім рынку дылеры рэалізавалі ўжо 1000 аўто. Праўда, беларускай зборкі з іх менш за 200 штук.
JAC
Яшчэ адна кітайская марка, машыны якой збіраюць у Беларусі, — JAC. Праўда, у адрозненне ад вышэйпералічаных марак, JAC выпускае ў тым ліку камерцыйны транспарт. Пікапы збіраюць на «Юнісоне», а грузавікі — у Брэсце на «Брэстмашы».

Як і іншыя аўто беларускай зборкі, яны прадаюцца ў тым ліку з выкарыстаннем ільготнага крэдытавання.
Самы даступны пікап JAC T8 Pro каштуе ад 113 800 рублёў (каля $38 000) і мае дызельны рухавік аб'ёмам 2 літры.
Пікап T9 каштуе ад 133 тысяч ($44 300) за бензінавую версію і ад 138 тысяч (каля $46 000) за дызельную.
Shineray
Апроч гэтага, у Абчаку збіраюць мікрааўтобусы маркі Shineray — грузавыя, пасажырскія і грузапасажырскія.
Праўда, аб'ёмы продажаў у Shineray даволі сціплыя. За першае паўгоддзе 2026 года ў Беларусі было сабрана каля 50 мікрааўтобусаў.
BMG і зноў «Брэстмаш»
Апроч грузавікоў JAC, у Брэсце ад пачатку 2025 года збіраюць мікрааўтобусы маркі BMG, якія таксама маюць версіі для перавозкі пасажыраў і грузаў.

Аб'ёмы выпуску — каля 10 машын у месяц.
Таму выглядае, што прынамсі пакуль сярод кітайскіх марак, апроч Geely/Belgee нейкую значную прысутнасць маюць толькі Dongfeng, Forthing і JAC.
Не толькі кітайскія маркі
Гэтым летам на «Юнісоне» пачалі збіраць адразу тры мадэлі Citroen. Праўда, і тут без Кітая не абышлося, бо гаворка ідзе пра мадэлі, якія выпускае сумеснае з кітайцамі Dongfeng Peugeot Citroen Automobile Company LTD.

Самы даступны — кампактны хэтчбэк Citroen C 3‑XR — прадаецца па цэнах ад 75 тысяч рублёў (каля $25 000).
Цэны на Citroen C5 Aircross пачынаюцца з 95 тысяч рублёў, ці каля $31 700.
Цэны на C5X, сабраныя ў Беларусі, пры іх з'яўленні пачыналіся з 96 тысяч рублёў (каля $32 000). Аднак цяпер на сайце прадаўца пазначана, што ў наяўнасці такіх машын няма і даступны яны толькі пад замову з заводу.
Што паказваюць продажы?
Па меры пашырэння мадэльнага шэрагу продажы машын беларускай зборкі растуць. Толькі за шэсць месяцаў 2026 года было сабрана 18 347 адзінак, што на 60% больш, чым за першае паўгоддзе 2025 года (11 442 адзінкі). Праўда, асноўны прырост дае Geely/Belgee. Што да новых марак, то найлепшая дынаміка ў Dongfeng і Forthing, якія належаць канцэрну Dongfeng Motor. Выглядае, што менавіта яны будуць ствараць сапраўдную канкурэнцыю для Geely/Belgee.
І калі пазітыўная дынаміка захаваецца, то Dongfeng Motor можа стаць першым сапраўды ўдалым праектам для шматпакутнага завода «Юнісон», на магутнасцях якога якія аўто толькі не збіралі.

Даведка пра «Юнісон»
На заводзе ў Абчаку з пераменным поспехам збіраюць аўтамабілі розных марак ужо на працягу трох дзесяцігоддзяў.
Пачыналася ўсё з Ford. Амерыканцы далі канвеер для зборкі аўтамабіляў, а таксама ўклалі каля $10 мільёнаў, наладзіўшы ў 1997 годзе выпуск мікрааўтобусаў Ford Transit і легкавікоў Ford Escort. Планавалася, што штогод прадпрыемства будзе выпускаць каля 6300 машын, асноўная частка якіх прызначалася для продажу ў Расіі.
Але да зварочвання вытворчасці ў 2000‑м у Беларусі ўдалося сабраць усяго каля 3600 аўто маркі Ford.
Пазней у Абчаку збіралі польскія мікрааўтобусы «Люблін», іранскія «Саманды», кітайскія Zotye, Opel Mokka / Chevrolet Tracker і нават Chevrolet Tahoe ды Cadillac Escalade.

Аднак ніводны з праектаў не змог стаць доўгатрывалым і паспяховым.
Магчыма, у выпадку з Dongfeng нарэшце ўсё атрымаецца, і завод «Юнісон» зможа пазбавіцца асацыяцыі з праклятым месцам, дзе кожны запуск зборкі новай маркі аўто з часам цярпіць фіяска.
Каментары
Забыли времена, когда шкодовки и фольсы, в базе, можно было купить от 13 тык.баксов, а европейский, японский, американский , корейский люксовик от 25 тык.баксов.
Зато власть не шатается!