Нарвежская палітычная эліта апраўдваецца перад парламентам за сувязі з Джэфры Эпштэйнам
У Нарвегіі 30 верасня пачаліся адкрытыя парламенцкія слуханні, прысвечаныя сувязям абвінавачанага ў сэксуальных злачынствах амерыканскага фінансіста Джэфры Эпштэйна з прадстаўнікамі нарвежскай палітычнай і дыпламатычнай эліты. Для дачы тлумачэнняў выклікалі 11 дзейных і былых міністраў, у тым ліку цяперашняга прэм’ер-міністра Ёнаса Гара Сцёрэ, паведамляе Reuters.

Камітэт парламента па кантролі і канстытуцыйных пытаннях правярае дзейнасць Міністэрства замежных спраў, у тым ліку размеркаванне сродкаў міжнароднай дапамогі, унутраныя механізмы кантролю і магчымы ўплыў асабістых сувязяў на дзяржаўныя рашэнні. Слуханні разлічаныя на два дні — 30 верасня і 1 кастрычніка.
Сцёрэ, які ў 2005—2012 гадах узначальваў Міністэрства замежных спраў, заявіў, што ніколі не меў адносін з Эпштэйнам. Паводле яго слоў, выяўленыя праблемы звязаныя з дзеяннямі асобных людзей, а не з сістэмным правалам міністэрства. Ён таксама заявіў, што некаторыя людзі, якія сябравалі з Эпштэйнам, прадэманстравалі вельмі няправільныя паводзіны.
Адным з галоўных пытанняў слуханняў стала фінансаванне Міжнароднага інстытута міру ў Нью-Ёрку (IPI), якім на працягу многіх гадоў кіраваў нарвежскі дыпламат Тэр’е Рэд-Ларсэн. Пасля публікацыі дакументаў пра Эпштэйна дэпутатаў зацікавілі як сувязі кіраўніка інстытута з фінансістам, так і тое, якім чынам арганізацыя атрымлівала дзяржаўныя сродкі Нарвегіі.
Першымі на слуханнях выступілі былыя міністры міжнароднага развіцця Эрык Сульхейм і Хейкі Эйдсвол Холмус. Абодва прызналі, што ў Міністэрстве замежных спраў было прасцей выдзяляць сродкі, якія можна было аднесці да дапамогі развіццю. Холмус патлумачыў падтрымку амерыканскіх аналітычных цэнтраў жаданнем уплываць на знешнюю палітыку ЗША.
Сульхейм адкінуў меркаванне, што IPI карыстаўся асаблівым стаўленнем дзякуючы асабістым знаёмствам. Ён таксама заявіў, што, наколькі яму вядома, ніколі не сустракаўся з Эпштэйнам.
Сярод выкліканых на слуханні — былы міністр замежных спраў Бёрге Брэндэ, які ў лютым пакінуў пасаду кіраўніка Сусветнага эканамічнага форуму пасля раскрыцця яго кантактаў з Эпштэйнам. Паводле звестак выдання Dagbladet, яны сустракаліся як мінімум тройчы. Брэндэ сцвярджаў, што не ведаў пра злачыннае мінулае фінансіста. Пазней ён папрасіў прабачэння за тое, што спачатку не расказаў журналістам пра сумесныя вячэры, перапіску і электронныя лісты.
Былога прэм’ер-міністра Турб’ёрна Ягланда на слуханні не выклікалі. У дачыненні да яго вядзецца асобнае расследаванне па падазрэнні ў карупцыі пры абцяжарваючых абставінах. Старшыня парламенцкага камітэта Пер-Вілі Амундсэн патлумачыў, што дэпутаты не маюць намеру ўмешвацца ў працу следства.
Паралельна працуе незалежная камісія з сямі чалавек, створаная парламентам вясной. Яна павінна праверыць, ці зрабілі асабістыя сувязі, кіраўніцкія практыкі і дзяржаўныя механізмы Нарвегіі ўладу ўразлівай для неправамернага ўплыву.
Расследаванне камісіі ахоплівае больш за 30 гадоў — пачынаючы з пагадненняў у Осла 1993 года паміж Ізраілем і Палесцінай. Канчатковы даклад яна павінна прадставіць да 31 студзеня 2028 года. Кіраўнік камісіі Амунд Д’ювэ падкрэсліў, што высновы будуць зробленыя пасля вывучэння дакументаў і апытання ўдзельнікаў падзей.
Былы нарвежскі прэм'ер Ягланд зрабіў спробу самагубства на фоне абвінавачання ў сувязях з Эпштэйнам
У Нарвегіі сур'ёзна ўзяліся за былога прэм'ера, які сябраваў з Эпштэйнам і спрыяў Пуціну
У Нарвегіі сына кронпрынцэсы затрымалі перад судом па справе аб сэксуальным гвалце. А сама прынцэса сябравала з Эпштэйнам
Каментары