У Паўднёвай Карэі 600 тысяч чалавек прыйшлі паглядзець на акулу, якая захрасла ў канале
У Паўднёвай Карэі 3,5‑метровая акула стала нечаканай турыстычнай славутасцю пасля таго, як захрасла ў вузкім канале. Паглядзець на драпежніцу ўжо прыйшлі больш за 600 тысяч чалавек, а мясцовыя ўлады нават надалі ёй званне ганаровай амбасадаркі Пусана, паведамляе Reuters.

Акулу ўпершыню заўважылі 18 верасня ў вузкім канале Паўночнага порта горада Пусана. Эксперты лічаць, што гэта бронзавая акула. Мяркуецца, што яна трапіла ў пастку, калі пераследвала здабычу, але пасля не змагла самастойна вярнуцца ў мора.
З таго часу акула стала папулярнай мясцовай славутасцю. Паводле ацэнак уладаў, прыбярэжны парк наведалі больш за 600 тысяч чалавек, якія хацелі ўбачыць жывёлу. У звычайныя выхадныя там бывае каля 2 тысяч турыстаў, а гэтым разам колькасць наведвальнікаў вырасла прыкладна ў 240 разоў — да 480 тысяч толькі за адзін з уік-эндаў.
Акулу назвалі Буканг-і — гэта назва ўтвораная ад карэйскага наймення Паўночнага порта. Пасля апытання ў сацыяльных сетках улады Пусана абвясцілі яе ганаровай амбасадаркай горада.
Мэр Пусана Чон Джа Су таксама прыйшоў паглядзець на акулу. Паводле яго слоў, у жывёлы сапраўды ёсць нешта зорнае: яна паказваецца кожныя 5—10 хвілін і выглядае вельмі прыгожа.
У дзень, калі акулу заўважылі, берагавая ахова ўжо спрабавала выгнаць яе з канала. Аднак пасля шасці гадзін аперацыю спынілі па рэкамендацыі навукоўцаў, якія папярэдзілі, што прымусовыя дзеянні могуць нашкодзіць жывёле або справакаваць яе на агрэсіўныя паводзіны.
У Нацыянальным інстытуце рыбалоўства паведамілі, што стан акулы пакуль стабільны, але магчымасці харчавацца і свабодна перамяшчацца ў яе абмежаваныя. Калі яна застанецца ў канале надоўга, гэта можа прывесці да аслаблення арганізма.
29 верасня берагавая ахова зноў спрабавала накіраваць акулу ў бок выхаду з канала, выкарыстоўваючы струмені вады. Аднак і гэтая спроба, як і папярэдняя, не дала выніку — акула не захацела пакідаць акваторыю. Наступную спробу вызваліць жывёлу спецыялісты плануюць зрабіць 2 кастрычніка.
З'яўленне акул у водах Паўднёвай Карэі само па сабе не з'яўляецца незвычайным. У першай палове 2026 года каля ўсходняга ўзбярэжжа краіны зафіксавалі 46 акул — амаль у чатыры разы больш, чым за той жа перыяд 2025 года. Спецыялісты звязваюць рост іх колькасці з павышэннем тэмпературы марской вады і павелічэннем колькасці рыбы, якая з'яўляецца натуральнай здабычай акул.
Каментары
ну кто-нить из праздных зевак свалится в воду)