Кіраўніца «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская паведаміла, што перамагла рак
Вясной гэтага года кіраўніца «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская падзялілася сумнай навіной — у яе анкалагічная хвароба. Беларусы адгукнуліся і імгненна сабралі ёй неабходную суму грошай, каб падтрымаць падчас лячэння. Сёння жанчына паведаміла ў сацсетках, што ўсё было не дарма — ракавых клетак дактары ў яе больш не знаходзяць.

«Апошнія 9 месяцаў, здаецца, былі самымі цяжкімі ў маім жыцці. Не, я спадзяюся, што яны былі самымі цяжкімі і горш ужо не будзе…
Але ж у гэты самы час у мяне адчуванне, што беларусы ўзялі мяне на ручкі і пранеслі скрозь гэтую буру — і працягваюць несці… Я атрымала столькі цяпла, дабра і любові, што быццам бы смаку хопіць на ўсё жыццё! І гэта працягваецца! І гэта сыплецца на мяне з усяго свету, часам геаграфія проста ўражвае», — піша Галіна Казіміроўская.
«І таму я хачу праспяваць, пракрычаць, прынесці на ўвесь свет добрую навіну!!! Два тыдні таму мне зрабілі аперацыю і ў тым ліку забралі з розных куткоў майго цела тканкі на аналіз. І акурат сёння прыйшлі вынікі, і я пачула тое, што так доўга чакала — гэтай халеры больш няма! Раку няма! Перамагла!!!» — радуецца яна.
Праўда, наперадзе яшчэ дзве аперацыі, каб рак не вярнуўся, розныя даследаванні, імунатэрапія, рэабілітацыя, але святло ў тунэлі ўжо бачнае.
«Мне здаецца, я зараз больш жывая, чым год таму, нягледзячы на наступствы хіміі, галоўнае з якіх слабасць і бяссілле, якія ўсё яшчэ не даюць мне нармальна жыць. За гэты час хтосьці стаў вельмі блізкім, хтосьці сышоў у бок, штосьці стала вельмі важным, на што раней нават не звяртала ўвагі, а штосьці проста адпусціла…», — дзеліцца жанчына.
Напрыканцы яна піша:
«Я бясконца ўдзячная ўсім добрым людзям, якія мне дапамагаюць словам, справай, малітвай, усмешкай, плячом, думкамі, грашыма! Я б ніколі не справілася сама.
Я трохі навучылася быць слабой і не саромецца гэтага, атрымліваць дапамогу, аддаваць свае праблемы, так дзіўна, калі хтосьці вырашае твае праблемы, падзяляе тваю адказнасць. Так прыемна і проста прымаць любоў… […]
Я не магу пералічыць усіх, каго хачу абняць і каму я так удзячная, і не ведаю, як аддзячыць за ўсё гэта дабро… буду жыць».
Галіне Казіміроўскай ужо сабралі больш за 10 тысяч еўра на змаганне з анкалогіяй
«Бываюць проста болевыя запоі. Калі ты з болю не вылазіш…». Галіна Казіміроўская — пра барацьбу з анкалогіяй, хіміятэрапію і тое, чаму не ўмее прасіць дапамогі
Кіраўніца «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская сутыкнулася з цяжкай хваробай. За суткі ёй амаль сабралі вялікую суму, не хапае зусім крыху
Каментары
Дзякуй за надзею і працу!