Гісторыя22

Хто насамрэч пабудаваў туалет каля тэатра імя Янкі Купалы, пра які ёсць знакамітая легенда

Аўтар павільёна ў Аляксандраўскім скверы спраектаваў дзясяткі чыгуначных вакзалаў ва ўсёй Беларусі. А стаў завочна вядомым толькі дзякуючы мінскай байцы пра архітэктара, пакрыўджанага на заможнага заказчыка.

Былы туалет-рэцірада, а сёння будынак тэатральнай касы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Фота: Беларускі інстытут спадчыны

У 1912 годзе насельніцтва Мінска пераваліла за сто тысяч чалавек, і гарадская ўправа на чале са Станіславам Хржанстоўскім распачала маштабную мадэрнізацыю інфраструктуры. У горадзе пракладваліся новыя камунікацыі, ішла падрыхтоўка да запуску электрычнага трамвая, а раку Нямігу пачалі хаваць у бетонны калектар.

План першага грамадскага туалета ў Мінску на Ніжнім Рынку. 1892 г. Фота: фэйсбук Дзмітрыя Кішкілевіча

Востра паўстала і санітарнае пытанне ў цэнтры. Першы грамадскі туалет на шэсць месцаў у Мінску з'явіўся толькі ў 1892 годзе на Ніжнім Рынку (сёння раён плошчы 8 Сакавіка), пазней падобны пабудавалі ў Губернатарскім садзе (цяпер парк Горкага). Аднак яны былі драўлянымі.

Будынак зімовага гарадскога тэатра ў Мінску. Справа на заднім плане бачны грамадскі туалет. 1918 г. Фота: фэйсбук Дзмітрыя Кішкілевіча

Зімовы гарадскі тэатр, сёння вядомы як Купалаўскі, быў адкрыты ў 1890 годзе і не меў уласных прыбіральняў, а прымітыўныя драўляныя кабінкі на вуліцы абуралі публіку. Каб не псаваць эстэтыкі Аляксандраўскага сквера, улады абвясцілі конкурс на праект мураванага павільёна, які выглядаў бы як эстэтычны архітэктурны аб'ект.

Дзякуючы архіўным пошукам даследчыка Уладзіміра Дзянісава ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ўдалося вызначыць імя аўтара праекта. Ім стаў 40‑гадовы інжынер-архітэктар Генрык Генэла.

Праект каштаваў гарадскому бюджэту 5300 рублёў. Будынак атрымаў высокі цокаль, складаны ламаны дах, аздоблены фігурнымі франтонамі і венецыянскае трохстворкавае акно. Дах накрылі дарагой марсельскай чарапіцай, а сцены дэкаравалі ляпнінай. Унутры прастору падзялілі на дзве часткі: санітарную зону і пакой для вартаўніка, дзе паставілі класічную рускую печ з плітой. Падлогу выклалі чорна-белай тэракотавай пліткай фабрыкі «Dziewulski i Lange», а сантэхніку замовілі ў фірмы «Mor i Merellis».

Праект рэцірадаў у Мінску аўтарства архітэктара Генрыка Генэлы. Чарцяжы, выкананыя на так званай «сіньцы», з'яўляюцца копіямі арыгінальных, якія ствараліся з дапамогай спецыяльнага хімічнага метаду капіявання — цыянатыпіі. 1912 г. Фота: Беларускі інстытут спадчыны
Праект рэцірадаў у Мінску аўтарства архітэктара Генрыка Генэлы. 1912 г. Фота: Беларускі інстытут спадчыны

Інжынерным прарывам для дарэвалюцыйнага Мінска стала падземная частка: сцёкі траплялі ў спецыяльны рэзервуар, абсталяваны лакальнай станцыяй біялагічнай ачысткі, пасля чаго асенізатары раз на два тыдні вывозілі адфільтраваны асадак у бочках.

Будаўніцтва пад кіраўніцтвам падрадчыка Мойшы Гатоўскага пачалося ў жніўні 1912 года, але праз бесперапынныя восеньскія дажджы аб'ект давялося закансерваваць да вясны. Павільён урачыста прынялі ў эксплуатацыю 1 верасня 1913 года, пасля падключэння да гарадской электрасеткі. Уваход каштаваў 3 капейкі.

Забыты дойлід беларускіх вакзалаў

Генрык Генэла падчас вучобы ў Рызе ў форме карпарацыі «Вэлецыя». 1901 г. Фота: Беларускі інстытут спадчыны

Нягледзячы на значны ўнёсак у айчынную архітэктуру імя Генрыка Генэлы практычна не сустракаецца ў даведніках. Паводле даследавання Беларускага інстытута спадчыны, будучы архітэктар нарадзіўся 5 жніўня 1872 года ў мястэчку Таганча на Кіеўшчыне ў спаланізаванай італьянскай сям'і, чые продкі аселі ў Рэчы Паспалітай да яе падзелаў.

Закончыўшы рэальнае вучылішча ў Кіеве, Генэла паступіў у Рыжскую палітэхніку, дзе вучыўся ў 1895—1906 гадах і ўваходзіў у студэнцкую карпарацыю «Вэлецыя». Атрымаўшы дыплом інжынера-архітэктара, ён накіраваўся на службу ў Мінскае губернскае праўленне. Поўны спіс яго мінскіх праектаў таго перыяду дагэтуль чакае даследавання.

Супрацоўнікі Віленскай дырэкцыі дзяржаўнай чыгункі. Сядзіць другі злева Генрык Генэла, стаіць першы справа Тадэвуш Раствароўскі, за ім Гіпаліт Грынцэвіч. Фота: Беларускі інстытут спадчыны 

Пасля 1917 года архітэктар пераехаў у Вільню, пасяліўся на Антокалі. 1 красавіка 1920 года ён узначаліў Аддзел будынкаў Віленскай дырэкцыі дзяржаўнай чыгункі Польскай Рэспублікі. Да яго далучыліся выбітныя дойліды Тадэвуш Раствароўскі і Гіпаліт Грынцэвіч.

Праект вакзала ў Пінску, распрацаваны ў Аддзеле будынкаў Дарожнага ўпраўлення Віленскай дырэкцыі дзяржаўнай чыгункі (арх. Г. Грынцэвіч, 1925). Фота: Беларускі інстытут спадчыны

У 1921—1927 гадах гэты калектыў фактычна з нуля стварыў міжваенную чыгуначную сетку Заходняй Беларусі, аднаўляючы знішчаныя ў Першую сусветную вайну станцыі. Ім належыць аўтарства больш чым сарака вакзалаў, сярод якіх станцыі ў Берасці, Пінску, Жабінцы, Кобрыні, Скідзелі, Наваельні, Ражанцы, Мастах, Аранчыцах, Дарагічыне, Багданаве, Ваўкавыску, Слоніме, Росі і Свіслачы.

Паколькі архіўная дакументацыя аддзела страчана, вызначыць індывідуальны ўнёсак кожнага архітэктара складана. Аднак дакладна вядома, што Генэла і Грынцэвіч з'яўляюцца суаўтарамі станцыйнага комплексу ў Стоўбцах (1926) — адной з найлепшых рэалізацый польскай чыгуначнай архітэктуры таго часу.

Вакзал у Стоўбцах, збудаваны паводле праекта Генрыка Генэлы і Гіпаліта Грынцэвіча. 1932 г. Фота: Беларускі інстытут спадчыны

У 1920‑я гады Генэла таксама спраектаваў драўляную прыстань Таварыства акадэмічнага веславання ў Вільні (1926) і драўляны касцёл Святой Ганны ў Яшунах (цяпер Салечніцкі раён Літвы), які пабудавалі ў 1929 годзе.

Касцёл у Яшунах на Віленшчыне. 1971 г. Фота: Беларускі інстытут спадчыны
Праект вакзала ў Зулаве аўтарства Генрыка Генэлы. 1935 г. Фота: Беларускі інстытут спадчыны

З 1 красавіка 1928 года ён працаваў у варшаўскай Дырэкцыі дзяржаўных чыгунак. Сярод яго прац таго перыяду — станцыя Зулаў (1935) на лініі Падброддзе — Лынтупы, пабудаваная спецыяльна для абслугоўвання турыстаў, якія наведвалі мемарыяльны запаведнік на месцы нараджэння Юзафа Пілсудскага.

Генрык Генэла. 1947 г. Фота: фэйсбук Дзмітрыя Кішкілевіча

Падчас Другой сусветнай вайны Генэла прынцыпова адмовіўся працаваць на акупацыйныя ўлады, выконваючы толькі прыватныя замовы. Пасля здушэння Варшаўскага паўстання 1944 года быў прымусова вывезены з горада.

Пасля вайны 73‑гадовы пенсіянер вярнуўся на службу, каб да канца жыцця аднаўляць разбураную польскую чыгунку. Памёр Генрык Генэла ў 1948 годзе ў Варшаве, пахаваны на Брудноўскіх могілках.

Мінскі міф з Пецярбурга?

Шырокай публіцы будынак у Аляксандраўскім скверы вядомы выключна дзякуючы гарадской байцы. Згодна з легендай, заможны пан замовіў у архітэктара праект раскошнай сядзібы, але адмовіўся яму плаціць. У адказ дойлід нібыта за ўласныя грошы ўзвёў у цэнтры горада дакладную паменшаную копію панскага дома і размясціў там грамадскі туалет, каб зганьбіць замоўцу.

Як звяртае ўвагу тэлеграм-канал «Спадчына», гэты вандроўны сюжэт з'яўляецца літаральнай адаптацыяй пецярбургскага фальклору. У расійскай сталіцы існаваў больш маштабны міф пра купца Георгія Аляксандрава, які ў 1902 годзе нібыта рабіў прапанову маладой баранэсе, але атрымаў здзеклівую адмову. Каб адпомсціць, купец наняў архітэктара Аляксея Зазерскага будаваць прыбіральні ў выглядзе копій яе загараднай вілы проста пад вокнамі арыстакраткі. Калі жанчына пераязджала, купец будаваў чарговую «вілу» пад яе новымі вокнамі — так у Пецярбургу нібыта з'явіліся ажно тры прыгожыя туалеты, а баранэса была вымушаная ўцячы ў Маскву.

Мінская прыбіральня, узведзеная праз дзесяць гадоў пасля пецярбургскіх падзей, проста ідэальна ўпісалася ў гэты гатовы сюжэт. Як адзначае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, у гісторыі гэтага будынка не было ніякай драмы — яго ўзвялі таму, што ў суседнім тэатры першапачаткова проста не было ўласнага туалета, які быў жыццёва неабходны культурнай публіцы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • культурная публіка
    30.09.2026
    уяўляю дам у прыгожых доўгіх спадніцах у драўляным вясковым сарціры з дзіркай у падлозе..
    ха-ця.. ка-жуць, што ў Версалі ў часы Людовіка ХІV падчас баляў культурная публіка спраўляла патрэбу за шторамі і дзвярыма

Цяпер чытаюць

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў8

Светабноўлена, дапоўнена8

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў

Усе навіны →
Усе навіны

У Германіі мужчына спаліў гістарычнае распяцце XVII стагоддзя11

У Смаргонскім раёне аднавілі каплічку, якую знёс п’яны кіроўца. Але не так4

«Вусы Мулявіна» і «Крынж Еўфрасінні»: блогер АйЦіБарада зрабіў Alias па-беларуску5

У Латвіі рэзка павялічыўся збожжавы транзіт з Беларусі. За дзевяць месяцаў у 913 разоў больш, чым за ўвесь мінулы год13

У Расіі разбіўся стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-9518

Жанчына спрабавала патаемна правезці ў Беларусь пяць экзатычных яшчарак1

Заява Трампа аб перайменаванні штучнага інтэлекту выклікала бум інтэрнэт-даменаў у Славеніі1

«Шпіён у кішэні»: расійскі месенджар Max сочыць за карыстальнікамі і дапамагае блакаваць VPN13

Стваламазгавы імплант упершыню паставілі беларускаму дзіцяці. Хлопчык нарадзіўся цалкам глухім2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў8

Светабноўлена, дапоўнена8

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць