Літаратура

«Да лейтэнанта прыехала маладая жонка, пабачыла, што адбываецца ў зоне, і застрэлілася». Выйшла заключная частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра ГУЛАГ і савецкі Мінск

Выйшла чацвёртая, фінальная частка ўнікальных успамінаў беларускага літаратурнага крытыка Рыгора Бярозкіна. Гэтыя запісы ахопліваюць шлях ад маскоўскай перасыльнай турмы і казахстанскіх лагераў да вяртання ў Мінск, дзе нават пасля рэабілітацыі і заступніцтва Аркадзя Куляшова ды Пятра Машэрава літаратар заставаўся для сістэмы чужым і небяспечным элементам.

Рыгор Бярозкін з кампазітарам Ігарам Лучанком. Фота: з асабістага архіва сям'і / storiesabout.ru

Праект «Не дай прапасці майму жыццю» — гэта расшыфроўка гутарак Рыгора Бярозкіна і маскоўскага літаратуразнаўцы Ісака Крамава, якія адбыліся ў сакавіку 1979 года. Запісы праляжалі ў стале больш за 40 гадоў, бо абодва суразмоўцы неўзабаве памерлі: Крамаў — у кастрычніку 1979-га, Бярозкін — у снежні 1981-га. Рукапісныя сшыткі, дзе почырк пад канец стаў амаль нечытэльным, расчытала і апублікавала даследчыца Маруся Шанаурына.

Як мы пісалі раней, у першых частках Бярозкін расказваў пра даваенны савецкі тэрор, даносы калег і сваё выратаванне падчас расстрэлу калоны вязняў у чэрвені 1941 года. Трэцяя частка была прысвечаная службе ў пасляваенным Берліне і другому арышту 19 ліпеня 1949 года, калі следчы сустрэў былога франтавіка пытаннем: «Ну і на чым жа мы спыніліся 22 чэрвеня 1941 года?».

Апошняя частка пачынаецца з этапавання асуджанага на дзесяць гадоў літаратара з мінскай турмы на ўсход. У публікацыю таксама ўвайшлі дадатковыя нататкі пра юнацтва крытыка і ягоныя асабістыя лісты да Крамава за 1966—1978 гады.

Эратычны Талстой для уркаганаў і сустрэча ў «чорным воране»

Пасля мінскага следства Бярозкіна ў сталыпінскім вагоне, набітым «як селядцы ў бочцы» ўперамешку з крымінальнікамі, адправілі ў Маскву — у перасыльную турму «Чырвоная Прэсня». Па дарозе ў «чорным воране», куды вязняў трамбавалі нагамі, у адзіночны бокс да Бярозкіна ўціснулі другога чалавека. У цемры ён зразумеў, што гэта жанчына.

Аказалася, што гэта Марыя Сасюра — жонка знакамітага ўкраінскага савецкага паэта Уладзіміра Сасюры. Сам паэт застаўся на волі, а яе арыштавалі. Бярозкін пазнаў яе, бо яны былі знаёмыя яшчэ з 1938 года па адпачынку ў Кактэбелі. Пазней яны зноў сустрэнуцца ў «чорным воране» па дарозе з перасылкі на маскоўскі вакзал.

У самой «Чырвонай Прэсні» панаваў тэрор блатных, якія адразу раздзявалі і рабавалі палітычных. Найбольш страшнымі, паводле ўспамінаў Бярозкіна, былі малалетнія злачынцы па 12 гадоў, якія былі гатовыя на ўсё. Каб уратавацца ад грабяжу і здзекаў, літаратурны крытык знайшоў сабе ролю «раманніка» — расказваў крымінальнікам сюжэты класічнай літаратуры.

Прэсненская перасыльная турма. Крыніца: pastvu.com

Паўголыя паханы ў татуіроўках, дзе партрэты Сталіна суседнічалі з голымі дзеўкамі, затаіўшы дыханне слухалі «Айца Сергія», «Трох мушкецёраў» і асабліва «Ганну Карэніну». Каб дагадзіць аўдыторыі, Бярозкін пераносіў дзеянне рамана Талстога ў выдуманую краіну і рабіў стаўку на эротыку:

«Пачынаў здалёк: «У адной з Англій жыў-быў кароль. У яго быў шафёр Вася. І дачка прыгожая, ды няма ратунку. Ганна — дачка караля. Вронскі — лорд». Працаваў на эротыцы. Вронскі меў Ганну разоў 80 і падрабязнасці. Гэта было галоўнае. Усё, што мог успомніць, усе падрабязнасці. Паханы — дыхаюць гучна. […] Мяне ўжо не рабавалі. (Айцец Сергій у маім аповедзе сякерай адсякаў сабе х*й — палец не пайшоў бы. Слухачоў ахопліваў кашмар)».

Там жа, на двары перасылкі, падчас фарміравання калон на эшалон Бярозкін запомніў 17‑гадовую інтэлігентную дзяўчыну з варонежскай падпольнай групы, якая хадзіла паміж людзей і пыталася: «Ленінцы сярод вас ёсць?». Ёй ніхто не адказаў.

Калейдаскоп ГУЛАГа: ад падпальшчыка Рэйхстага да беларускага перакладчыка «Фаўста»

Этап прывезлі ў Казахстан, у Чурубай-Нуру пад Карагандой, якая ўваходзіла ў сістэму Джэзказганлага. Пазней Бярозкіна перавялі пад Омск на будаўніцтва ЦЭЦ. Увесь свой тэрмін ён правёў на цяжкіх земляных работах: капаў шурфы на будаўніцтве шахты №6/7 без ніякай тэхнікі і экскаватараў, вазіў тачкамі зямлю і насіў на насілках цэмент. Прынцыпова не шукаў «цёплых месцаў» і пасад «прыдуркаў» — зняволеных на лёгкай гаспадарчай працы, — бо такія месцы оперупаўнаважаны звычайна раздаваў стукачам, а Бярозкін не хацеў, каб пра яго так думалі альбо казалі, што «яўрэйчык знайшоў цёплае месца».

Палітычныя зняволеныя ў шахце ў Джэзказгане, Казахстан. Фота: Wikimedia Commons

Лагер у апісанні Бярозкіна паўстае як зрэз усёй савецкай і еўрапейскай гісторыі ХХ стагоддзя. Першым, каго ён сустрэў у зоне, быў эстонскі капітан Іван Конга, у якога ў 1948 годзе ў нямецкім Ростаку сам жа Бярозкін браў інтэрв'ю пра «План Маршала» для газеты «Советское слово».

У лагеры сядзеў балгарскі камуніст Благой Попаў — адзін з фігурантаў знакамітага Лейпцыгскага працэсу аб падпале Рэйхстага ў 1933 годзе, якога апраўдалі нацысты, але ў 1937‑м у маскоўскім гатэлі «Люкс» арыштаваў НКВД.

Попаў расказваў, як другі фігурант таго працэсу, Васіл Танеў, памёр у яго на вачах на Варкуце ад крывавага паносу. Георгій Дзімітраў рызыкнуў прасіць за Попава перад Сталіным, але той прыцыкнуў на яго. На савецкія святы — 1 Мая і гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі — Попава ды іншых старых камуністаў адміністрацыя заўсёды садзіла ў БУР, барак узмоцненага рэжыму — аналаг ШІЗА ў лукашысцкіх лагерах. Бярозкін разам з гісторыкам Львом Гумілёвым, які таксама сядзеў у гэтым лагеры, гуляючы са словамі «бура» і «БУР», жартавалі з гэтага радкамі Лермантава: «А ён, мяцежны, прагне БУРа, нібыта ў БУРы ёсць спакой».

Васіл Танеў, Благой Попаў і Георгій Дзімітраў — балгарскія камуністычныя дзеячы, якія атрымалі сусветную вядомасць у 1933 годзе як галоўныя абвінавачаныя на Лейпцыгскім працэсе па справе аб падпале Рэйхстага ў Берліне. Фота: Wikimedia Commons

Сярод іншых вязняў былі былы дзеяч Венгерскай камуны 1919 года, які маліўся на верхніх нарах і казаў, што заслугоўвае чацвертавання за сваю былую слепату; стары піцерскі рабочы-пуцілавец Пяцюнчык, які падчас забівання казлоў у мёрзлую зямлю ўсё мучыўся тэарэтычным пытаннем, навошта Ленін штучна залічыў аднаконных сялян у пралетарыят; былы чырвоны камандзір са штаба Шчорса і дырэктар данецкага інстытута Табак-Шнайдэр, які ў зоне стаў палымяным прэсвітарам баптыстаў і складаў рэлігійныя гімны на матыў савецкіх маршаў: «Усявышні, Усявышні, Усявышні, вазьмі мяне разам з сабой» на мелодыю авіямарша «Усё вышэй, і вышэй, і вышэй».

За што садзілі людзей?

Танкіст і былы авіяцыйны падначалены маршала Блюхера Віця Салаўёў пасля вайны працаваў электрыкам на радыё ў Магнітагорску, не вытрымаў і крыкнуў у мікрафон на ўвесь горад: «Таварышы магнітагорцы, вы жывяце не ў горадзе, а ў канцлагеры, акружаным калючым дротам!». Яму далі расстрэл, які замянілі на 25 гадоў.

Хлапчук Вася са свавольства выпісаў бруёй на снезе слова «Сталін» — схапіла марозам, раніцай надпіс убачыў упаўнаважаны, і хлопца асудзілі за тэрарызм на вялікі тэрмін.

А вайсковы лётчык, які прымусіў прызямліцца нямецкі самалёт і зацікавіўся трафейнай машынай, атрымаў 10 гадоў за фразу: «Наш, мабыць, не горшы, але вось оптыка ў іх лепшая».

Асобнае месца ў лагеры займалі літаратары. Там сядзелі аўтар «Аповесці пра Хаджу Насрэдзіна» Леанід Салаўёў, літаратуразнаўца Барыс Сучкоў, які працаваў на зоне нарміроўшчыкам, і цэлая плеяда яўрэйскіх пісьменнікаў, разгромленых падчас кампаніі супраць «касмапалітаў»: Гірш Ашэровіч, Абрам Велядніцкі, Нафталі Герц Кон, Гесель Рабінкоў і франтавік Мотл Грубіян, які ў лагеры быў фельчарам.

Там жа Бярозкін сышоўся са сваім сябрам па даваенным Мінску, беларускім пісьменнікам і маладнякоўцам Сымонам Хурсікам. Яго ўпершыню арыштавалі яшчэ ў 1930 годзе па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і саслалі ў Іашкар-Алу. Там Хурсік вывучыў нямецкую мову, выкладаў у школе, у 1944‑м пайшоў на фронт у конны абоз, пад Беластокам на два дні трапіў у палон. Пасля вайны за гэтыя два дні палону і стары тэрмін 1930‑х гадоў ён атрымаў 25 гадоў ГУЛАГа. У казахстанскім лагеры Хурсік па памяці перакладаў на беларускую мову «Фаўста» Гётэ.

Забойствы ў бараках, брыгадзір-карнік і самагубствы ахоўнікаў

Адносіны паміж рознымі групамі зняволеных былі жорсткімі. Бярозкін вельмі рэзка выказваецца пра ўкраінскіх нацыяналістаў — «бандэраўцаў», якіх у лагеры была велізарная маса. Ён называе іх цёмнай і жорсткай масай, якую крыху стрымлівалі толькі іх святары.

Аднойчы да Бярозкіна падпоўз стары ўкраінец, якому крытык аддаваў дасланы сястрой тытунь, і папярэдзіў: «Слухай ты, сёння хлопцы будуць рэзаць жыдоў. Памяняйцеся месцамі». Пра тое самае папярэдзілі і Льва Гумілёва, якога таксама прынялі за яўрэя. Бярозкін пераходзіць на іншае месца адмовіўся, але разня чамусьці не адбылася. Затое на яго вачах малалетні армянін ударыў сякерай па галаве паэта з Літінстытута, паўгрэка-паўяўрэя, пасля чаго да Бярозкіна падышлі бандэраўцы і загадалі: «Нічога не бачыў».

Не менш складаным быў псіхалагічны партрэт былых вайскоўцаў. Пад Омскам брыгадзірам у Бярозкіна быў 30‑гадовы Вася Мацвееў, былы камандзір узвода Чырвонай Арміі, які сядзеў з 1945 года. Трапіўшы ў палон, ён служыў у немцаў у карных атрадах, але следства, імаверна, даведалася не пра ўсё, таму яго не расстралялі. Разумны і вясёлы хлопец, які жыў армейскімі жартамі, ён вельмі добра ставіўся да Бярозкіна, шкадаваў яго на цяжкіх работах. Літаратар тлумачыў гэтую дабрыню пакаяннем: аднойчы Мацвееў прызнаўся яму: «Калі б ты ведаў, што я рабіў з вашым братам. Ой… Успамінаць цяжка».

Сама сістэма лагераў ламала не толькі вязняў, але і тых, хто стаяў па іншы бок дроту.

Бярозкін згадвае, што да аднаго лейтэнанта аховы прыехала маладая жонка, пабачыла ўсё, што адбываецца ў зоне, пайшла ў цір і застрэлілася.

А пасля смерці Сталіна, калі ноччу ў бараку памёр рабочы і Бярозкіна выклікалі да оперупаўнаважанага, каб высветліць, ці не было гэта забойствам, чэкіст раптам пачаў апраўдвацца. Ён пахваліў скаргу, якую Бярозкін напісаў ад імя старога яўрэя, назваў начальства ў выпадку адмовы катамі і дадаў:

«Вы думаеце, я па сваёй волі пайшоў сюды? Я працаваў у Кіеўскім тэатры оперы і балета, валтарніст. Мяне загналі ў органы».

Выратаванне праз Куляшова і вяртанне ў Мінск

Пасля смерці Сталіна Бярозкін пачаў пісаць скаргі, але праз два месяцы атрымаў стандартны адказ: асуджаны правільна, справа перагляду не падлягае. Надзея з'явілася, калі ў часопісе «Новый мир» выйшаў верш Канстанціна Сіманава пра былога ваеннапалоннага. Бярозкін напісаў Сіманаву, але гэта не дапамагло. Тады паэт Мотл Грубіян параіў: «Напішы Куляшову — ён дэпутат».

Аркадзь Куляшоў. Фота: rounb.ru

Неўзабаве ад Аркадзя Куляшова прыйшоў афіцыйны адказ на дэпутацкім бланку з просьбай даслаць падрабязнае апісанне справы і абвінавачванняў. Праз некалькі месяцаў, у лістападзе 1955 года, Бярозкін атрымаў тэлеграму ад брата: «Ты вызвалены».

Вярнуўся ў Мінск Бярозкін фізічна вельмі слабым, ледзь жывы. У Мінску ў адным пакоі туліліся маці, сястра і брат.

Бярозкін адразу пайшоў да Куляшова. Паэт расказаў яму механіку вызвалення: атрымаўшы ліст з лагера, ён паехаў у Маскву і сустрэўся з галоўным рэдактарам «Нового мира» Аляксандрам Твардоўскім. Заяву на імя генеральнага пракурора СССР Рамана Рудэнкі з просьбай перагледзець справу падпісалі разам Твардоўскі, Сіманаў і ўкраінскі пісьменнік Вадзім Сабко, які аказаўся побач. Пракуратура справу перагледзела, але спачатку пакінула артыкул «за распальванне нацыянальнай варожасці», якога раней нават не было. Аднак неўзабаве Вярхоўны суд у Мінску пасля званка Петруся Броўкі зняў і гэтае абвінавачванне, цалкам рэабілітаваўшы крытыка.

Выгнанне з «Нёмана» і скандал вакол беларускай готыкі

Здавалася б, пачалося нармальнае жыццё, але цень былога і ідэалагічны кантроль нікуды не зніклі. Дванаццаць гадоў Бярозкін адпрацаваў у часопісе «Нёман». У 1966—1968 гадах выйшлі ягоныя вострыя рэцэнзіі на ўспаміны Аляксандра Ісбаха і асабліва на паэму Сяргея Смірнова «Сведчу сам», дзе праслаўляўся Сталін. Наверсе гэта выклікала шалёную злосць, у маскоўскім часопісе «Октябрь» крытыка пачалі цкаваць, і ў 1967 годзе з «Нёмана» яму давялося звольніцца.

Галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Нічыпар Пашкевіч узяў Бярозкіна да сябе загадчыкам аддзела літаратуры. Але як толькі ў 1969 годзе Пашкевіча перавялі ў Маскву, у «Правду», у газеце правялі «рэпрэсійку»: Бярозкіна панізілі да звычайнага літсупрацоўніка, бо кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў заявіла, што пасля рэцэнзіі на Смірнова яму нельга давяраць нават кіраўніцтва аддзелам. Прыйшлося звальняцца, але на працу яго больш нікуды не бралі.

Вокладка бюлетэню «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Фота: per.nlb.by

Куляшоў зноў пайшоў выручаць сябра — гэтым разам да першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава. Той выслухаў і загадаў загадчыку аддзела культуры ўладкаваць крытыка. Прапанавалі пайсці на 100 рублёў заробку — гэта было нашмат менш, чым у літаратурных выданнях — у бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», які выходзіў раз на тры месяцы.

Бярозкін узяўся за справу з вялікім захапленнем і за пяць гадоў ператварыў сухі бюлетэнь у папулярны ілюстраваны часопіс, які чыталі студэнты і навукоўцы. Але над ім паставілі нагляд. Старшынёй Таварыства аховы помнікаў, намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета БССР і намінальным галоўным рэдактарам выдання быў стары партработнік Іван Клімаў — былы першы сакратар Вілейскага, Маладзечанскага і Баранавіцкага абкамаў партыі пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР.

Бярозкін у запісах характарызуе Клімава максімальна жорстка: «дубіна, падонак, бязграматная сволач». 

Клімаў загадаў сачыць за Бярозкіным у абодва вокі як за «эстэтам і нацыяналістам», у рэдакцыі да яго ставіліся як да лазутчыка і дыверсанта, і як толькі бачылі, што на здымках зашмат цэркваў — адразу раздражняліся.

Царква Святога Міхаіла ў Сынкавічах — адзін з самых яркіх узораў беларускай готыкі. Беларуская спадчына і ў 1970‑я гады не давала спакою партыйным функцыянерам, пастаўленым быццам бы гэтую спадчыну ахоўваць і прапагандаваць. Фота: Wikimedia Commons

Канфлікт выбухнуў, калі Бярозкін даведаўся пра даследчыцу літоўскай архітэктуры з Вільні, запрасіў яе ў Беларусь, і тая напісала для часопіса бліскучы артыкул пра беларускую готыку з вялікай колькасцю фотаздымкаў старажытных храмаў, пераважна з Заходняй Беларусі.

У запісах імя даследчыцы не названае, але з бібліяграфіі часопіса можна зразумець, што гэта, верагодна, была вядомая літоўская гісторык архітэктуры Альге Янкявічэне: яе фундаментальны артыкул «Самабытныя рысы беларускай готыкі» выйшаў у першым нумары «Помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» за 1974 год.

Калі нумар выйшаў з друку, Клімаў тэрмінова склікаў рэдкалегію і ўсіх супрацоўнікаў ды пачаў крычаць на Бярозкіна:

«Што такое! Рэлігію адраджаць, опіум! Мы не рамане, мы славяне!»

Той факт, што ўсе гэтыя цэрквы і касцёлы знаходзіліся пад аховай самой жа дзяржавы як помнікі культуры, партыйнага функцыянера не цікавіў.

На пасяджэнні ніхто не адважыўся запярэчыць начальніку, а доктар архітэктуры Уладзімір Чантурыя публічна падтрымаў разнос Клімава: «Правільна». Забаўна, што сын Чантурыі, Юрый, сённяшні дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ, у тым жа нумары апублікаваў артыкул «Гістарычны цэнтр Навагрудка», у якім ніяк не мог бы абмінуць увагай беларускую готыку і старажытныя храмы горада. 

Пасля гэтага, калі ў рэдакцыю прыслалі яшчэ і новага адказнага сакратара, Бярозкін не вытрымаў, напісаў заяву і зноў пайшоў на вольныя хлябы — жыць з капеечных унутраных рэцэнзій для выдавецтваў.

«Чаму яўрэй піша пра нашу культуру?»

Адна з самых балючых тэм заключнай часткі ўспамінаў — статус Бярозкіна ў беларускай літаратуры і схаваны антысемітызм у пісьменніцкім асяроддзі 1970‑х гадоў. Яшчэ падчас следства ў 1949 годзе маёр Нячаеў казаў яму, што «яўрэйская мова — гэта код міжнароднага шпіянажу», а маладога следчага-яўрэя Ліфшыца, які паспрабаваў папярэдзіць Бярозкіна на допыце, праз некалькі дзён пасадзілі самога. Але і праз дзесяцігоддзі пасля Сталіна нацыянальнае пытанне нікуды не знікла.

Рыгор Бярозкін. Фота: сямейны архіў

Бярозкін пачынаў у маладосці з вершаў на ідышы, але ўсё жыццё прысвяціў беларускай паэзіі. Ён быў аўтарам першай кнігі пра Янку Купалу, выдадзенай у Беларусі па-руску, а ў 1976 годзе выйшла ягоная фундаментальная праца «Купала, Багдановіч і руская паэзія». Кніга мела вялікі поспех, ніводзін беларускі паэт не лічыў сябе па-сапраўднаму прызнаным, пакуль пра яго не напіша артыкул Бярозкін.

І пры гэтым у Саюзе пісьменнікаў БССР крытык быў нікім — яго не ўключалі ні ў праўленне, ні ў бюро. Калегі пісалі пра ягоныя кнігі скрозь зубы, бо іх раздражняла, што пра беларускіх класікаў піша яўрэй:

«Вы вельмі добра напісалі пра нашага Багдановіча». Часам думаю — яны маюць рацыю. Навошта я лезу? І хочуць, каб хваліў, і непажаданы як з'ява. Недзе іх можна зразумець. У мяне ёсць усведамленне сваёй непаўнавартаснасці. Траўміруе іх нацыянальную свядомасць. Я нават іх разумею».

У спрэчцы з адным беларускім паэтам-антысемітам Бярозкін сфармуляваў сваю пазіцыю так: пра веліч і значэнне той ці іншай культуры можна меркаваць па тым, наколькі яна прыцягальная для прадстаўнікоў іншых нацый.

І як прыклад прыводзіў самога Янку Купалу, які вельмі любіў яўрэя Змітрака Бядулю і лічыў яго найлепшым знаўцам беларускай фальклорнай мовы. Тым не менш, у прыватным лісце да Крамава яшчэ ў 1966 годзе, паведамляючы пра смелы выступ Васіля Быкава на з'ездзе пісьменнікаў, сам Бярозкін у хвіліну дэпрэсіі і хваробы з горыччу пісаў пра ўласныя кнігі: «па-першае, яны па-беларуску, а па-другое, дрэнныя — не маюць значэння для жыцця».

Запісы Ісака Крамава заканчваюцца сцэнай іх апошняга вечара 17 сакавіка 1979 года ў Маскве, перад самым ад'ездам Бярозкіна назад у Мінск.

Карціна Міхаіла Савіцкага «Летні тэатр» (1975) з цыклу «Лічбы на сэрцы». 

Цяжка хворы пасля анкалагічнай аперацыі і апраменьвання, крытык прывёз з Мінска рэпрадукцыю новай карціны Міхаіла Савіцкага на лагерную тэматыку (відаць, гаворка ідзе пра знакамітае палатно «Летні тэатр», хоць яно і адрозніваецца ад апісання далей). На палатне на фоне гары голых целаў і нямецкага ката быў намаляваны вязень са страшным тварам звар'яцелага забойцы і адначасова ахвяры катаванняў — на адной назе, у пакорлівым жэсце выканаўцы загадаў ката, і з зоркай Давіда ды надпісам «Jude» на грудзях.

Бярозкін быў узрушаны гэтым вобразам і нават тэлефанаваў у Маскве галоўнаму рэдактару яўрэйскага часопіса «Саветыш Геймланд», але той спалохана адказаў, што карціну «можна трактаваць па-рознаму».

Пасля гэтага сябры паехалі на вакзал. Пажылы і знясілены Бярозкін блытаў вагон, ледзь паспеў сесці ў цягнік і, калі той ужо крануўся, сказаў з тамбура свайму сябру фразу, якая праз дзесяцігоддзі стала назвай гэтай кнігі: «Ізя, не дай прапасці ўсяму, што я табе расказаў».

Рыгор Бярозкін з дзецьмі. Фота: з асабістага архіва сям'і

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

«Рускай мовы мой сын не чуе». Маргарыта Ляўчук — пра выклікі мацярынства, вяртанне на вялікую сцэну, абражанага Лукашэнку і каханне5

«Рускай мовы мой сын не чуе». Маргарыта Ляўчук — пра выклікі мацярынства, вяртанне на вялікую сцэну, абражанага Лукашэнку і каханне

Усе навіны →
Усе навіны

У Польшчы палітычны крызіс, справакаваны змаганнем за Канстытуцыйны трыбунал. Наўроцкі развярнуў самалёт і тэрмінова вярнуўся21

«Хто праз вёску едзе — спыняецца, фатаграфуе». Беларуска расказала пра гісторыю векавога дрэва на сваёй сядзібе2

Бяляцкі: Не трэба спяшацца адмяняць санкцыі. Бо гэта будзе ўспрынята рэжымам як яго перамога і слабасць Еўропы28

У Польшчы будуць судзіць банду, якая рабавала грузавікі. З 13‑ці падсудных пяцёра беларусы

У «Белавія» расказалі, чаму ў авіякампаніі так шмат начных рэйсаў

Махляры нагрэлі двух мужчын на 101 чырвонай ружы

У Нарвегіі адрэагавалі на абразлівае выказванне Трампа з гумарам — падборкай дызайнерскіх прыбіральняў ФОТЫ1

«Не збіраюся стрымлівацца». Эстонскі прэм'ер адказаў на просьбу Пентагона не называць Пуціна пацуком8

«Белпошта» з 1 лістапада не будзе прымаць камерцыйных пасылак у Еўрасаюз3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Рускай мовы мой сын не чуе». Маргарыта Ляўчук — пра выклікі мацярынства, вяртанне на вялікую сцэну, абражанага Лукашэнку і каханне5

«Рускай мовы мой сын не чуе». Маргарыта Ляўчук — пра выклікі мацярынства, вяртанне на вялікую сцэну, абражанага Лукашэнку і каханне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць