Беларусь выдала ЗША амерыканскага бухгалтара, які амаль 10 гадоў хаваўся ў Расіі ад падатковай справы
Браяна Букера арыштавалі ў Беларусі па просьбе амерыканцаў у маі 2025 года. Год патрымалі ў сябе, а ўрэшце дэпартавалі ў Маямі — у рукі амерыканскай паліцыі.

Беларусь выслала ў ЗША бухгалтара Браяна Нельсана Букера. Яго абвінавачваюць у падатковых злачынствах і ў тым, што даваў уладам ілжывыя звесткі.
Паводле Міністэрства юстыцыі ЗША, Букер з'ехаў з ЗША ў 2016 годзе, калі даведаўся, што супраць яго вядзецца крымінальнае расследаванне.
Ён жыў у Расіі, якая так і не выдала яго амерыканскім уладам. У маі 2025 года Букера затрымалі ў Беларусі. Ён знаходзіўся пад вартай амаль год, пакуль не было прынятае рашэнне аб яго высылцы. 24 ліпеня 2026 года бухгалтар вярнуўся ў ЗША і быў затрыманы ў аэрапорце Маямі.
Паводле абвінавачання, Букер, валодаў панамскай кампаніяй, што гандлявала какава. Ён кіраваў ёю з Венесуэлы, Панамы і са свайго дома ў Фларыдзе. Следства сцвярджае, што ў 2011—2013 гадах ён не задэклараваў рахункі ў Швейцарыі, Сінгапуры і Панаме, хоць абавязаны быў падаваць па іх штогадовыя справаздачы. Акрамя таго, у падатковых дэкларацыях за 2010—2012 гады ён, паводле абвінавачання, паказаў не ўсе свае замежныя рахункі.
Букера таксама абвінавачваюць у тым, што ён скарыстаўся амерыканскай праграмай добраахвотнага раскрыцця замежных актываў і пры гэтым падаў ілжывую заяву. У ёй ён сцвярджаў, што не дэклараваў даходы і рахункі ненаўмысна.
Большае, другое ўдакладненае абвінаваўчае заключэнне супраць Букера федэральнае вялікае журы зацвердзіла яшчэ ў ліпені 2021 года.
За кожны эпізод незадэклараваных рахункаў і ілжывых звестак Букеру пагражае да пяці гадоў зняволення, а за кожны эпізод падачы ілжывых дакументаў у Падатковую службу ЗША (IRS) — да трох гадоў.
Каментары