У Полацку ўнук цягам дзевяці месяцаў абкрадаў дзеда, сцягнуў усяго 200 тысяч рублёў
20‑гадовы хлопец у гасцях у дзеда пабачыў, дзе той захоўвае зберажэнні. Праз некалькі дзён ён таемна забраў тысячу даляраў, піша БелТА.
Патраціўшы грошы, малады чалавек вярнуўся па дабаўку — 40 тысяч еўра. На гэтыя сродкі ён зняў пакой у Віцебску, зрабіў там рамонт, абнавіў мэблю і тэхніку, купляў адзенне, прадукты, алкаголь, а таксама траціў грошы на забавы.
Як толькі грошы сканчаліся, ён адпраўляўся да дзеда і браў з капілкі столькі, колькі яму было патрэбна.
Пазней малады чалавек пераехаў у Мінск, жыў на шырокую нагу — купляў дзяўчатам дарагія тэлефоны і рабіў падарункі (бытавую тэхніку) маці адной з іх.
Калі 67‑гадовы пацярпелы выявіў знікненне грошай (а высветлілася, што ён збіраў іх на жыллё для сваіх дзяцей), то звярнуўся ў міліцыю. Падазраванага ўстанавілі хутка. Сваю віну ўнук не адмаўляў.
Да моманту затрымання ён паспеў патраціць амаль усю наяўнасць, скрадзеную за дзевяць месяцаў, што ў эквіваленце склала 208 тысяч рублёў.
Заведзена крымінальная справа.
Каментары