«Да апошняга моманту верылі, што хвароба будзе пераможаная». Іна Кулей пра хваробу і смерць Аляксандра Мілінкевіча і яго спадчыну
У жніўні не стала Аляксандра Мілінкевіча — аднаго з самых вядомых айчынных палітыкаў, экс-кандыдата ў прэзідэнты, заснавальніка Руху «За Свабоду» і канцлера Вольнага беларускага ўніверсітэта (ВБУ). Яго смерць стала нечаканасцю, бо пасля складанай аперацыі пачалася рэабілітацыя, і падавалася, што Аляксандр ідзе на папраўку, але цуду не адбылося.

Удавой засталася Іна Кулей, якая доўгія гады была не проста жонкай, але і найбліжэйшай паплечніцай Мілінкевіча. У вялікай гутарцы з «Люстэркам» яна ўпершыню падрабязна расказала пра апошнія месяцы жыцця мужа, пра тое, чаму развітанне з ім прайшло на самым высокім дзяржаўным узроўні ў Польшчы і як вядомы палітык бачыў будучыню беларускай нацыянальнай адукацыі.
— Больш за сорак дзён прайшло ад смерці Аляксандра. Як вы гэты час трымаецеся, чым жывеце?
— Мяне заўсёды цікавіць пытанне «Як вы?». Як на яго адказаць? Жывая. Цяжкае пытанне… Увогуле жыццё працягваецца, таму трэба ісці далей, працаваць. Ёсць задачы, місія, справы. Таму трэба ўзяць сябе ў рукі, бо ў памяць пра Аляксандра варта шмат чаго зрабіць.
— У лістападзе мінулага года ваш муж трапіў на планавую аперацыю. Што пайшло не так?
— Я ўвесь час стаяла ў калідоры і зазірала ў вочы кожнаму лекару, які выходзіў з кабінета. Гэта была камп’ютарная аперацыя: зробленая не нажамі ці іншымі прыладамі, а менавіта ў камп’ютары праз вену. Працавала дасведчаная каманда. Спачатку ніхто не глядзеў на мяне, а пазней пачалі ўсміхацца і казаць, што ўжо вось-вось. І калі ўжо працэдура мусіла скончыцца, выйшаў хірург і паведаміў: «На жаль, у нас непрыемныя навіны. Давайце зойдзем».
Я зайшла ў залу, і ён паведаміў, што кроў з аорты хлынула ў мозг і здарыўся ацёк. Нам сказалі: «Рыхтуйцеся, таму што ён не будзе жыць». Адразу — то-бок што гэта здарыцца проста ў гэтую ноч. Мы з дзецьмі ўвесь час былі там.
Аляксандра перавялі ў інтэнсіўную тэрапію. Ён прабыў там практычна тры тыдні. І адтуль выпісваўся ў аддзяленне ўжо чалавекам, які ішоў на папраўку. Вынік аперацыі аказаўся непрадказальным нават для лекараў.
— Раскажыце, як праходзіла рэабілітацыя. На яе досыць хутка беларусы сабралі грошы. Як на гэта рэагаваў Аляксандр?
— Для яго гэта стала велізарнай маральнай падтрымкай. Да таго часу ён хварэў ужо некалькі месяцаў. Наведванні ў шпіталі былі абмежаваныя. Аляксандр знаходзіўся ў спецыяльным боксе з-за бактэрый, якія звычайна з’яўляюцца пасля інтэнсіўнай тэрапіі. Для яго толькі мы, сям’я, былі перадатчыкамі інфармацыі, навін. У яго было толькі радыё, якое дазвалялі [мець у палаце].

Калі ён даведаўся, што так хутка сабралі сродкі, для яго гэта быў проста штуршок да здароўя. Аляксандр адчуў, колькі людзей думаюць пра яго, падтрымліваюць. Гэта надало яму духоўныя сілы.
— Якія навіны да яго даходзілі, што вы абмяркоўвалі тады?
— Вельмі розныя тэмы. Я расказвала, што робіцца з сям’ёй. Прыходзілі таксама ўнучка, сыны, нявесткі. У коле сям'і стараліся расказваць заспакойлівыя рэчы, бо навіны ў свеце не вельмі добрыя, а ў Аляксандра было захворванне нервовага характару, таму патрабаваўся больш стабільны стан. Нягледзячы на гэта, безумоўна, ён слухаў і глядзеў падкасты, навіны. Заўсёды ўважліва сачыў за «Люстэркам», «Еўрарадыё», «Радыё Рацыя», «Нашай Нівай». Яго ўвесь час цікавілі [украінскі публіцыст] Віталь Портнікаў, [расійскі палітолаг] Андрэй Піянткоўскі. Ён слухаў гэта і дома, каб мець баланс і ведаць сітуацыю.
Чытаць было цяжка, хоць пэўны час ён мог гэта рабіць, а слухаць — цудоўна. Былі навушнікі, і правая рука заставалася рухомай, таму муж мог трымаць тэлефон. Ён даваў сваю ацэнку і быў у курсе абсалютна ўсіх падзей.
Мы абмяркоўвалі, што з працоўнымі справамі: з Вольным універсітэтам, прэміяй імя Васіля Быкава (якраз у гэты час ужо прайшла рада, так званая капітула па гэтай прэміі). Аляксандр даваў свае парады, гаварыў пра тое, як ён гэта бачыць. То-бок у нас была абсалютная ўпэўненасць, што ідзе да лепшага, на выздараўленне.
Канешне, тая падтрымка, якую сабралі на рэабілітацыю, вельмі дапамагала. Нягледзячы на тое што Аляксандр лячыўся па NFZ (Нацыянальны фонд аховы здароўя ў Польшчы. — Заўв. рэд.), то-бок гэта дзяржаўная медыцына, некаторыя рэчы, каб змагацца з бактэрыямі, мы рабілі праз кансультацыі з мікрабіёлагам, зоркай свайго накірунку. Нам дапамог звязацца з ёй наш знаёмы Андрэй Вітушка (вядомы беларускі анестэзіёлаг-рэабілітолаг. — Заўв. рэд.). Яна параіла лек, мы яго набылі. І некаторыя рэчы пайшлі вельмі станоўча і добра.
— Як сам Аляксандр ацэньваў свой стан і перспектывы? У мяне ён пакідаў уражанне чалавека рэалістычнага, які ніколі не дае фальшывых надзей, але пры гэтым заўсёды заставаўся аптымістам.
— Памятаеце, калі пытаюцца пра выбары 2006 года: як вы ішлі, ведаючы, што там немагчыма перамагчы? Трэба заўсёды верыць у тое, што ты робіш. Для Аляксандра гэта таксама было важна. Таму што ён моцны духам, вельмі адказны чалавек. І, канешне, да апошняга моманту мы верылі, што хвароба будзе пераможаная.
«У Беларусі годнага пахавання не будзе»

— Развітанне з Аляксандрам прайшло на высокім узроўні: прысутнічаў прадстаўнік Канцылярыі прэзідэнта Польшчы, імша адбылася ў адным з галоўных касцёлаў Варшавы. Патлумачце тым, хто не ведае жыццёвы шлях вашага мужа, чаму стаўленне ўладаў суседняй краіны да яго было такім?
— Аляксандр родам з Гродна. Гарадзенцы — гэта асаблівая каста, кола людзей, якое вельмі блізка адчувала польскае памежжа. Менавіта ў Гародні знаходзіцца Саюз палякаў у Беларусі (СПБ): велізарная арганізацыя, у лепшыя часы яна налічвала больш за 25 тысяч асоб. Стасункі з польскай дыяспарай заўсёды былі моцнымі і эфектыўнымі.
У дзяцінстве Аляксандр і ў сям'і чуў польскую мову — яго тата скончыў Варшаўскі ўніверсітэт, а потым яны з маці працавалі ў арганізацыі «Наш Дом» Януша Корчака(выхаваўчы прытулак для дзяцей, заснаваны ў 1919 годзе. — Заўв. рэд.). Таму для яго Польшча ніколі не была чужой ці замежнай дзяржавай. Гэта суседняя краіна — зразумелая, з якой увесь час былі вельмі добрыя стасункі.
Калі Аляксандра абралі намеснікам мэра Гродна, і пазней, калі ён стаў кіраўніком «Ратушы», ён шмат супрацоўнічаў з Саюзам палякаў. Пры ім былі адкрытыя польскія школы, было дадзенае памяшканне для СПБ. Супрацоўніцтва было настолькі цесным, што ўсе этнічныя палякі Гродна (такія як Тадэвуш Гавін, Анжаліка Борыс, Андрэй Пачобут) бліскуча размаўляюць па-беларуску. А большасць беларусаў, якія працавалі і жылі там (напрыклад, і сам Аляксандр Мілінкевіч, і Вітаўт Руднік, Сяргей Салей, хлопцы і дзяўчаты, якія працуюць сёння на «Белсаце»), — усе выдатна размаўляюць па-польску. Для іх гэта блізкая краіна.
Мой муж разам з вядомым беларускім палітыкам і гісторыкам Міхаілам Ткачовым, рэстаўратарам Уладзімірам Кіслым і нашым старэйшым сынам Аляксандрам знайшоў парэшткі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага — у касцёле ў Воўчыне Брэсцкай вобласці.
Гэтыя крокі былі высока ацэненыя польскай дзяржавай. Для Аляксандра ў прынцыпе і адкрыццё школаў, і супрацоўніцтва, і парэшткі караля не былі працай для чужой дзяржавы. Ён лічыў (і мы ўсе — свядомыя людзі — гэтак лічым), што гэта наша супольная гісторыя. Гэта нашы ваяры, якія змагаліся за вольнасць — шмат хто з іх, нарадзіўшыся на сённяшняй беларускай тэрыторыі, сталі героямі па ўсім свеце. Таму для яго было абсалютна нармальным рабіць такія рэчы. І яны былі ацэненыя высока, ён атрымліваў узнагароды за гэтыя дзеянні.
Калі з’явілася звестка пра яго смерць, я звярнулася да высокіх асоб у польскім урадзе. Вялікую ролю адыгралі Агнешка Рамашэўская (былая дырэктарка тэлеканала «Белсат»), Андрэй Пачобут, Ян Маліцкі (польскі гісторык, дырэктар праграмы Каліноўскага), Адам Халацінскі (спецыяльны прадстаўнік міністра замежных спраў). Гэта была шчырая штодзённая, штогадзінная падтрымка.
— Ці трэба было штосьці тлумачыць і змагацца?
— Не, проста рашэнне прымалася некалькі дзён. Не з-за таго, што ацэньвалі на вагах, ці варты гэтага Аляксандр. Але гэта супала з Днём Войска Польскага — былі святы, у такі час немагчыма прыняць рашэнне на высокім узроўні. Аляксандр памёр 11 жніўня, а рашэнне было прынятае 17-га. Але мне тэлефанавалі ўвесь час і казалі, што працэс ідзе і што на 90% ён будзе станоўчы.
Чаму мы прасілі пра пахаванне ў Варшаве? Па-першае, Аляксандр ніколі не хацеў быць крэміраваным, у яго не было такога жадання. Ён хацеў быць пахаваным у радавым склепе ў сваёй вёсцы Бершты — там, дзе ляжыць яго дзядуля Аляксандр Мілінкевіч, які кіраваў Таварыствам беларускай школы напачатку ХХ стагоддзя, чыя сям’я была змагарамі ў паўстанні 1863 года. Там жа пахаваная яго бабуля Ліда, таму і муж хацеў быць пахаваны там.

Уся сям’я пра гэта ведала. Але мы ведалі таксама, што ў сённяшняй сітуацыі перавезці цела ў Беларусь — гэта надзвычайная рэч. Мы гэта ведалі таму, што сябры малодшага сына з украінскай арганізацыі яшчэ ў часы, калі не было вайны, дапамагалі перавозіць памерлых украінцаў да сябе на радзіму. Гэта вельмі цяжкія бюракратычныя працэдуры.
Але самае галоўнае: мы былі ўпэўненыя, што ў Беларусі годнага пахавання не будзе. Нават блізкім людзям і сябрам забароніць КДБ ці яшчэ нехта, пагрозамі не дазволяць развітацца.
Таму, параіўшыся з сям’ёй, мы прынялі рашэнне звярнуцца да мясцовых уладаў. Дзякуй ім вялікі, яны ад самых вышэйшых асобаў (прэзідэнт пасмяротна ўзнагародзіў Аляксандра) да прэм’ер-міністра, міністра замежных справаў і мэра горада Варшавы пайшлі насустрач. Гэта было вельмі годна арганізавана.
«Шмат хто прыязджаў ужо пасля пахавання»
— Развітанне адбывалася ў касцёле Святога Яна, і там пахаваныя парэшткі Панятоўскага, якія знайшоў Аляксандр Мілінкевіч.
— Так, менавіта таму мы звярнуліся да кіраўніцтва гэтага касцёла. Для мужа ён быў важным. Да той пары, пакуль у касцёле Святога Аляксандра не з’явіліся імшы Божага Нараджэння па-беларуску, мы заўсёды прыязджалі да дзяцей (яны ў нас даўно неўязныя, усе «экстрэмісты») і хадзілі ў касцёл Святога Яна. Для мужа знаходжанне ў сутарэннях гэтага касцёла парэшткаў караля таксама духу дадавала.
Гэта самы важны касцёл Варшавы — архікафедральны. Калі мы звярнуліся, не ўзнікла нават пытання. Там у гэты час меўся быць канцэрт, і яго адразу адмянілі. Дазволілі папярэдне гадзіну на развітанне, і арганіст прыйшоў раней за імшу, каб зайграць. Кожны ішоў насустрач, гэта было прыемна.

Больш за тое, у суботу не хаваюць на Павонзках (ганаровыя вайсковыя могілкі ў Варшаве. — Заўв. рэд.), і для нас таксама зрабілі выключэнне. Гэта было важна, таму што шмат хто з людзей напісаў, што яны б хацелі прыехаць на пахаванне. Былі сябры, якія прыляцелі на адзін дзень з Сан-Францыска.
— Ці з Беларусі прыязджалі людзі?
— Іх было няшмат. Можна сказаць, яны адважныя людзі, таму што гэта гераічны ўчынак. Кожны ведаў, што за гэта могуць быць розныя наступствы. Але яны былі, гэта вельмі прыемна. Шмат хто прыязджаў ужо пасля пахавання. Я іх сустракала на могілках, таксама бачыла там паштоўку, дзе напісана: «Баранавіцкія актывісты ніколі вас не забудуць. Дзякуй вам за ўсё».
— Ад беларускіх уладаў хоць бы неафіцыйныя спачуванні былі?
— Не, абсалютна. Ні згадак, нічога. Некалькі інфармацыйных рэсурсаў з Гродна на сваю рызыку паставілі шмат матэрыялаў пра тое, што Аляксандр быў выбітным гарадзенцам, вядомым і важным для горада чалавекам. Гэта выклікала павагу, таму што старонкі маглі проста закрыць у адну хвіліну.
«Кожныя сем гадоў трэба абнаўляць сваё жыццё»
— У Аляксандра ў жыцці было шмат праектаў, але найважнейшым у апошнія гады стаў Вольны ўніверсітэт. У 2015‑м ён не стаў рэктарам ЕГУ, саступіўшы на выбарах амерыканцу Дэвіду Поліку. І тады Мілінкевіч сказаў, што гэтая ВНУ дрэйфуе не ў бок беларускасці. Гэта стала штуршком да з’яўлення ВБУ?
— Так, гэта сапраўды стала штуршком. Аляксандр часта казаў: як сцвярджаюць амерыканскія псіхолагі, кожныя сем гадоў трэба абнаўляць сваё жыццё, выбіраць іншую дарогу. У яго ўсе шляхі былі звязаныя паміж сабой, заўсёды на карысць Беларусі.
Ён ведаў, што ў палітычным жыцці мусяць быць выбары. Таму ў Руху «За Свабоду» праз выбарную працэдуру саступіў месца Юрасю Губарэвічу. І паўстала пытанне, чым займацца далей. Палітыкам ён усё роўна заставаўся, але на адной з імпрэз Станіслаў Шушкевіч разам з Алесем Бяляцкім сказалі Аляксандру, што зараз ідуць выбары ў ЕГУ: «Ты ж ведаеш, колькі і ты сам, і мы паклалі намаганняў, каб пераканаць, што калі ўніверсітэт у выгнанні называецца беларускім, то там мусіць быць беларускасць». Мы, праўда, шмат сіл на гэта патрацілі — я таксама, як кіраўнічка камітэта «Салідарнасць», бо ў ЕГУ вучыліся адлічаныя беларускія студэнты. Дзякуй тым людзям, якія тады там працавалі, — прарэктару Уладзіміру Дунаеву, Паўлу Церашковічу і ўсёй камандзе беларускіх выкладчыкаў. Яны стараліся, каб універсітэт набыў беларускі складнік.
Але рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў лічыў, што нават выкладаць па-беларуску немагчыма, бо слоў не хопіць у слоўніку. Ён нават казаў, што не ўяўляе, як выкладаць філасофію па-беларуску. Міхайлаў быў галоўнай асобай у ЕГУ, і з гэтым цяжка было змагацца. Таму, калі ішлі выбары новага рэктара, з’явілася адкрытае акно магчымасцей. Сябры і паплечнікі сказалі Аляксандру, што ён доктар навук, выкладаў ва ўніверсітэтах Гародні і Алжыра, глыбока беларускі, краязнаўца — «Гэта тваё месца». Муж адчуў, што гэта можа быць яго місія. Потым жартаваў, што хаця з выбарамі не атрымалася, але ён стаў асенізатарам (гэтае слова ўжываў са смехам), таму што ў гэтым універсітэце забурліла ўсё і непрывабныя рэчы выйшлі на паверхню. Гэта інспіравала пад’ём пытанняў, якія варта было вырашыць у ЕГУ, і некаторыя рэчы не адразу, але пайшлі на папраўку.
Калі выбары ён не выйграў, тыя ж Бяляцкі і Шушкевіч сказалі: «Трэба закладаць свае». Менавіта Станіслаў Станіслававіч (фізік, як вы ведаеце) лічыў, што ў сённяшняй сітуацыі класічны ўніверсітэт можа адысці на другую ролю, таму што людзі мабільныя, свет адкрыты, інтэрнэт развіваецца. Таму лічбавая ўстанова была б найбольш цікавай.

Шушкевіч параіў пачынаць зверху — не з бакалаўрыята, а рабіць паслядыпломнае навучанне для людзей, якія ўжо ведаюць, чаго хочуць, і прапаноўваць курсы, якія прынеслі б карысць будучай Беларусі.
У гэтым Мілінкевіч бачыў добрую рэч: нягледзячы на тое што мы практычна апошняя краіна ў рэгіёне, якая мусіць ісці шляхам дэмакратычных пераўтварэнняў, мы можам узяць досвед тых, хто ўжо прайшоў гэты шлях, і проста браць лепшае. Ідэя заключалася ў тым, што лепшыя прыклады рэформаў, кірункі развіцця суседніх краін (асабліва постсавецкіх) могуць быць ужытыя пазней у Беларусі. Трэба людзей, якія ўжо бачаць сябе ў кіраванні дзяржавай і эканомікай, уздымаць на сусветны ўзровень, каб яны адчувалі сябе нароўні.
Вось такія ідэі былі ў ВБУ, і яны спраўдзіліся. Сёння ў нас амаль 1200 выпускнікоў нашых курсаў з больш чым 30 краін. Выкладчыкі з ЗША, Францыі, Эстоніі, Польшчы. Палова з іх — нашы маладыя беларусы, якія абаранілі дысертацыі ў сваіх галінах і, нягледзячы на тое што працуюць ва ўніверсітэтах усяго свету, выдатна выкладаюць па-беларуску. Гэта свая разынка, якую мы вельмі хочам захаваць.
— Што цяпер уяўляе сабой Вольны ўніверсітэт як адукацыйная пляцоўка? Якія ёсць кірункі і курсы?
— Каб вызначаць курсы, мы двойчы на год праводзім даследаванні. Анкетуем студэнтаў і робім спецыяльную палявую частку, каб даведацца, якія кірункі [запатрабаваныя]. Мы гнуткія і гатовыя да змен. Таму што, калі параўнаць беларускую дыяспару пяць гадоў таму і сёння, запыты розныя. Цяпер людзі жадаюць больш адаптавацца ў краінах пражывання, устойліва сябе адчуваць. Але галоўны падмурак — нацыянальная свядомасць, веданне беларускай гісторыі. Гэта ў нас абавязкова, таму што дае ўнутраную беларускую годнасць.

За гэты час крышталізаваліся кірункі, якія найбольш запатрабаваныя і дакладна застануцца. Прыклад паказала «Школа лідарства» для тых, хто выпадкова трапіў у грамадскае жыццё і жадае навучыцца сістэмным пераўтварэнням, узаемадзеянню ў палітычным і НДА сектары ці палітычным жыцці. Другая прыступка — менеджмент арганізацый, дзе можна навучыцца вырашаць канфлікты, стратэгічна планаваць. Мы бачым, што на гэта ёсць попыт.
На гэтым прыкладзе ў нас з’яўляецца эканамічная школа. Былі асобныя курсы Mini-MBA, разам з універсітэтам у Лодзі — там заўсёды аншлаг. І курс «прадпрымальніцтва як стыль жыцця» разам са шведскім універсітэтам. Гэтыя тэмы вельмі цікавяць людзей, бо шмат хто адкрыў уласны бізнес.
Ёсць кірунак гісторыі, культуры, этнічных пытанняў. І курс, якім заўсёды займаўся Аляксандр, — «еўрапейская інтэграцыя і бяспека» — цяпер яго вядзе праграмны дырэктар ВБУ Алесь Лагвінец. На сённяшні момант гэта тэмы, над якімі мы дакладна будзем працаваць.
Асаблівасць Вольнага ўніверсітэта ў тым, што разам з партнёрамі мы даём сертыфікат — гэта акадэмічнае навучанне. І шмат курсаў яшчэ даюць крэдыты (заліковыя пункты. — Заўв. рэд.) для студэнтаў, то-бок іх можна залічыць у сваёй навучальнай установе.
— Вы згадалі, што Аляксандр Мілінкевіч адмовіўся ад ідэі класічнай навучальнай установы. Але ці разглядаў ён магчымасць з’яўлення акадэмічнага нацыянальнага ўніверсітэта, куды можа паступіць выпускнік школы — стаць бакалаўрам, потым магістрам, а пасля абараніць і доктарскую дысертацыю?
— Чаму не, гэта безумоўна. Аляксандр заўсёды лічыў: чым больш беларускага асяроддзя, магчымасцей і ўстаноў, тым лепш. Проста як фізіку яму ў галіне інтэрнэту бачылася вялікая будучыня. Тым больш ён шмат прачытаў прыкладаў устаноў у Францыі і Брытаніі — так званых універсітэтаў-аператараў. Яны практычна без штата супрацоўнікаў, туды запрашаюць выкладчыкаў чытаць курсы. Калі казаць пра ўніверсітэты, то спачатку трэба высветліць запатрабаванні.
Нішто не будуецца згары. Пачынаць трэба ад фундаменту. І найперш варта рабіць даследаванні: ці патрабуецца грамадству сёння такі беларускі ўніверсітэт і ў якой форме. Калі размова пра класічны ўніверсітэт — пытанне, наколькі гэта запатрабавана. А вось даследчы ўніверсітэт, дзе нашы навукоўцы могуць знайсці месца, гнуткая ўстанова з пэўнымі курсамі, на сённяшні момант запатрабаваны.
Таму я абедзвюма рукамі за. І Аляксандр таксама падтрымліваў, напрыклад, Алега Трусава, які працаваў з тэмай Нацыянальнага ўніверсітэта яшчэ ў Беларусі. Але проста я думаю, што тая каманда, якая гэтым займаецца, мусіць вывучыць грамадскую думку.
Каментары
Если раньше я категорически был против этого, то спустя 18 лет на это смотрю несколько под другим углом.... Но забывать ноябрь 1996г, и деяния луки целый 1999г ни в коим случае нельзя